ДАВЫДЗЕ́НКА (Ніна Сцяпанаўна) (н. 8.5.1933, г. Віцебск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1952). З 1952 салістка, у 1973—83 педагог-рэпетытар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Майстэрства Давыдзенкі вызначае лёгкасць, тэхн. дасканаласць танца, шчырасць і натуральнасць у перадачы пачуццяў гераінь. Выконвала разнапланавыя партыі ў балетах сучаснага, у т. л. бел., і класічнага рэпертуару: Ларыса («Аповесць пра каханне» В.​Залатарова), Насця, Анежка («Падстаўная нявеста» і «Святло і цені» Г.​Вагнера), Наталька («Выбранніца» Я.​Глебава), Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана), Папялушка («Папялушка» С.​Пракоф’ева), Хасінта («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры, Гамзаці («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Жызэль, Медора («Жызэль», «Карсар» А.​Адана), Сольвейг і Доўрская дзяўчына («Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга), Анель і Францыска («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса). Шмат працавала з самадзейнымі калектывамі.

Літ.:

Чурко Ю. Ніна Давыдзенка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3.

А.​І.​Калядзэнка.

т. 5, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)