РЫГІ́ДНАСЦЬ (ад лац. rigidus цвёрды),

1) у фізіялогіі — функцыянальны стан шкілетных мышцаў, які характарызуецца рэзкім павышэннем іх тонусу і супраціўляльнасцю дэфармуючым намаганням. У чалавека ўзнікае пры парушэннях, пашкоджанні дзейнасці ц. н. с. і паталаг. раздражненні перыферычных нерваў. Напр., пры атручэнні некат. ядамі, захворваннях нерв. сістэмы, таксама пад гіпнозам узнікае стан пластычнага тонусу: мышцы становяцца воскападобнымі, таму канечнасцям можна лёгка надаць любое становішча на працяглы час. 2) У медыцыне — нягнуткасць, здранцвеласць, выкліканая напружаннем мышцаў. Стан, пры якім зніжана прыстасавальнасць, пераключальнасць псіхічных працэсаў да зменлівых патрабаванняў асяроддзя. Пластычны тонус мышцаў характэрны для асаблівага стану нерв. сістэмы, які наз. васковай Р., або каталепсіяй.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)