ПРАЛО́Г (грэч. prologos ад pro перад + логас),
уступ, які папярэднічае асноўнай частцы эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора. П. знаёміць чытача з героямі, у ім аўтар паведамляе гісторыю ўзнікнення твора, яго задумы. Найчасцей П. псіхалагічна і эмацыянальна падрыхтоўвае чытача ці гледача да ўспрымання карцін жыцця, падзей, адлюстраваных у творы (напр., П. паэмы «Медны коннік» А.Пушкіна, «Слова двух сведак» у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» У.Караткевіча). У П. апавяданне можа весціся ад імя аўтара або персанажа. Тэрмін «П.» можа і не прыгадвацца ў творы, але пэўная яго частка па сваім значэнні з’яўляецца П. (напр., 1-я частка ў паэме Я.Купалы «Курган», у якой апісваецца старадаўні курган). Бывае не ў кожным маст. творы. У адрозненне ад прадмовы П. — заўсёды мастацкі.
М.А.Лазарук, А.Я.Ленсу.
т. 12, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)