ПАЗНАЦВЕ́Т, восеннік (Colchicum),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Іране і на У — да Паўн. Індыі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрап. рэліктавы від — П. асенні (C. autumnale), занесены ў Чырв. кнігу Як дэкар. расліну вырошчваюць П. цудоўны (C. speciosum).

Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны з кароткім сцяблом. Лісце лінейнае або шырока-ланцэтнае. Кветкі (1—8) буйныя, рознай афарбоўкі, у некат. відаў паяўляюцца ў канцы лета ці восенню (адсюль назва). Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)