ПРЫСА́ДКІ,

1) рэчывы, якія дабаўляюцца ў малых колькасцях да паліва і тэхн. масла для паляпшэння іх эксплуатацыйных характарыстык.

П. да паліва паляпшаюць працэсы згарання, садзейнічаюць нязменнасці эксплуатацыйных уласцівасцей, аблягчаюць выкарыстанне паліва пры нізкіх т-рах і інш. Найб. пашыраныя П.: антыдэтанатары (напр., тэтраэтылсвінец), антыаксіданты, інгібітары хімічныя. П. да змазачных матэрыялаў паводле прызначэння падзяляюць на вязкасныя (паляпшаюць вязкасна-тэмпературныя ўласцівасці), дэпрэсарныя (зніжаюць т-ру застывання масла на 20—30 °C), антыакісляльныя (засцерагаюць масла ад акіслення пры высокіх т-рах), процікаразійныя, процізносныя, шматфункцыян. і інш. 2) Матэрыялы, якія ўводзяць у вадкі метал з мэтай змянення саставу і ўласцівасцей металу ці шлаку. Адрозніваюць П. шлакаўтваральныя (вапна, плавікавы шпат, баксіт), акісляльныя (акаліна, аксіды металаў), П. для легіравання (ферасплавы, лігатуры).

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)