ПРЫСОСКАПАДО́БНЫЯ (Gobiesociformes),

атрад касцістых рыб. Вядомы з міяцэну (каля 22—20 млн. г. назад). 1 сям. — прысоскавыя, або марскія качачкі (Gobiesocidae), каля 40 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных і ўмераных вод усіх акіянаў, у прэсных водах Цэнтр. Амерыкі. У Чорным м. трапляюцца звычайная, або аднаколерная, рыба-прысоска (Lepadogaster lepadogaster), таўстарылая прысоска, або качачка (L. decandollei), і двухплямістая прысоска, або караткапёрая качачка (Diplecogaster bimaculatus). Вядуць прыдонны спосаб жыцця.

Даўж. да 30 см. Цела кароткае, голае, укрытае сліззю. Афарбоўка маскіровачная. На брушку прысмоктвальны дыск з відазмененых брушных плаўнікоў, якія зрасліся; пры дапамозе дыска П. прымацоўваюцца да камянёў, раслін і інш. Кормяцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Лічынкі пелагічныя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)