Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАЗНАЦВЕ́Т, восеннік (Colchicum),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Іране і на У — да Паўн. Індыі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрап. рэліктавы від — П. асенні (C. autumnale), занесены ў Чырв. кнігу Як дэкар. расліну вырошчваюць П. цудоўны (C. speciosum).

Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны з кароткім сцяблом. Лісце лінейнае або шырока-ланцэтнае. Кветкі (1—8) буйныя, рознай афарбоўкі, у некат. відаў паяўляюцца ў канцы лета ці восенню (адсюль назва). Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.

т. 11, с. 519

ПАЗНЯ́К (Зянон Станіслававіч) (н. 24.4.1944, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. мастацтвазнавец, археолаг.

Канд. мастацтвазнаўства (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). З 1972 навук. супрацоўнік Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, у 1976—96 — Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследаваў архітэктуру і археалогію гарадоў Беларусі, бел. маст. культуру, займаўся пытаннямі аховы і аднаўлення культ.-гіст. спадчыны Мінска. Праводзіў археал. раскопкі ў Мінску, Мядзеле, Лоску і інш. Старшыня сойма Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» (з 1990) і партыі БНФ (з 1993), т-ва памяці ахвяр сталінізму «Мартыралог Беларусі». Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990—95. З 1996 у эміграцыі, з кастр. 1999 лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі.

Тв.:

Рэха даўняга часу. Мн., 1985;

У суладдзі з прыродай і чалавекам: Праграматворная функцыя помнікаў дойлідства // Мастацтва Беларусі. 1986. № 4;

Сапраўднае аблічча. Мн., 1992;

Курапаты. 2 выд. Мн., 1994 (у сааўт).

т. 11, с. 519

ПАЗНЯ́К (Мікалай Іванавіч) (н. 10.1.1945, г.п. Іўе Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974), дзе і працаваў у 1979—91. З 1993 у Мед. цэнтры Мінскага трактарнага з-да (заг. аддзяЛення). Навук. працы па этыялогіі, патагенезе, лячэнні і прафілактыцы катаракты, глаўкомы, блізарукасці, дыстрафіі сятчаткі і захворванняў зрокавага нерва.

Тв.:

Поляризационные методы исследований в биологии и медицине. Мн., 1988 (у сааўт.);

Возрастная катаракта. Мн., 1997 (разам з Я.В.Баркоўскім).

т. 11, с. 520

ПАЗНЯ́К (Янка) (Ян Аляксандравіч; 1887, в. Суботнікі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля кастр. 1939),

бел. паліт. і культ. дзеяч, публіцыст; адзін з арганізатараў і лідэраў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. З 1910-х г. удзельнік бел. гурткоў хрысц.-дэмакр. асветніцкага кірунку. У 1913—15 з А.Бычкоўскім, Б.Пачопкам і інш. выдаваў у Вільні каталіцкую газ. «Беларус». У 1918—20 арганіст у Лаварышкаўскім касцёле каля Вільні. Потым у віленскім касцёле св. Яна. З 1928 сакратар Прэзідыума ЦК Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, са студз. 1936 старшыня Прэзідыума ЦК Бел. нац. аб’яднання. У 1928—36 рэдагаваў газ. «Беларуская крыніца». Зазнаў ганенні польскіх улад, грашовыя штрафы, некалькі разоў зняволены ў турме. З 1938 рэдагаваў час. «Хрысціянская думка», дапамагаў у выданні с.-г. час. «Самапомач». У кастр. 1939 арыштаваны сав. органамі і вывезены з Вільні.

т. 11, с. 520

ПАЗНЯКЕ́ВІЧ (Зіновій Лявонцьевіч) (н. 3.9.1932, г. Ковель Валынскай вобл., Украіна),

бел. геолаг. Канд. геолага-мінералагічных н. (1979). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1955). З 1973 ва Упраўленні геалогіі (нач. аддзела), з 1984 у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (нам. дырэктара). Навук. працы па геалогіі і нафтагазаноснасці тэр. Беларусі, пошуку і разведцы нафтавых і газавых радовішчаў, распрацоўцы кірункаў геолагаразведачных работ на аснове вывучэння ўмоў фарміравання пакладаў нафты і газу. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Геология нефтяных месторождений Белоруссии. М., 1972 (у сааўт.);

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Полезные ископаемые. М., 1977 (у сааўт.);

Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 11, с. 520

ПАЗНЯКО́Ў (Іван Барысавіч) (1.7.1902, в. Хутаранка Гомельскага р-на — 5.10.1997),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на тэр. Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу парт. арганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940). З 1931 на парт. рабоце, з 1940 1-ы сакратар Гродзенскага гаркома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Цэнтр., Бранскім і Калінінскім франтах, з ліст. 1942 сакратар Віцебскага падп. абкома КП(б)Б. Пасля вайны сакратар Віцебскага абкома, Аршанскага, Віцебскага гаркомаў КПБ. У 1960—71 у апараце ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ у 1940—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1940—63. Адзін з аўтараў кн. «Без лініі фронту» (2-е выд., 1979).

т. 11, с. 520

ПАЗНЯКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Паўлавіч; н. 24.1.1951, в. Заброддзе Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец. Скончыў БДУ (1977). Працаваў у Мінску на заводзе, настаўнічаў. З 1978 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1981 дырэктар Літ. музея М.Багдановіча, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». З 2000 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1966. Аўтар «Слоўніка эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» (1988), зб. вершаў «Час надзеі» (1991). Піша для дзяцей (зб-кі «Побач з татам», 1988; «Ехаў поўны воз дзівос», 1994; «Шые вожык кажушок», 1996; «Дарынка-весялінка», 1999). Адчувае дзіцячую псіхалогію, расказвае пра дабрыню, шчырасць, працавітасць. Упершыню ў бел. л-ры распрацоўвае загадкі на міжмоўныя амонімы і антонімы (зб. «Дзіўныя «блізняты», 1987). На бел. мову пераклаў раманы В.Скота «Квенцін Дорвард», М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот», С.Лагерлёф «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», паасобныя творы С.Маршака, Я.Пермяка, Х.К.Андэрсена, казкі братоў Грым і інш. Многія верш П. пакладзены на музыку.

Тв.:

Тры чарадзеі: Вершы, скорагаворкі, загадкі. Мн., 1991;

Дзівосны свет. Мн., 1996;

Загадкі з поля і градкі. Мн., 2000.

І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 520

ПАЗНЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку, пашыраная ў 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў бас. Акі, Клязьмы, у верхнім і часткова сярэднім Паволжы. Назва ад паселішча каля с. Пазнякова (паблізу г. Мурама). Пахо́джанне П.к. звязваюць з прасоўваннем з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. з рэк Дон і Северскі Данец плямён зрубнай культуры і асіміляцыяй імі мясц. насельніцтва. Асн. заняткі плямён П.к. — жывёлагадоўля, земляробства, выплаўка бронзы. Для яе характэрны невял. паселішчы на надпоймавых тэрасах, паблізу ад іх — могільнікі (курганныя для ранняга і грунтавыя для позняга этапаў); I пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы. Каля магіл выяўлены рэшткі вогнішчаў. Знойдзены гліняны посуд, крамянёвыя прылады, у багатых пахаваннях — бронзавыя нажы, кінжалы, упрыгожанні.

т. 11, с. 520

ПАЗО́ЎСКІ (Арый Майсеевіч) (2.2.1887, г. Перм, Расія —6.1.1953),

расійскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, клас Л.Аўэра). З 1905 дырыжор у Мінску, пазней у розных оперных т-рах, у т.л. Оперным тэатры Зіміна ў Маскве (1908—10), у петраградскім Нар. доме (1916—18). У 1923—28 (з перапынкам) дырыжор, у 1943—48 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. т-ра ў Маскве, у 1936—43 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. Яго інтэрпрэтацыі рус. класічных опер адметныя тонкім густам і філіграннай апрацоўкай дэталей. Сярод пастановак у Ленінградскім т-ры; «Казка пра цара Салтана» М.Рымскага-Корсакава (1937), «Кармэн» Ж.Бізэ (1938), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1939), «Чарадзейка» П.Чайкоўскага (1941), «Емяльян Пугачоў» М.Каваля (1942), «Ноч перад Калядамі» Рымскага-Корсакава (1943); у Вял. т-ры — «Фауст» Ш.Гуно (1924), «Валькірыя» Р.Вагнера (1925), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1927), «Іван Сусанін» (1945). Аўтар кн. «Запіскі дырыжора» (2-е выд., 1968). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943.

т. 11, с. 520

ПАЗЫ́КА,

перадача грашовых сродкаў або матэрыяльных каштоўнасцей адным удзельнікам дагавора другому з умовай вяртання і выплаты працэнтаў. Від П. залежыць ад характару дагавора, складу ўдзельнікаў пазыковай здзелкі, памеру і крыніцы выплаты працэнтаў і інш. П. бываюць: банкаўскія, дзе пазыкадаўцамі з’яўляюцца пазыковыя ўстановы (банкі), а пазычальнікамі — юрыд. і фін. асобы; дзяржаўныя (бюджэтныя), у якіх удзельнікамі пазыковай здзелкі могуць выступаць як з боку пазычальніка, так і з боку пазыкадаўцы бюджэты розных узроўняў (рэсп. і мясц. ад імя дзяржавы); камерцыйныя, у якіх суб’екты гаспадарання даюць пазыковыя сродкі і таварна-матэрыяльныя каштоўнасці адзін аднаму; спажывецкія, дзе пазычальнікам з’яўляецца насельніцтва. Класіфікуюцца: паводле мэтавага прызначэння; спосабу выдачы пазычаных сродкаў — арганізаваныя і неарганізаваныя, прамыя і ўскосныя; паводле тэрмінаў пагашэння — тэрміновыя, кароткатэрміновыя, доўгатэрміновыя, адтэрмінаваныя і пратэрмінаваныя; паводле месца ажыццяўлення — унутраныя і знешнія. Суб’ектамі знешніх (міжнар. П.) выступаюць дзяржавы, банкі, міжнар. і міжрэгіянальныя валютна-крэдытныя і фін. арг-цыі, юрыд. асобы.

А.Ф.Кірэева.

т. 11, с. 520