Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРАЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. proles атожылак, патомства + facio раблю),

прарастанне якога-н. органа расліны з другога органа, які скончыў свой рост і развіццё (напр., прарастанне вегетатыўнага парастка з лісцем з кветкі, або новай кветкі з існуючай). Адбываецца ў пэўных умовах з прычыны падоўжання восі кветаложа або плода за кошт росту і дыферэнцыяцыі нявыкарыстанай ч. верхавінкавай мерыстэмы (напр., пры прышчэпліванні чаранка з кветкавымі пупышкамі яблыні ці чарэшні на моцны прышчэп). П. характэрная для ананаса, ружы, суніц; адзначана таксама ў жан. шышак сагоўнікаў, шышак хвойных. У агульнабіял. сэнсе — тое, што праліферацыя.

т. 12, с. 552

ПРАЛО́БНА,

возера на мяжы Расонскага р-на Віцебскай вобл. і Пскоўскай вобл. (Расія), у бас. р. Дрыса, за 37 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,87 км², даўж. 1,97 км, найб. шыр. 610 м, даўж. берагавой лініі 4,93 км. Пл. вадазбору 13,4 км². Катлавіна складаецца з 2 плёсаў. На Пн злучана пратокай з р. Дрыса.

т. 12, с. 552

ПРАЛО́Г (грэч. prologos ад pro перад + логас),

уступ, які папярэднічае асноўнай частцы эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора. П. знаёміць чытача з героямі, у ім аўтар паведамляе гісторыю ўзнікнення твора, яго задумы. Найчасцей П. псіхалагічна і эмацыянальна падрыхтоўвае чытача ці гледача да ўспрымання карцін жыцця, падзей, адлюстраваных у творы (напр., П. паэмы «Медны коннік» А.​Пушкіна, «Слова двух сведак» у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» У.​Караткевіча). У П. апавяданне можа весціся ад імя аўтара або персанажа. Тэрмін «П.» можа і не прыгадвацца ў творы, але пэўная яго частка па сваім значэнні з’яўляецца П. (напр., 1-я частка ў паэме Я.​Купалы «Курган», у якой апісваецца старадаўні курган). Бывае не ў кожным маст. творы. У адрозненне ад прадмовы П. — заўсёды мастацкі.

М.​А.​Лазарук, А.​Я.​Ленсу.

т. 12, с. 552

«ПРАЛО́М»,

палітычны і літаратурны часопіс Віленскага акр. к-та КСМЗБ. Выдаваўся нелегальна ў студз. — лют. 1932 у Вільні на бел. мове. Часопіс рэдагавалі і рыхтавалі да выдання М.​Танк і Я.​Гарох. Асвятляў паліт. і сац.-эканам. становішча ў Зах. Беларусі, заклікаў працоўных да рэв. і нац.-вызв. барацьбы, змагання ў абарону Т-ва бел. школы, за школу на роднай мове, адкрыццё бібліятэк-чытальняў, нар. дамоў, курсаў для непісьменных. Апублікаваў публіцыстычныя артыкулы А.​Цвіка, Л.​Родзевіча (пад псеўд. Змагар), вершы і апавяданне М.​Танка (пад псеўд. А.​Граніт), верш Я.​Гароха і інш. Выйшлі 2 нумары. З сак. 1932 выдаваўся легальны «Часопіс для ўсіх».

П.​І.​Зялінскі.

т. 12, с. 552

ПРАЛО́МНІК (Androsace),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі. На Беларусі П. ніткападобны (A. filiformis) і паўночны (A. septentrionalis). Трапляюцца каля лясных дарог, на чыг. насыпах, сухіх адхонах.

Адна- або шматгадовыя травы, часам паўкусты, утвараюць шчыльныя дзярніны ці падушкі, часта ксерафіты. Лісце яйцападобнае або лінейнае, у разетцы. Кветкі дробныя, у парасонападобных суквеццях, рэдка адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

Праломнік: 1 — бародаўчаты; 2 — ніткападобны.

т. 12, с. 552

ПРА́ЛЬНАЯ МАШНА,

машына для мех. мыцця, паласкання і адціскання бялізны. Бываюць без адціскання (малагабарытныя пераносныя), з ручным валковым адцісканнем, паўаўтам. двухба́кавыя з дыскавым актыватарам раствору і цэнтрыфугай для адціскання або аднаба́кавыя барабаннага тыпу, аўтаматычныя з праграмным кіраваннем (звычайна аднаба́кавыя барабаннага тыпу).

Перамешванне бялізны і актывацыя раствору, неабходная для яго інтэнсіўнай цыркуляцыі, ажыццяўляецца звычайна вярчальным лопасцевым дыскам (актыватарам) ці барабанам. Актыватар манціруецца ў дно ці ў сценку бака, прыводзіцца ў рух электрарухавіком, што ўключаецца таймерам. У машынах барабаннага тыпу бялізна мыецца ў перфарыраваным барабане, які рэверсіўна круціцца ў пральным баку, запоўненым мыйным растворам. Загрузка бытавых П м. да 5 кг, камунальных — да 200 кг сухой бялізны.

т. 12, с. 552

ПРА́ЛЬНІКІ,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Івянец — Ракаў. Цэнтр сельсавета. За 38 км на ПдУ ад г. Валожын, 47 км ад Мінска, 32 км ад чыг. ст. Беларусь. 240 ж., 93 двары (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — капліца-пахавальня (2-я пал. 19 ст.).

т. 12, с. 552

ПРАЛЮ́ВІЙ (ад лац. proluo выношу цячэннем),

комплекс рыхлых адкладаў часовых водных патокаў. Тэрмін прапанаваў рус. геолаг А.​П.​Паўлаў у 1914. Утвараецца каля падножжа гор, а таксама ў конусах вынасу далін і яроў. Складаецца з вял. абломкаў і валуноў горных парод, галькі, жвіру і інш., якія зменьваюцца да перыферыі дробназярністымі пяскамі, супескамі, лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. Злучаныя конусы вынасу ўтвараюць пралювіяльныя шлейфы. На Беларусі П. трапляецца ў межах узгорыста-градавага (Беларуская града) і ярыстага рэльефу.

т. 12, с. 552

ПРАМАВУГО́ЛЬНІК,

чатырохвугольнік, у якім усе вуглы прамыя; асобны від паралелаграма.

т. 12, с. 552

ПРАМАВУГО́ЛЬНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

гл. ў арт. Дэкартава сістэма каардынат.

т. 12, с. 553