Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЛЕ́ША (Ilesha),

горад на ПдЗ Нігерыі. Стараж. горад племя яруба. 351 тыс. ж. (1993). Вузел аўтадарог. Гандлёва-рамесны цэнтр. Перапрацоўка какававых зярнят. Вытв-сць пальмавага алею. Каля І. — здабыча золата.

т. 7, с. 195

ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ I (каля 1581—17.5.1606),

рускі цар [1605—06]. Самазванец, выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына цара Івана IV, які ў 1591 быццам бы пазбег смерці ва Углічы. Асоба І. I не высветлена. Існуе версія, што ён — збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Выступіў як прадстаўнік апазіц. цару Барысу Гадунову маскоўскага баярства (князёў Раманавых, Чаркаскіх і інш.) і патрыярха. Паводле інш. звестак яго падтрымліваў канцлер ВКЛ Л.Сапега. У 1601 І. I знаходзіўся ў Кіеве, Астрогу, Брагіне, дзе ў 1603 заручыўся падтрымкай уладальніка горада кн. А.Вішнявецкага. У 1604 з дапамогаю караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы авалодаў паўд. і паўд.-ўсх. ч. Рускай дзяржавы, заняў Маскву і 21.7.1605 каранаваны як цар Дзмітрый І Іванавіч. Быў адукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў і вайск. справу. Адмовіў Рэчы Паспалітай у праве на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за падтрымку яго выступлення. У знешняй палітыцы намагаўся стварыць антытур. кааліцыю. Забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з В.І.Шуйскім у час нар. паўстання.

Літ.:

Соловьев С.М. Соч. Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;

Скрынников Р.Г. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990.

А.П.Грыцкевіч.

т. 7, с. 195

ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ II (? — 11.12.1610),

самазванец, які выдаваў сябе за рас. царэвіча Дзмітрыя, сына Івана IV, што быццам бы выратаваўся пасля маскоўскага паўстання 1606. Стаўленік Рэчы Паспалітай. Асоба І. II не высветлена. Магчыма, быў прыбліжаным Ілжэдзмітрыя I. Ёсць звесткі, што ён быў настаўнікам у Магілёве; паводле інш. звестак — паповіч, настаўнік у Шклове. Улетку 1607 з’явіўся ў Старадубе. З атрадамі шляхты, данскіх казакоў зімой прыйшоў у Арол, летам 1608 падышоў да Масквы, заняў с. Тушына (адсюль мянушка «Тушынскі злодзей»), дзе сфарміраваў урад з рус. баяр і дваран з мітрапалітам Філарэтам, які быў прызначаны патрыярхам. Фактычна тушынскі лагер узначальвалі Я.Сапега, М.Ражынскі, Лісоўскі. Да восені 1608 І. II кантраляваў раёны на Пн, У і ПнЗ ад Масквы. Наступленне аб’яднанага руска-шведскага войска вымусіла І. II у снеж. 1609 збегчы ў Калугу. У ліп. 1610 беспаспяхова спрабаваў захапіць Маскву, адступіў у Калугу, дзе быў забіты касімаўскімі татарскімі князямі за забойства ім царэвіча Ураз-Мухамеда (васала рус. цара). Прыхільнікі І. II абвясцілі царом яго сына Івана Дзмітрыевіча, рэшткі тушынскага войска ўзначаліў І.М.Заруцкі.

Літ.:

Соловьев С.М. Соч. Кн 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;

Платонов С.Ф. Очерки по истории смуты в Московском государстве, XVI—XVII вв. М., 1997.

А.П.Грыцкевіч.

т. 7, с. 195

ІЛЖЭДРАЦЯ́НІКІ,

лічынкі жукоў сям. чарнацелак і пылкаедаў, шкоднікі многіх с.-г. культур. Названы так за вонкавае падабенства да драцянікаў. У адрозненне ад іх у І. развітая верхняя губа, пярэднія ногі даўжэйшыя і таўсцейшыя за сярэднія і заднія; у лічынак чарнацелак цела знізу пляскатае, у пылкаедаў — цыліндрычнае. Найб. небяспечныя: павольнік пясчаны, чарнацелка кукурузная, пылкаед гарчычны і інш.

Да арт. Ілжэдрацянікі. Павольнік пясчаны: 1 — жук; 2 — пашкоджаныя ім усходы; 3 — лічынка.

т. 7, с. 195

ІЛЖЭКАРАЕ́ДЫ,

капюшоннікі (Bostrychidae), сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 550 відаў. Сустракаюцца пераважна ў тропіках. На Беларусі каля 30 відаў, найб. пашыраны І. дубовы, або звычайны (Bostrychus capucinus). Жукі і лічынкі жывуць у мёртвых дрэвах, лесаматэрыялах, радзей у насенні злакаў.

Вонкавым выглядам і спосабам жыцця нагадваюць караедаў, адрозніваюцца будовай 4-членікавых лапак. Даўж. 8—14 мм. Цела валікападобнае, цыліндрычнае, іншы раз расшыранае на канцы. У большасці відаў галава ўцягнута ў капюшонападобную бугрыстую спінку.

Ілжэкараед дубовы.

т. 7, с. 196

ІЛІ́,

рака ў Кітаі і Казахстане. Даўж. 1001 км, пл. басейна 140 тыс. км2. Пачынаецца ва Усх. Цянь-Шані пры зліцці двух вытокаў — Тэкес і Кунгес. Упадае ў воз. Балхаш. У вярхоўі — горная рака, ніжэй упадзення р. Каш даліна расшыраецца і І. падзяляецца на рукавы. Да г. Капчагай цячэ па шырокай катлавіне, у нізкіх, месцамі забалочаных берагах, ніжэй уступае ў цясніну Капчагай, дзе пабудаваны Капчагайская ГЭС і вадасховішча. Потым цячэ па Прыбалхашскай раўніне, пры ўпадзенні ўтварае дэльту (пл. 9 тыс. км2) з мноствам рукавоў. Асн. прытокі: Каш, Харгос (справа), Чарын, Чылік, Талгар, Каскелен, Курты (злева). Жыўленне ледавікова-снегавое. Ледастаў са снеж. да сакавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 329 м³/с, на 270 км вышэй (с. Учжарма) — 469 м³/с. Суднаходная ад г. Кульджа (Кітай); у Казахстане — ад дзярж. мяжы да прыстані Баканас. Выкарыстоўваецца на арашэнне.

т. 7, с. 196

ІЛІЕ́СКУ ((Iliescu) Іон) (н. 3.3.1930, г. Алтэніца, Румынія),

палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. Скончыў Бухарэсцкі політэхн. і Маскоўскі энергет. (1954) ін-ты. У 1946—60 займаў пасады ў ЦК Саюза камуніст. моладзі (СКМ). З 1957 дэп. Вял. нац. сходу (ВНС). У 1967—71 1-ы сакратар ЦК Саюза камуніст. моладзі і міністр па справах моладзі. З 1968 чл., з 1971 сакратар ЦК Рум. КП. У 1979—84 старшыня Нац. савета воднай гаспадаркі, чл. урада, у 1979—80 чл. Дзярж. савета Румыніі. За выступленні супраць палітыкі Н.Чаўшэску ў 1984 выведзены з ЦК Рум. КП і ўрада, пазбаўлены статуса дэп. ВНС. Працаваў дырэктарам Бухарэсцкага выд-ва навук.-тэхн. л-ры. З 26.12.1989 старшыня Савета Фронту нац. выратавання, створанага пасля звяржэння Чаўшэску. З 1990 старшыня Часовага савета нац. згоды. У 1990—96 прэзідэнт Румыніі.

М.С.Даўгяла.

т. 7, с. 196

ІЛІЁН,

гл. Троя.

т. 7, с. 196

ІЛІНДЗЕ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1903,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне народаў Македоніі супраць тур. панавання. Пачалося 2.8.1903 на Ільін дзень (адсюль назва). Ахапіла пераважна паўд.-зах. Македонію, у інш. раёнах дзейнічалі партыз. атрады. Паўстанцы, у асноўным сяляне, захапілі шэраг населеных пунктаў, 4 жн.г. Крушава і абвясцілі рэспубліку. 19 жн., калі паўстанне пайшло на спад, ва ўсх. Фракіі ўспыхнула т.зв. Праабражэнскае паўстанне балгар, якія таксама абвясцілі рэспубліку ў г. Малка-Тырнава. У вер. 200-тысячная тур. армія жорстка задушыла паўстанне, тысячы паўстанцаў загінулі ў баях, расстраляны, 30 тыс. эмігрыравала.

т. 7, с. 196

ІЛІНО́ЙС (Illinois),

рака ў ЗША, левы прыток р. Місісіпі. Утвараецца пры зліцці рэк Дэс-Плейнс і Канкакі; ч. Ілінойскага воднага шляху. Даўж. 437 км, ад вытоку р. Канкакі 653 км, пл. бас. каля 75 тыс. км2. Цячэ па Цэнтральных раўнінах. Веснавыя паводкі, летне-асенняя межань. Сярэдні гадавы расход вады каля 800 м³/с. У верхнім цячэнні злучана суднаходнымі каналамі з воз. Мічыган (каля г. Чыкага) і р. Місісіпі (каля г. Рок-Айлепд). Суднаходная, шлюзаваная, вышэй г. Ла-Сал каналізаваная. Ha І. — г. Пеорыя.

т. 7, с. 196