Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАФЕ́СІЯ (ад лац. professio спецыяльнасць),

устойлівы і адносна шырокі від працоўнай дзейнасці; вял. група людзей, аб’яднаных агульным родам заняткаў, прац. дзейнасцю. Прадугледжвае пэўную сукупнасць тэарэт. ведаў, практычнага вопыту і прац. навыкаў, з’яўляецца крыніцай даходу. Вызначаецца характарам і зместам работы ці службовых функцый, прыладамі і прадметамі працы, якія выкарыстоўваюцца. Па меры развіцця прадукц. сіл грамадства, выкарыстання больш дасканалых прылад працы і тэхналогій вытв-сці паглыбляецца падзел працы, з’яўляюцца спецыялізаваныя П. Але працэс спецыялізацыі працы спалучаецца з тэндэнцыяй да фарміравання П. шырокага профілю і сумяшчэння П. З навук.тэхн. прагрэсам звязаны працэс адмірання некаторых П. і ўзнікнення новых. Існуе некалькі тысяч П.

т. 13, с. 29

ПРАФЕСІЯГРА́МА,

дакумент, у якім апісваюцца асаблівасці спецыяльнасці, прафесіі (псіхал., вытв.-тэхн., медыка-гігіенічныя і інш.). Уключае таксама кваліфікацыйны профіль, дзе даюцца колькасныя паказчыкі якасцей, неабходных работніку, псіхаграму (патрабаванні да псіхічнага стану і ўласцівасцей асобы работніка дадзенай прафесіі). На аснове П. вызначаецца прафес. прыдатнасць і ажыццяўляецца прафес. адбор.

т. 13, с. 29

ПРАФЕСІЯНАЛІ́ЗМ,

вузка спецыяльнае слова або выраз, якім карыстаюцца ў мове прадстаўнікі асобных прафесій і спецыяльнасцей. Напр., у мове друкароў: «паласа» — набраная ці аддрукаваная старонка; «падвал» — ніжняя частка газетнай старонкі і артыкул, змешчаны на гэтым месцы.

З’яўленне П. у мове выклікана неабходнасцю вычленіць і дыферэнцыраваць прадметы, прылады і прадукты працы, вытв. працэсы і дзеянні і для іх абазначэння стварыць адпаведныя словы. Па сваёй функцыі П. блізкія да тэрмінаў, але адрозніваюцца ад іх тым, што астаюцца на ўзроўні паўафіц. назваў спец. паняццяў і бытуюць звычайна ў сферы вусных моўных зносін. Адносна лёгка пераходзяць у гутарковую мову.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.

В.​П.​Красней.

т. 13, с. 29

ПРАФІЛАКТО́РЫЙ,

лячэбна-прафілактычная ўстанова санаторнага тыпу для лячэння без адрыву ад вытворчасці. Адрозніваюць П. агульнатэрапеўтычныя і спецыялізаваныя.

т. 13, с. 29

ПРАФІЛА́КТЫКА,

(грэч. prophylaktikos засцерагальны) у тэхніцы, мерапрыемствы планава-папераджальнага характару для падтрымкі ў спраўным стане з зададзеным узроўнем надзейнасці тэхн. прыстасаванняў, механізмаў і вырабаў. Заключаецца ў абследаванні вырабу, замене ці рамонце асобных яго дэталей і вузлоў, у чыстцы, змазцы, рэгуліроўцы і інш. Папярэджвае магчымасць нечаканага спынення работы прыстасавання з прычыны зносу яго элементаў, забруджвання эл. кантактаў і інш. Ажыццяўляецца ў прадугледжаныя тэрміны.

т. 13, с. 29

ПРАФІЛАКТЫ́ЧНАЕ НАЗІРА́ННЕ ў крымінальным праве,

знаходжанне пад кантролем на працягу тэрміну судзімасці асоб, якія здзейснілі цяжкае або асабліва цяжкае злачынства, а таксама асуджаных з адтэрміноўкай пакарання, з умоўным пакараннем, без прызначэння пакарання, непаўналетніх асуджаных з выкарыстаннем прымусовага выхавання. Ажыццяўляецца адпаведнымі службамі органаў унутр. спраў. Паводле крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (1999) гэтыя асобы абавязаны папярэдне паведамляць органам унутр. спраў пра змену жыхарства, выезд па асабістых справах у інш. мясцовасць, з’яўляцца па выкліку гэтых органаў, пры неабходнасці даваць тлумачэнні.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 29

ПРАФІЛЁЎШЧЫК,

машына для ўтварэння дакладнага профілю і роўнай паверхні дна і адхонаў каналаў (аўтадарог, дамбаў, плацін, вадасховішчаў). Бываюць на рэйкавым і гусенічным хаду. З’яўляюцца разнавіднасцю планіроўшчыкаў.

Маюць 1 ці 2 многакаўшовыя рабочыя органы папярочнага капання (або фрэзы), якія непасрэдна ці праз стужачны транспарцёр выкідваюць грунт на берму (у кавальеры). За рабочымі органамі размяшчаюцца адвалы — для канчатковай планіроўкі і зачысткі паверхні. Паўнапрофільныя П. планіруюць увесь перыметр выемкі з рознай шырынёй па дне, працуюць пры руху ўперад і назад; паўпрофільныя ажыццяўляюць планіроўку аднаго адхону і часткі дна (адхонапланіроўшчыкі).

М.​Кандрацьеў.

Схема паўпрофільнага прафілёўшчыка: 1 — многакаўшовы рабочы орган; 2 — рэйкавы пуць; 3 — стужачны транспарцёр.

т. 13, с. 29

ПРАФІЛО́МЕТР,

прылада для вызначэння памеру няроўнасцей (шурпатасці) апрацаванай паверхні дэталей. Электрадынамічны П. складаецца з алмазнай іголкі, што перамяшчаецца перпендыкулярна кантралюемай паверхні і пераўтваральніка ваганняў іголкі ў адпаведныя паказанні электравымяральнай прылады. Існуюць аптычныя П., якія перадаюць (у павялічаным маштабе) профіль паверхні на экран. П. з аўтам. запісам паказанняў пераўтваральніка наз. прафілографам. Выкарыстоўваюць у машынабудаванні.

т. 13, с. 30

ПРАФІНТЭ́РН,

гл. ў арт. Чырвоны інтэрнацыянал прафсаюзаў.

т. 13, с. 30

ПРАФО́РМА (лац. pro forma дзеля формы),

знешняя фармальнасць, выгляд; што-н. непатрэбнае, паказное.

т. 13, с. 30