РЫД ((Reed) Джон) (22.10.1887, г. Портленд, штат Арэгон, ЗША — 17.10.1920),

амерыканскі пісьменнік-публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т (1910). З 1911 супрацоўнік сацыяліст. час. «Masses» («Масы»). У 1914 камандзіраваны ў Мексіку, дзе быў сведкам падзей Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17; свае ўражанні адлюстраваў у кн. «Паўстаўшая Мексіка» (1914), у якой спачувальна паставіўся да мекс. рэвалюцыянераў і асуджаў умяшанне ЗША у справы Мексікі. У 1-ю сусв. вайну карэспандэнт на франтах Еўропы (кн. «Вайна ва Усходняй Еўропе», 1916). Са жн. 1917 да лют. 1918 у рэв. Петраградзе, дзе стаў сведкам Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, падзеі якой прыхільна адлюстраваў у маст.-дакумент. кнізе «10 дзён, якія скаланулі свет» (1919). Пасля вяртання ў ЗША далучыўся да левага крыла Сацыяліст. партыі, у 1919 быў адным з заснавальнікаў Камуніст. рабочай партыі ЗША. З кастр. 1919 зноў у Расіі. Чл. Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала. Памёр у Маскве. Пахаваны на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Кн. 1—2. М., 1987.

Літ.:

Краснов И.М. Джон Рид: правда о Красной России. М., 1987.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)