Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РЫГЕ́НЯ Станіслаў, бел. дойлід 1-й пал. 17 ст. Жыў у в. Мікулічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Удзельнічаў у буд-ве сядзібы ў в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага р-на і інш. сядзіб Койданаўскага графства.

т. 13, с. 490

РЫГІ́ДНАСЦЬ (ад лац. rigidus цвёрды),

1) у фізіялогіі — функцыянальны стан шкілетных мышцаў, які характарызуецца рэзкім павышэннем іх тонусу і супраціўляльнасцю дэфармуючым намаганням. У чалавека ўзнікае пры парушэннях, пашкоджанні дзейнасці ц. н. с. і паталаг. раздражненні перыферычных нерваў. Напр., пры атручэнні некат. ядамі, захворваннях нерв. сістэмы, таксама пад гіпнозам узнікае стан пластычнага тонусу: мышцы становяцца воскападобнымі, таму канечнасцям можна лёгка надаць любое становішча на працяглы час. 2) У медыцыне — нягнуткасць, здранцвеласць, выкліканая напружаннем мышцаў. Стан, пры якім зніжана прыстасавальнасць, пераключальнасць псіхічных працэсаў да зменлівых патрабаванняў асяроддзя. Пластычны тонус мышцаў характэрны для асаблівага стану нерв. сістэмы, які наз. васковай Р., або каталепсіяй.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 490

РЫД ((Reed) Джон) (22.10.1887, г. Портленд, штат Арэгон, ЗША — 17.10.1920),

амерыканскі пісьменнік-публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т (1910). З 1911 супрацоўнік сацыяліст. час. «Masses» («Масы»). У 1914 камандзіраваны ў Мексіку, дзе быў сведкам падзей Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17; свае ўражанні адлюстраваў у кн. «Паўстаўшая Мексіка» (1914), у якой спачувальна паставіўся да мекс. рэвалюцыянераў і асуджаў умяшанне ЗША у справы Мексікі. У 1-ю сусв. вайну карэспандэнт на франтах Еўропы (кн. «Вайна ва Усходняй Еўропе», 1916). Са жн. 1917 да лют. 1918 у рэв. Петраградзе, дзе стаў сведкам Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, падзеі якой прыхільна адлюстраваў у маст.-дакумент. кнізе «10 дзён, якія скаланулі свет» (1919). Пасля вяртання ў ЗША далучыўся да левага крыла Сацыяліст. партыі, у 1919 быў адным з заснавальнікаў Камуніст. рабочай партыі ЗША. З кастр. 1919 зноў у Расіі. Чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала. Памёр у Маскве. Пахаваны на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Кн. 1—2. М., 1987.

Літ.:

Краснов И.М. Джон Рид: правда о Красной России. М., 1987.

т. 13, с. 490

РЫД ((Reid) Томас Майн) (4.4.1818, Баліроні, Ірландыя — 22.10.1883),

англійскі пісьменнік. З 1838 жыў у ЗША, займаўся журналістыкай. У 1849 вярнуўся ў Еўропу. Першы раман «Вольныя стралкі» (т. 1—2, 1850) пра нац.-вызв. рух у Мексіцы. Аўтар авантурна-прыгодніцкіх раманаў «Белы правадыр» (т. 1—3, 1855), «Квартэронка» (т. 1—3, 1856), «Ацэола, правадыр семінолаў» (1858), «Коннік без галавы» (т. 1—2, 1866, экранізаваны 1972), «Смяротны стрэл» (т. 1—3, 1873) і інш., у якіх жыццё, побыт і норавы амер. Поўдня, трагічны лёс амер. індзейцаў і неграў. У трылогіі «У нетрах Паўднёвай Афрыкі, або Прыгоды бура і яго сям’і» (1856), «Юныя паляўнічыя» (1857), «Паляўнічыя на жырафаў» (т. 1—3, 1867), дылогіі «Паляўнічыя на расліны» (1857) і «Паўзуны па скалах» (1864) адлюстравана прырода экзатычных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Яго творы прасякнуты гуманіст. пафасам, непрыманнем расізму і сац. ўціску, адметныя рэзкім размежаваннем персанажаў на герояў і антыгерояў, спалучэннем рамант. тэндэнцый з рэаліст., з дакументальнасцю і выразным дэтэктыўным элементам.

Тв.:

Бел. пер. — Коннік без галавы. Мн., 1996;

Рус. пер. — Соч. Т. 1—6. М., 1956—58;

Собр. соч. Т. 1—12. Мн., 1991.

Е.​А.​Лявонава.

Т.М.Рыд.

т. 13, с. 490

Рыданава Іна Іванаўна

т. 18, кн. 1, с. 444

РЫ́ДБЕРГА ПАСТАЯ́ННАЯ,

фізічная канстанта, якая ўваходзіць у выразы для разліку ўзроўняў энергіі і спектральных серый атамаў. Абазначаецца R. Выражаецца формулай R = R∞ ( 1 + m M ) дзе R∞ = 2π2 me4 / ch3 = 1,097373 ∙ 107 м​−1, M — маса ядра, m — маса электрона, e — элементарны эл. зарад, c — скорасць святла ў вакууме, h — Планка пастаянная. Уведзена шведскім фізікам Ю.​Р.​Рыдбергам (1890).

т. 13, с. 490

РЫ́ДЗІГЕР (Пётр Васілевіч) (н. 24.8.1949, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. і расійскі арт. аперэты (барытон). Засл. арт. Беларусі (1990). Нар. арт. Беларусі (1998). Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1974). Працаваў у Куйбышаўскім т-ры оперы і балета. З 1977 у Белдзяржкансерваторыі, у 1978 і з 1981 ў Бел. дзярж. муз. т-ры. У 1978—81 у Ленінградскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучаецца высокім узроўнем майстэрства, багатай вак. культурай. Сярод партый на бел. сцэне; Дзяніс («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Доктар («Мільянерша» Я.​Глебава), містэр Ікс, Эдвін («Прынцэса цырка», «Сільва» І.​Кальмана), Карамэла («Ноч у Венецыі» І.​Штрауса), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Янга («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Мікіта («Халопка» М.​Стрэльнікава), Беня («Біндзюжнік і кароль» А.​Журбіна) і інш.

П.В.Рыдзігер.
П.Рыдзігер у ролі графа Данілы.

т. 13, с. 490

РЫ́ДЗІГЕР (Уладзімір Раманавіч) (13.2.1878, г. Руза Маскоўскай вобл., Расія — 8.1.1971),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Д-р с.-г. н. (1937). Скончыў Варшаўскі ун-т (1903) і Маскоўскі с.-г. ін-т (1906). У 1912—15 адзін з арганізатараў першай доследнай балотнай станцыі на Палессі. З 1928 праф. у БСГА, у 1938—49 у н.-д. ін-тах Сярэдняй Азіі. Навук. працы па пытаннях асушэння зямель, кратовага дрэнажу, дынамікі руху грунтавых вод, арашэння паводкавымі водамі.

Тв.:

О болотах Полесья и естественных методах их культуры. Самара, 1917;

К вопросу об орошении болот. М., 1925;

Подпочвенное орошение по кротовым дренам. М., 1965.

т. 13, с. 491

РЫДЗ-СМІ́ГЛЫ ((Rydz-Śmigły) Эдвард) (11.3.1886, г. Беражаны, Цярнопальская вобл., Украіна — 2.12.1941),

польскі ваен. і дзярж. дзеяч, адзін з паплечнікаў Ю.Пілсудскага. Маршал Польшчы (1936). Скончыў Акадэмію выяўл. мастацтваў у Кракаве. З 1908 у Саюзе актыўнай барацьбы, з 1912 у Стралецкім саюзе (Галіцыя), рэдагаваў штомесячнік «Strzelec»(«Стралец»). У 1-ю сусв. вайну ў легіёнах польскіх Пілсудскага, з ліп. 1917 гал. камендант Польск. вайск. арг-цыі. З ліст. 1918 ваен. міністр адноўленай польск. дзяржавы. Удзельнічаў у заняцці польск. войскамі Вільні (крас. 1919). У польска-сав. вайну 1919—20 камандаваў дывізіяй, арміяй, Сярэднім фронтам; удзельнічаў у заняцці Кіева (ліп. 1920), Гродна і Ліды (вер. 1920), абароне Варшавы (жн. 1920). У 1922—35 інспектар арміі. У час майскага перавароту 1926 падтрымаў Пілсудскага і яго прыхільнікаў. Пасля смерці Пілсудскага з мая 1935 ген. інспектар узбр. сіл, працаваў над 6-гадовым планам рэфармавання ўзбр. сіл краіны. У час Польскай кампаніі 1939 вярх. галоўнакамандуючы (склаў паўнамоцтвы 7 ліст.), 17 вер. загадаў польскім узбр. сілам не ваяваць без крайняй неабходнасці супраць часцей Чырв. Арміі, якія ўступілі ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну; разам з польск. урадам перайшоў у Румынію, інтэрніраваны. У кастр. 1941 тайна вярнуўся ў акупіраваную ням.-фаш. войскамі Польшчу, намагаўся разгарнуць антыфаш. дыверсійную дзейнасць. Аўтар шэрагу прац па ваен. гісторыі і пытаннях абароны дзяржавы.

Літ.:

Leżeński C. Kwatera 139: Opowieść o marszałku Rydzu-Śmigtym. T. 1—2. Lublin, 1989.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

Э.Рыдз-Сміглы.

т. 13, с. 491

Рыдлеўская Ларыса Леанідаўна

т. 18, кн. 1, с. 444