ПРАЛО́МНІК (Androsace),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі. На Беларусі П. ніткападобны (A. filiformis) і паўночны (A. septentrionalis). Трапляюцца каля лясных дарог, на чыг. насыпах, сухіх адхонах.

Адна- або шматгадовыя травы, часам паўкусты, утвараюць шчыльныя дзярніны ці падушкі, часта ксерафіты. Лісце яйцападобнае або лінейнае, у разетцы. Кветкі дробныя, у парасонападобных суквеццях, рэдка адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

Праломнік: 1 — бародаўчаты; 2 — ніткападобны.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)