ПАЗНЯКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Паўлавіч; н. 24.1.1951, в. Заброддзе Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец. Скончыў БДУ (1977). Працаваў у Мінску на заводзе, настаўнічаў. З 1978 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1981 дырэктар Літ. музея М.Багдановіча, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». З 2000 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1966. Аўтар «Слоўніка эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» (1988), зб. вершаў «Час надзеі» (1991). Піша для дзяцей (зб-кі «Побач з татам», 1988; «Ехаў поўны воз дзівос», 1994; «Шые вожык кажушок», 1996; «Дарынка-весялінка», 1999). Адчувае дзіцячую псіхалогію, расказвае пра дабрыню, шчырасць, працавітасць. Упершыню ў бел. л-ры распрацоўвае загадкі на міжмоўныя амонімы і антонімы (зб. «Дзіўныя «блізняты», 1987). На бел. мову пераклаў раманы В.Скота «Квенцін Дорвард», М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот», С.Лагерлёф «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», паасобныя творы С.Маршака, Я.Пермяка, Х.К.Андэрсена, казкі братоў Грым і інш. Многія верш П. пакладзены на музыку.

Тв.:

Тры чарадзеі: Вершы, скорагаворкі, загадкі. Мн., 1991;

Дзівосны свет. Мн., 1996;

Загадкі з поля і градкі. Мн., 2000.

І.У.Саламевіч.

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)