Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРЫСА́ДКІ,

1) рэчывы, якія дабаўляюцца ў малых колькасцях да паліва і тэхн. масла для паляпшэння іх эксплуатацыйных характарыстык.

П. да паліва паляпшаюць працэсы згарання, садзейнічаюць нязменнасці эксплуатацыйных уласцівасцей, аблягчаюць выкарыстанне паліва пры нізкіх т-рах і інш. Найб. пашыраныя П.: антыдэтанатары (напр., тэтраэтылсвінец), антыаксіданты, інгібітары хімічныя. П. да змазачных матэрыялаў паводле прызначэння падзяляюць на вязкасныя (паляпшаюць вязкасна-тэмпературныя ўласцівасці), дэпрэсарныя (зніжаюць т-ру застывання масла на 20—30 °C), антыакісляльныя (засцерагаюць масла ад акіслення пры высокіх т-рах), процікаразійныя, процізносныя, шматфункцыян. і інш. 2) Матэрыялы, якія ўводзяць у вадкі метал з мэтай змянення саставу і ўласцівасцей металу ці шлаку. Адрозніваюць П. шлакаўтваральныя (вапна, плавікавы шпат, баксіт), акісляльныя (акаліна, аксіды металаў), П. для легіравання (ферасплавы, лігатуры).

т. 13, с. 82

ПРЫСВАЕ́ННЕ АБО РАСТРА́ТА,

крымінальнае злачынства супраць уласнасці, якое заключаецца ў крадзяжы чужой маёмасці, даверанай вінаватаму. Адказнасць за П. або р. прадугледжана арт. 211 КК Рэспублікі Беларусь. З аб’ектыўнага боку прысваенне — неправамернае ўтрыманне (невяртанне) чужой маёмасці, якая даверана вінаватаму для пэўнай мэты, а растрата — адчужэнне і спажыванне такой маёмасці. Часам у тэорыі крымін. права растрата разглядаецца як прыватны выпадак прысваення.

т. 13, с. 82

ПРЫСЕ́ВАК (Альберт Фаміч) (н. 19.8.1939, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1998), праф. (1999). Скончыў Укр. ін-т інжынераў воднай гаспадаркі (1963; Кіеў). З 1971 у БПА. Навук. працы па асновах тэхналогіі машынабудавання, праблемах эфектыўных тэхналогій ахоўных пакрыццяў з павышанымі эксплуатацыйнымі ўласцівасцямі, стварэнні новых кампазіцыйных матэрыялаў.

Тв.:

Технология формирования газотермических водородостойких покрытий. Мн., 1998;

Математическое моделирование технологических задач в машиностроении. Мн., 2000 (разам з Ф.​Ф.​Клімовічам).

т. 13, с. 82

ПРЫСЛО́ЎЕ,

часціна мовы, якая абазначае прыкмету дзеяння, стану або якасці. Асн. марфалагічная асаблівасць П. — адсутнасць форм скланення і спражэння. Можа мець формы ступеней параўнання.

У сказе П. прымыкаюць да дзеясловаў («сядзець моўчкі»), прыметнікаў («якасна новы»), лічэбнікаў («трэці злева»), радзей да назоўнікаў («сяўба па-новаму») і П. («позна ноччу»). Паводле значэння падзяляюцца на якасна-азначальныя, што ўказваюць на якасць («агніста»), меру («крыху»), ступень інтэнсіўнасці, мяжу дзеяння, прыкметы ці стану («датла», «уволю») і акалічнасныя, што ўказваюць на месца або напрамак («там», «уверх»), час («аднойчы»), прычыну («спрасонку»), мэту («наўмысна») дзеяння. Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «высока»; прэфіксальным — «некуды»; прэфіксальна-суфіксальным — «змалку») спосабамі, асноваскладаннем («штогод») і інш. Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад інш. часцін мовы: назоўнікаў («страх»), дзеепрыслоўяў («спатыкаючыся»), часціц («абы-абы»), Могуць ужывацца ў якасці прыназоўнікаў («побач»), злучнікаў («калі»), часціц («ледзь»), мадальных слоў («напэўна»), У сказе выконваюць ролю акалічнасці (пераважна), азначэння, выказніка.

Літ.:

Шуба П.П. Прыслоўе ў беларускай мове: Марфал. нарыс. Мн., 1962;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 82

ПРЫСНО́,

вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнЗ ад г. Ветка, 46 км ад Гомеля, 17 км ад чыг. ст. Касцюкоўка. 564 ж., 255 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэчны кіёск, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі 6 паселішчаў эпохі мезаліту, неаліту і бронзавага веку.

т. 13, с. 82

ПРЫСОСКАПАДО́БНЫЯ (Gobiesociformes),

атрад касцістых рыб. Вядомы з міяцэну (каля 22—20 млн. г. назад). 1 сям. — прысоскавыя, або марскія качачкі (Gobiesocidae), каля 40 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных і ўмераных вод усіх акіянаў, у прэсных водах Цэнтр. Амерыкі. У Чорным м. трапляюцца звычайная, або аднаколерная, рыба-прысоска (Lepadogaster lepadogaster), таўстарылая прысоска, або качачка (L. decandollei), і двухплямістая прысоска, або караткапёрая качачка (Diplecogaster bimaculatus). Вядуць прыдонны спосаб жыцця.

Даўж. да 30 см. Цела кароткае, голае, укрытае сліззю. Афарбоўка маскіровачная. На брушку прысмоктвальны дыск з відазмененых брушных плаўнікоў, якія зрасліся; пры дапамозе дыска П. прымацоўваюцца да камянёў, раслін і інш. Кормяцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Лічынкі пелагічныя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 82

ПРЫСПЯВА́ЮЧЫЯ ЛЯСЫ́,

узроставая група, якая набліжаецца да стану спеласці лясоў. У П.л. прыпыняюцца працэсы натуральнага зрэджвання і дыферэнцыяцыі дрэў, памяншаецца самкнутасць полага, прырост дрэў у вышыню і таўшчыню, павялічваецца плоданашэнне, фарміруецца падлесак. Для паскарэння прыспявання лесу праводзяць прахадныя высечкі. На Беларусі дубовыя, кляновыя, ясянёвыя лясы лічаць прыспяваючымі ва ўзросце 81—100, хваёвыя і яловыя 61—80, бярозавыя 51—60, асінавыя і альховыя 31—40 гадоў.

У.​В.​Сарнацкі.

т. 13, с. 82

ПРЫ́СТАНЬ,

спецыяльна абсталяванае каля берага месца стаянкі рачных суднаў. Прызначана для пасадкі ці высадкі пасажыраў, грузавых і інш. аперацый. Бываюць стацыянарныя (натуральныя ці штучныя берагавыя) і плывучыя (дэбаркадэры).

т. 13, с. 82

ПРЫСТАСАВА́ЛЬНАЯ АФАРБО́ЎКА І ФО́РМА,

гл. ў арт. Ахоўныя прыстасаванні, Мімікрыя.

т. 13, с. 83

ПРЫ́СТАЎ,

1) у Расійскай дзяржаве 15—17 ст. службовая асоба, якую пасылалі для выкліку каго-н. на велікакняжацкі (з 1547 царскі) суд. 2) 3 1782 паліцэйская пасада, у гарадах участковы (кіраваў «часцю» — паліцэйскай установай адпаведнай часткі горада) або гар. П., у сельскай мясцовасці з 1837 — станавы прыстаў.

т. 13, с. 83