ПРАФЕСІЯНАЛІ́ЗМ,

вузка спецыяльнае слова або выраз, якім карыстаюцца ў мове прадстаўнікі асобных прафесій і спецыяльнасцей. Напр., у мове друкароў: «паласа» — набраная ці аддрукаваная старонка; «падвал» — ніжняя частка газетнай старонкі і артыкул, змешчаны на гэтым месцы.

З’яўленне П. у мове выклікана неабходнасцю вычленіць і дыферэнцыраваць прадметы, прылады і прадукты працы, вытв. працэсы і дзеянні і для іх абазначэння стварыць адпаведныя словы. Па сваёй функцыі П. блізкія да тэрмінаў, але адрозніваюцца ад іх тым, што астаюцца на ўзроўні паўафіц. назваў спец. паняццяў і бытуюць звычайна ў сферы вусных моўных зносін. Адносна лёгка пераходзяць у гутарковую мову.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.

В.​П.​Красней.

т. 13, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)