Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́РКІ,

горад, цэнтр Горацкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Проня, пры ўпадзенні ў яе р. Парасіца. Вузел аўтадарог на Оршу, Магілёў, Чавусы, Мсціслаў, Смаленск. За 86 км ад Магілёва, 3 км ад чыг. ст. Пагодзіна на лініі Орша—Крычаў. 32,8 тыс. ж. (1997).

Паводле дакумент. крыніц вядома з 1544 як сяло, з 17 ст. — цэнтр Горы-Горацкага маёнтка. У 17—19 ст. называліся Горы-Горкі. З 1584 належалі Сапегам. У 1619 атрымалі самакіраванне. У 1-й пал. 17 ст. згадваюцца як горад. З 1717 належалі кн. А.Д.Меншыкаву, графам М.А.Патоцкаму, Я.М.Салагубу. З 1772 у Рас. імперыі; мястэчка ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — Аршанскага, потым Копыскага пав. Магілёўскай губ. У 1780 у Горках 992 ж. У 1795 — 1820 дзейнічала Горацкая суконная мануфактура, двойчы ў год праходзілі кірмашы. У 1829 Горкі канфіскаваны ў царскую казну. З 1840 працавала Горы-Горацкая земляробчая школа, у 1848—64 Горы-Горацкі земляробчы інстытут. З чэрв. 1861 Горкі — горад, цэнтр Горацкага павета. У 1867 зацверджаны герб: у залатым полі 3 чорныя горкі, з якіх вырастаюць зялёныя каласы. У 1879—80 дзейнічаў Горы-Горацкі народніцкі гурток. У 1897 — 6737 ж. Да сак. 1924 у Гомельскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Горацкага раёна БССР. У 1939 у Горках 22,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 12.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Горках і раёне 2530 чал. Дзейнічала Горацкае патрыятычнае падполле. Вызвалены 26.6.1944 у ходзе Магілёўскай аперацыі 1944. У 1970 — 22,1 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч., мясц. прам-сці. Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (19 ст.). Брацкая магіла падпольшчыкаў і ахвяр фашызму, брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму, магіла сав. ваеннапалонных.

У.М.Ліўшыц.

т. 5, с. 360

ГО́РКІ,

вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на У ад Лепеля, 123 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Заслонава. 295 ж., 100 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 360

ГО́РКІ Максім

(сапр. Пешкаў Аляксей Максімавіч; 28.3.1868, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 18.6.1936),

рускі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Ганаровы акадэмік АН БССР (1932). З 1878 працаваў служкай, грузчыкам, пекарам, дворнікам і інш. З 1884 жыў у Казані, удзельнічаў у нелегальных народніцкіх гуртках. У 1888—89 і 1891—92 вандраваў па Расіі. За ўдзел у арганізацыі падп. друкарні ў 1901 высланы з Ніжняга Ноўгарада. Удзельнічаў у Снежаньскім узбр. паўстанні 1905. У 1906 выехаў у Амерыку, потым — у Італію, жыў на в-ве Капры (1906—13). У 1913 вярнуўся ў Расію. Узначальваў выд-ва «Всемирная литература» (1918—24). У 1924—31 жыў у Сарэнта (Італія). З 1931 у СССР. Засн. шэраг часопісаў, кніжных серый, у т. л. «Жыццё выдатных людзей», «Бібліятэка паэта» і інш. Ініцыятар 1-га з’езда (1934) і 1-ы старшыня Саюза сав. пісьменнікаў. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне ідэйна-эстэт. прынцыпаў сав. л-ры.

У друку ўпершыню выступіў з апавяданнем «Макар Чудра» (1892). У яго ранняй творчасці спалучаліся рамантызм і рэалізм. У алегарычных творах («Песня пра Сокала», 1895, «Песня пра буравесніка», 1901) адлюстраваліся погляды Горкага на рэвалюцыю. Шырокі рэзананс меў зб. «Нарысы і апавяданні» (т. 1—3, 1898—99). У рэаліст. творах (раманы «Фама Гардзееў», 1899; «Трое», 1900—01, і інш.) паказаў Расію напярэдадні 20 ст. У драме «Мяшчане» (паст. 1902), п’есах «На дне» (1902), «Дачнікі» (1904), «Дзеці сонца» (1905), «Варвары» і «Ворагі» (1906) адлюстраваў перадрэвалюцыйныя працэсы ў рас. грамадстве. У рамане «Маці» (1907) спачувальна паказаў нарастанне рэв. руху ў Расіі. Аповесці «Лета» і «Гарадок Акураў» (1909), «Жыццё Мацвея Кажамякіна» (1910—11) пра рус. сялянства і мяшчанства. Патрыятычнымі настроямі прасякнуты «Казкі пра Італію» (1911—13), цыкл апавяданняў «Па Русі» (1912—17). У публіцыстычнай кн. «Несвоечасовыя думкі» (асобнае выд. 1918) крытыкаваў узяты У.І.Леніным курс на рэвалюцыю, сцвярджаў пра яе дачаснасць і разбуральныя вынікі. Напісаў аўтабіягр. трылогію («Дзяцінства», 1913—14; «У людзях», 1916; «Мае універсітэты», 1923), раман «Справа Артамонавых» (1925), п’есы «Ягор Булычоў і іншыя» (паст. 1932), «Дасцігаеў і іншыя» (1933), «Васа Жалязнова» (1936, 1-я рэд. 1910), у якіх зноў звярнуўся да паказу жыцця Расіі да 1917. Аўтар літ. партрэтаў «Леў Талстой» (1919), «У.Г.Караленка» (1923), «Сяргей Ясенін» (1927) і інш. Апошні твор — няскончаны раман-эпапея «Жыццё Кліма Самгіна» (ч. 1—3, 1927—31, ч. 4, 1937) у надзвычай згушчанай, насычанай форме адлюстраваў падзеі перадрэвалюцыйных дзесяцігоддзяў.

Горкі першы з рус. пісьменнікаў звярнуў увагу на бел. л-ру, даў высокую ацэнку творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. Пераклаў на рус. мову верш Я.Купалы «А хто там ідзе», які назваў нацыянальным гімнам беларусаў. Цікавіўся бел. фальклорам. З 1896 у сваяцкіх адносінах з сям’ёй А.Я.Багдановіча. У 1929 у час вяртання на радзіму на ст. Негарэлае яго сустракалі Я.Купала, Ц.Гартны, А.Александровіч, у 1931 — К.Крапіва, П.Галавач і інш. На бел. мову творы Горкага перакладалі Т.Гардзялкоўская, К.Чорны, М.Гарэцкі, Э.Самуйлёнак, П.Глебка, К.Крапіва, М.Лынькоў, А.Куляшоў, Я.Брыль, Э.Агняцвет, З.Астапенка, С.Баранавых, В.Вітка, Ю.Гаўрук, А.Зарыцкі, М.Лобан, М.Машара, Я.Скрыган, Т.Хадкевіч, У.Хадыка, А.Якімовіч. П’есы Горкага неаднаразова ставіліся і на сцэнах бел. т-раў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—25. М., 1968 — 76;

Архив А.М.Горького. Т. 1—14. М., 1939—76;

Бел. пер.Зб. твораў. Т. 5—13, 16—20, 23—24. Мн., 1935—38 (т. 1—4, 14—15, 21—22 не выд.);

Архіп і Лявонка. Вільня, 1910;

Зброднік. Канавалаў, Чалкаш. Мн., 1930;

Справа Артамонавых. Мн., 1941;

Маці. Мн., 1941;

Дзяцінства. Мн., 1949;

У людзях. Мн., 1952;

Мае універсітэты. Мн., 1953;

Казкі. Мн., 1968.

Літ.:

Летопись жизни и творчества А.М.Горького. Вып. 1—4. М., 1958—60;

Десницкий М.В. А.М.Горький: Очерки жизни и творчества. М., 1959;

Михайловский Б., Тагер Е. Творчество М.Горького. 3 изд. М., 1969;

Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;

Ивашин В.В. М.Горький и белорусская литература начала XX в. Мн., 1956;

Ларчанка М. Славянская супольнасць. Мн., 1963;

Максім Горкі і Беларусь: Зб. арт. і ўспамінаў. Мн., 1968.

М.П.Кенька.

т. 5, с. 360

ГО́РКІ КАШТА́Н,

гл. Конскі каштан.

т. 5, с. 361

ГО́РЛАЎКА,

горад на Украіне, у Данецкай вобл. Засн. ў 1867. 345 тыс. ж. (1987). Чыг. вузел. Асн. галіны прамысл.: кам.-вуг., маш.-буд. (вугальныя камбайны і інш.), хім. і коксахім., металургічная. Развіты харчасмакавая (мясная, малочная і інш.), лёгкая (трыкат., швейная і інш.), дрэваапр. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Ртутны камбінат. Пед. ін-т замежных моў. Гіст.-рэв. і маст. музеі.

т. 5, с. 361

ГО́РЛЕНКА Соф’я Уладзіміраўна

(н. 17.7.1924, г. Варонеж, Расія),

бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі, мікалогіі і аховы раслін. Д-р біял. н. (1975), праф. (1991). Скончыла Варонежскі ун-т (1947). У 1960—96 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні хвароб інтрадукаваных раслін, рэгуляцыі фітапаталагічнай сітуацыі ў штучных фітацэнозах, біятэхналагічных праблемах.

Тв.:

Указатель возбудителей болезней цветочно-декоративных растений. Вып. 7. Л., 1980 (разам з Г.А.Дзьякавай);

Устойчивость древесных интродуцентов к биотическим факторам. Мн., 1988 (разам з А.І.Блінцовым, Н.А.Панько);

Болезни и вредители клюквы крупноплодной. Мн., 1996 (разам з С.У.Бугам).

т. 5, с. 361

ГОРН

(ад ням. Horn рог),

медны духавы муз. інструмент без вентылей, з канічным каналам. Выкарыстоўваюць для падачы сігналаў у арміі.

т. 5, с. 361

ГОРН

(Cabo de Hornos, Hoorn),

мыс на в-ве Горн (архіпелаг Вогненная Зямля), самы паўд. пункт Паўд. Амерыкі (55°59′ паўд. ш. і 67°16′ зах. д.). Адкрыты ў 1616 галандцамі Я.Лемерам і В.Схаўтэнам. Уваходзіць у склад нац. парку Мыс Горн (Чылі).

т. 5, с. 361

ГОРН

(Horne, Hoorn, Hornes) Філіп II дэ Манмарансі (Montmorency; 1524, Невель, каля г. Гент, Бельгія — 5.6.1568),

граф, адзін з лідэраў антыісп. дваранскай апазіцыі ў пач. Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. Чл. нідэрландскага Дзярж. савета (1561—65), адмірал фландрскага флоту, штатгальтэр Гелдэрна і Зютфена. Разам з Вільгельмам І Аранскім і Л.Эгмантам выступаў супраць каралеўскага абсалютызму і інквізіцыі. У 1565, у знак пратэсту супраць закону аб ерэтыках, выйшаў з Дзярж. савета. Спадзеючыся на прымірэнне з Іспаніяй, прысягнуў у 1567 Філіпу II Іспанскаму, аднак пасля прыбыцця ў Нідэрланды герцага Ф.Альбы быў разам з Эгмантам арыштаваны, абвінавачаны ў змове і пакараны смерцю.

т. 5, с. 361

ГО́РНА,

канал Горна, рака ў Кармянскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. Дняпра). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 109 км². Пачынаецца за 2 км на Пд ад в. Багданавічы. Ад вытоку на працягу 11,3 км рэчышча каналізаванае.

т. 5, с. 361