РЫД ((Reid) Томас Майн) (4.4.1818, Баліроні, Ірландыя — 22.10.1883),
англійскі пісьменнік. З 1838 жыў у ЗША, займаўся журналістыкай. У 1849 вярнуўся ў Еўропу. Першы раман «Вольныя стралкі» (т. 1—2, 1850) пра нац.-вызв. рух у Мексіцы. Аўтар авантурна-прыгодніцкіх раманаў «Белы правадыр» (т. 1—3, 1855), «Квартэронка» (т. 1—3, 1856), «Ацэола, правадыр семінолаў» (1858), «Коннік без галавы» (т. 1—2, 1866, экранізаваны 1972), «Смяротны стрэл» (т. 1—3, 1873) і інш., у якіх жыццё, побыт і норавы амер. Поўдня, трагічны лёс амер. індзейцаў і неграў. У трылогіі «У нетрах Паўднёвай Афрыкі, або Прыгоды бура і яго сям’і» (1856), «Юныя паляўнічыя» (1857), «Паляўнічыя на жырафаў» (т. 1—3, 1867), дылогіі «Паляўнічыя на расліны» (1857) і «Паўзуны па скалах» (1864) адлюстравана прырода экзатычных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Яго творы прасякнуты гуманіст. пафасам, непрыманнем расізму і сац. ўціску, адметныя рэзкім размежаваннем персанажаў на герояў і антыгерояў, спалучэннем рамант. тэндэнцый з рэаліст., з дакументальнасцю і выразным дэтэктыўным элементам.