РЫБЕ́Ц, сырць (Vimba vimba),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Адзіны від роду. Пашыраны ў бас. Паўн., Балт., Азоўскага, Чорнага і Каспійскага мораў. Прахадныя і паўпрахадныя формы, ёсць жылыя (р. Дняпро). Жыве пераважна ў паглыбленнях рэк з хуткім цячэннем. Бел. нар. назвы: цырта, падуства. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 50 см, маса да 3 кг. Цела ўмерана-падоўжанае, высокае, укрыта буйной шчыльнай луской. Паміж спінным і хваставым плаўнікамі — кіль, укрыты луской. Рот ніжні, высоўны. Корміцца доннымі беспазваночнымі, лічынкамі насякомых, ракападобнымі, часам дробнай рыбай. Аб’ект промыслу і развядзення.

Рыбец: 1 — самка; 2 — самец у нераставым стане.

т. 13, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)