Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РЫБЕЙРА́Н-ПРЭ́ТУ (Ribeirão Prêto),

горад на ПдУ Бразіліі, у штаце Сан-Паўлу. Засн. ў 1856. Каля 400 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл.-размеркавальны цэнтр с.-г. раёна (бавоўна, кава, цукр. трыснёг, тытунь, збожжа, жывёлагадоўля). Прам-сць: тэкст., харч., маш.-буд. (с.-г. машыны), сталеліцейная.

т. 13, с. 484

РЫБЕ́РА (Ribera; празваны Спаньялета, Spagnoletto) Хусепе дэ (17.2.1591, г. Хаціва, Іспанія — 2.9.1652), іспанскі жывапісец і гравёр, прадстаўнік караваджызму. Вучыўся, верагодна, у Ф.​Рыбальты ў Валенсіі. З 1613 у Італіі, у 1616—18 прыдворны жывапісец ісп. віцэ-каралёў у Неапалі. У ранніх творах (у т. л. ў афортах) пераважалі рэзкія святлоценявыя кантрасты, драм. сцэны пакутніцтва, у якіх падкрэсліваў перамогу волі над фіз. пакутамі («Пакутніцтва св. Варфаламея», 1624; «Сілен», «Св. Себасцьян і св. Ірына», абодва 1628; «Пустэльнік Павел», 1632), паўфігурныя выявы стараж. філосафаў, трактаваныя як простанародныя тыпажы («Дэмакрыт», 1630; «Дыяген», 1637). З сярэдзіны 1630-х г. пры захаванні агульнай суровасці вобразнага ладу перайшоў да большай ураўнаважанасці кампазіцыі і мяккасці святлаценю, у колеравай гаме пашырыліся залацістыя або серабрыстыя адценні: «Св. Ануфрый», «Апалон і Марсій» (абодва 1637), «Пакланенне пастухоў» (1638), «Пакутніцтва св. Філіпа», «Сон Іакава» (абодва 1639), «Святая Інеса» (1641), «Храманожка» («Кульгавы хлопчык», 1642) і інш.

Літ.:

Знамеровская Т.П. Х.​Рибера. 3 изд. М., 1982.

Я.​Ф.​Шунейка.

Х. дэ Рыбера. Апалон і Марсій. 1637.

т. 13, с. 485

РЫБЕ́Ц, сырць (Vimba vimba),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Адзіны від роду. Пашыраны ў бас. Паўн., Балт., Азоўскага, Чорнага і Каспійскага мораў. Прахадныя і паўпрахадныя формы, ёсць жылыя (р. Дняпро). Жыве пераважна ў паглыбленнях рэк з хуткім цячэннем. Бел. нар. назвы: цырта, падуства. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 50 см, маса да 3 кг. Цела ўмерана-падоўжанае, высокае, укрыта буйной шчыльнай луской. Паміж спінным і хваставым плаўнікамі — кіль, укрыты луской. Рот ніжні, высоўны. Корміцца доннымі беспазваночнымі, лічынкамі насякомых, ракападобнымі, часам дробнай рыбай. Аб’ект промыслу і развядзення.

Рыбец: 1 — самка; 2 — самец у нераставым стане.

т. 13, с. 485

РЫ́БІНСК,

горад у Яраслаўскай вобл., у Расіі. Вядомы з 1071. 240 тыс. ж. (2000). Порт на р. Волга каля ўваходу ў Рыбінскае вадасховішча. Чыг. станцыя. Прам-сць: машына-, матора- і суднабудаванне, нафтахім., мэблева-дрэваапр. камбінат, запалкавая ф-ка, гарбарны з-д і інш. ГЭС. Авіяц. тэхнал. ін-т. 2 тэатры. Музеі: гіст.-арх. і маст. музей-запаведнік, дом-музей А.​А.​Ухтомскага. Арх. помнікі 18—19 ст.

т. 13, с. 485

РЫ́БІНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Волга, у Яраслаўскай, Валагодскай і Цвярской абл. Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1941—47. Пл. 4580 км², аб’ём 25,4 км³, даўж. па рэчышчы р. Волга 112 км, р. Малога 198 км, р. Шаксна 204 км, найб. шыр. 60 км. Няпоўнае шматгадовае рэгуляванне сцёку, ваганні ўзроўню да 5 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства (пачатак Волга-Балтыйскага воднага шляху). Рыбалоўства. На берагах гарады Чарапавец, Рыбінск.

т. 13, с. 485

РЫ́БІН ТЛУШЧ,

тлушч, які вырабляюць з печані рыб, часцей сям. трасковых. Празрыстая масляністая вадкасць ад жаўтаватага да светла-карычневага колеру, мае слабы спецыфічны рыбны пах і смак. Складаецца з трыгліцэрыдаў негранічных к-т, невял. колькасці свабодных тлустых к-т, халестэрыну, фасфатыдаў, вітамінаў A, D і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне і жывёлагадоўлі ў якасці крыніцы вітамінаў, для прафілактыкі і лячэння астэадыстрафіі, рахіту, курынай слепаты, залатухі, для лячэння ран, язваў, апёкаў. З адходаў перапрацоўкі рыбы атрымліваюць тэхн. Р.т., які выкарыстоўваецца ў гарбарнай, мылаварнай вытв-сцях і інш.

т. 13, с. 485

РЫ́БНАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКІ НДІ Акадэміі аграрных навук Беларусі

(БелНДІРГ). Засн. ў 1928 у Мінску як Бел. н.-д. станцыя рыбнай гаспадаркі пры Наркамаце земляробства БССР. З 1933 Бел. аддз. Усесаюзнага НДІ сажалкавай рыбнай гаспадаркі, з 1937 рыбны аддзел НДІ харч. прам-сці, з 1939 Бел. н.-д. станцыя Гал. ўпраўлення рыбнай прам-сці пры СНГ БССР, з 1958 Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі, з 1992 у складзе Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1996 Бел. н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі, з 2000 сучасная назва. Лабараторыі (2000): селекцыі і племянной работы, рыбаводства і рыбалоўства на натуральных вадаёмах, кармоў, радыяцыйнай экалогіі і якасці асяроддзя. Селекцыйна-племянны ўчастак «Ізабеліна» (Маладзечанскі р-н),

гасп.-разліковы ўчастак «Вілейка» (Вілейскі р-н), азёрная база «Чаросава» (Лепельскі р-н).

Асн. кірункі навук. дзейнасці: устанаўленне заканамернасцей развіцця першаснай прадукцыі ва ўмовах інтэнсіўнага сажалкавага рыбаводства, распрацоўка тэорыі мінер. ўгнаення сажалак, класіфікацыя натуральных вадаёмаў Беларусі паводле іх генет. тыпу і складу іхтыяфауны, распрацоўка і ўкараненне інтэнсіўнай, паўінтэнсіўнай і пашавай тэхналогій сажалкавага рыбаводства; рэсурсазберажэнне ў сажалкавым рыбаводстве, стварэнне высокапрадукц. прамысл. парод, помесей і гібрыдаў карпа, удасканальванне рэцэптуры кармоў і тэхналогій кармлення, лячэння і прафілактыкі хвароб рыб і інш. У ін-це працавалі і працуюць Г.Г.Вінберг, М.Е.Макушок; д-ры навук М.​Г.​Аношка, П.​І.​Жукаў, В.​У.​Кончыц. З 1962 выдаецца навук. зб. «Пытанні рыбнай гаспадаркі Беларусі».

Літ.:

Белорусский научно-исследовательский и проектно-конструкторский институт рыбного хозяйства: 40 лет: 1958—1998. Мн., 1998.

В.​У.​Кончыц.

т. 13, с. 485

РЫ́БНАЯ МУКА́,

кармавы прадукт з сушанай і размолатай рыбы ці адходаў яе перапрацоўкі. Мае пратэіну да 70%, мінер. солей (пераважна кальцыю і фосфару) 15—25%, вітаміны A, D і групы B. Вял. колькасць у Р.м. тлушчу (больш за 18%) — прычына хуткага яе псавання, надае мясу і малаку жывёл рыбны прысмак і пах. Скормліваюць свінням, птушкам, пушным звярам, маладняку буйн. раг. жывёлы, уключаюць у камбікармы.

т. 13, с. 485

РЫ́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, спецыялізаваная на здабычы і перапрацоўцы рыбы. Уключае рыбаводства, рыбалоўства і перапрацоўку рыбы. Асн. прадукцыя: рыба жывая, ахалоджаная, марожаная, таварная харч. рыбная прадукцыя (філе, вэнджаная і вяленая рыба, балыковыя вырабы, паўфабрыкаты, селядцы, рыбныя кансервы).

На Беларусі фарміраванне Р.п. як самастойнай галіны пачалося ў 1920—30-я г. Разбураныя ў Вял. Айч. вайну прадпрыемствы Р.п. пасля вайны хутка аднаўляліся. У 1971 працавала 9 рыбзаводаў, 2 рыбакамбінаты, выраблена 9,46 тыс. т рыбнай прадукцыі і 3,8 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1993 Р.п. выраблена 20,4 тыс. т таварнай рыбнай харч. прадукцыі, у т. л. 4 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1999 галіна налічвала 27 спецыялізаваных прадпрыемстваў, на якіх працавала каля 2,4 тыс. чал. Выпушчана 18,5 тыс. т харч. рыбнай прадукцыі і 9,1 млн. умоўных бляшанак рыбных кансерваў. Марская рыба і рыбапрадукты завозяцца з-за мяжы.

Р.п. найб. развіта ў Кітаі, Японіі, Індыі, ЗША, Расіі, Інданезіі, Перу, Чылі, Тайландзе, Нарвегіі і інш.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 13, с. 485

РЫ́БНІК (Rybnik),

горад на Пд Польшчы, у Шлёнскім ваяводстве, у Верхнесілезскім каменнавугальным басейне. Вядомы з 1175. Каля 150 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр здабычы каксавальных вуглёў. Прам-сць: коксахімія, маш.-буд. (горнае абсталяванне, халадзільнікі і інш.), харчовая. ЦЭС.

т. 13, с. 486