Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

РЫДЛЕ́ЎСКІ (Лявон) (14.10.1903, в. Ульянавічы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1953),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1923), Вышэйшы політэхн. ін-т у Подзебрадзі (1929, Чэхаславакія). У 1917—20 навучэнец Слуцкай бел. гімназіі, сябра культ.-асв. т-ва «Папараць-кветка». Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 і антысав. партыз. руху на Палессі да 1921. У час навучання ў Чэхаславакіі ўваходзіў у Аб’яднанне бел. студэнцкіх арг-цый (АБСА) замежжа і Зах. Беларусі. З 1929 у Францыі; ініцыятар стварэння і адзін з кіраўнікоў «Хаўрусу беларускай працоўнай эміграцыі ў Францыі» ў Парыжы (1930—31). У 1939 уступіў у франц. замежны легіён; удзельнік франц. Супраціўлення ў гады 2-й сусв. вайны. У 1947 абраны сакратаром прэзідыума, пазней — віцэ-прэзідэнтам Рады БНР. У ліст. 1948 на 1-м сусв. з’ездзе бел. эміграцыі абраны старшынёй «Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі». Падтрымліваў цесныя сувязі з Бел. домам ордэна марыянаў і інш. рэліг. арг-цыямі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 13, с. 491

РЫЕ́ГА-І-НУ́НЬЕС ((Riego у Nuñez) Рафаэль дэ) (24.10.1785, Санта-Марыя-дэ-Тунья, Іспанія — 7.11.1823),

палітычны і ваен. дзеяч Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). Ген. (1820). Скончыў ваен. школу ў Аўеда. Удзельнік вайны з Францыяй 1808—14; узяты ў палон, знаходзіўся ў Францыі, дзе стаў масонам. У 1814 вярнуўся на радзіму, звязаўся з ісп. масонамі і афіцэрамі — праціўнікамі абсалютысцкага рэжыму караля Фердынанда VII. Удзельнік няўдалай ваен. змовы 9.6.1819. Камандаваў батальёнам, 1.1.1820 узняў яго на паўстанне, што стала пачаткам рэвалюцыі 1820—23; абвясціў аднаўленне Кадыскай канстытуцыі 1812, на чале 1,5-тысячнага атрада дзейнічаў у прав. Андалусія. З сак. 1820 камандзір дывізіі ў Арміі назірання, створанай з андалусійскіх рэв. войск, у чэрв.—жн. 1820 галоўнакаманд. гэтай арміяй. Адзін з лідэраў леваліберальнай партыі «эксальтадас». За пратэст супраць роспуску арміі назірання сасланы ўрадам памяркоўных лібералаў («мадэрадас») на Пн краіны. У студз. 1821 па патрабаванні «эксальтадас» прызначаны ген.-капітанам Арагона (да 29.8.1821). 31.3.1822 першы прэзідэнт мадрыдскіх картэсаў. У ліп. 1822 кіраваў задушэннем абсалютысцкага мяцяжу ў Мадрыдзе. У час франц. інтэрвенцыі 1823 каманд. рэв. арміяй у Андалусіі; быў разбіты, схоплены абсалютыстамі і пакараны смерцю ў Мадрыдзе.

т. 13, с. 491

РЫЕ́КА (Rijeka),

горад у Харватыі, на беразе Рыжскага зал. Адрыятычнага мора. Вядомы з пачатку н.э. З прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (2000). Гал. порт краіны, абслугоўвае часткова Аўстрыю, Венгрыю, Чэхію. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., маторабуд., нафтаперапр., хім., дрэваапр., папяровая, гарбарна-абутковая, харчасмакавая. Вышэйшыя марская і пед. школы, філіялы Заграбскага ун-та. Музеі. Захавалася стараж. забудова горада (15—18 ст.), рамана-гатычны сабор (перабудаваны ў 17—18 ст.), барочная царква св. Віта (1638—1742), гар. вежа (15—18 ст.).

т. 13, с. 491

РЫЕ́НЦА (Rienzo) Кола ды [сапр. Габрыні (Cabrini) Нікола ды Ларэнца 1313—8.10.1354], італьянскі паліт. дзеяч. Паводле адукацыі натарыус. З 1334 жыў у Рыме, вывучаў ант. помнікі і л-ру. Падзяляў гуманіст. погляды Ф.Петраркі, марыў аднавіць дзярж. лад стараж. Рым. рэспублікі і былую веліч Рыма; у прамовах выкрываў беззаконні феад. магнатаў, якія апанавалі Рым у час авіньёнскага паланення папаў. Пасля перамогі нар. паўстання (май 1347) і абвяшчэння Рым. рэспублікі Р. абраны яе нар. трыбунам (кіраўніком). Ён адабраў у феадалаў замкі, упарадкаваў падаткі, скасаваў мытныя пошліны, 1.8.1347 абвясціў аднаўленне правоў рым. народа, а Рым — сталіцай свету. У снеж. 1347 скінуты феад. клікай Калона і ўцёк. У 1350 арыштаваны архіепіскапам Прагі (шукаў там падтрымкі імператара Карла IV) і зняволены ў папскай турме Авіньёна (Францыя); у 1352 адлучаны ад царквы. Новы папа Інакенцій IV выкарыстаў Р. для аднаўлення сваіх правоў у Папскай вобласці і накіраваў яго туды ў канцы 1353 з паліт. місіяй. 1.8.1354 Р. з дапамогай наёмнікаў увайшоў у Рым і зноў узначаліў Рым. рэспубліку. Аднак павелічэнне падаткаў, праведзенае Р. з мэтай забяспечыць утрыманне наёмных войск для барацьбы з феадаламі, і тыранічныя метады яго кіравання выклікалі нар. паўстанне 8.10.1354, у час якога ён забіты.

т. 13, с. 491

РЫЕ́Р (Якаў Рыгоравіч) (н. 21.3.1947, Мінск),

бел. археолаг, гісторык. Д-р гіст. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). З 1969 працаваў у Магілёўскім абл. краязнаўчым музеі, з 1975 у Магілёўскім ун-це. Распрацоўвае праблемы сярэдневяковай вёскі ўсх. і цэнтр. Еўропы. Абследаваў археал. помнікі Магілёўскай вобл., кіраваў раскопкамі паселішча і могільніка 10—16 ст. каля г. Чавусы.

Тв.:

Природная среда и система сельского расселения в Восточной Белоруссии в X—XIII вв. // Методы естественных наук в археологии. М., 1987;

Древнерусская деревня в археологических исследованиях // Тр. V Междунар. конгресса археологов-славистов. Киев, 1988. Т. 2;

Становление феодальных отношений у западных славян в свете археологических данных // Вопр. истории. 1988. № 10;

Очерки истории средневековых цивилизаций. Могилев, 1997.

т. 13, с. 492

РЫЁНСКАЯ НІЗІ́НА У Зах. Закаўказзі, на ўзбярэжжы Чорнага м., у Грузіі, гл. Калхідская нізіна.

т. 13, с. 492

РЫЁХА, Ла-Рыёха (La Rioja),

аўтаномная вобласць і адм. правінцыя на Пн Іспаніі. Пл. 5 тыс. км². Нас. каля 300 тыс. чал. (2000). Адм. ц. — г. Лагроньё. Размешчана ў перадгор’ях Пірэнеяў (на Пн) і Іберыйскіх гор (на Пд); у цэнтр. ч. даліна р. Эбра. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 500 мм за год. Захаваліся ўчасткі вечназялёных дубовых лясоў з удзелам хваёвых лясоў і хмызнякоў. У гарах дубовыя лясы. Раён вінаградарства і вінаробства. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, гародніну. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Прам-сць пераважна харч., тэкст., дрэваапрацоўчая. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Турызм.

т. 13, с. 492

РЫ́ЖАЕ ВО́ЗЕРА У Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Ашмянка, за 14 км на ПнЗ ад г. Смаргонь. Пл. 0,65 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 650 м, даўж. берагавой лініі 2,98 км. Схілы катлавіны выш. 12—15 м, пад хмызняком, на У разараныя. На Пн і Пд да возера прымыкае балота. Берагі на З і У зліваюцца са схіламі, на Пн і Пд нізкія, забалочаныя. Дно сапрапелістае. Праз возера цячэ невялікая рэчка.

т. 13, с. 492

РЫЖА́К (Camelina),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 4 віды Р.: бурачковы (C. alyssum), драбнаплодны (C. microcarpa), пасяўны, нар. назва рыжы лён (C. sativa), румелійскі (C. rumelica). Трапляюцца ўздоўж дарог, чыгунак, радзей на палях як пустазелле. У культуры — Р. пасяўны.

Азімыя і яравыя аднагадовыя расліны выш. 30—120 см. Сцёблы тонкія, галінастыя, голыя або апушаныя. Ніжняе лісце чаранковае, верхняе — сядзячае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, светла-жоўтыя, у гронках. Плод — стручочак. У насенні 25—46% алею, які выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і мылаварнай вытв-сці. Алейныя, тэхн., лек. і кармавыя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рыжак.

т. 13, с. 492

РЫЖАНКО́Ў (Мікалай Аляксеевіч) (14.3.1932, в. Гладкава Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 8.12.1994),

бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1994). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1960). Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэма творчасці — гераічная гісторыя бел. народа. Творы вызначаюцца свабоднай, але стрыманай мадэліроўкай форм, разнастайнасцю вобразна-пластычных сродкаў. Сярод манум. работ: помнікі ў гонар перамогі рус. войск у 1812 на р. Бярэзіна пад Барысавам (1962), Герою Сав. Саюза Л.​М.​Даватару ў в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. (1965), партызану М.​Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. (1968, абодва з арх. В.​Занковічам і Л.​Левіным), на брацкай магіле сав. ваеннапалонных у г. Барысаў (1967), мемар. комплексы Рыленкі (1973), у гонар Ветрынскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партыз. брыгады імя Варашылава ў в. Гомель Полацкага р-на (1977), Манумент у гонар маці-патрыёткі (1975), помнік М.​Горкаму ў Мінску (1981, абодва з А.​Заспіцкім, І.​Міско, арх. А.​Трафімчуком), помнік-бюст Герою Сав. Саюза і Герою Сац. Працы К.​П.​Арлоўскаму ў в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. (1977, арх. Ю.​Казакоў), помнік Герою Сав. Саюза Г.​А.​Нікандравай на брацкай магіле сав. воінаў і партызан у г. Дуброўна Віцебскай вобл. (1979, арх. Трафімчук). Аўтар станковых кампазіцый «Вайна 1812 года» (1962), «Партызаны» (1964), «Дзеці» (1965), «Новае Палессе» (1983), рэльефаў «Шлях героя» (1967), «Навекі разам» (1982), «Парад партызан у Мінску ў 1944» (1984), партрэтаў Дз.​В.​Цябута (1979, 1985), двойчы Героя Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскага (1985) і інш., стварыў шэраг памятных медалёў. Дзярж. прэмія СССР 1987.

Э.​А.​Петэрсон.

М.Рыжанкоў. Помнік юнаму партызану М.​Гойшыку каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. Арх. В.​Занковіч, Л.​Левін.

т. 13, с. 492