Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРАЗРЫ́СТАСЦЬ у оптыцы,

уласцівасць рэчываў прапускаць святло. Накіраванае (не дыфузнае) распаўсюджванне святла характарызуецца прапускання каэфіцыентам.

Залежыць ад адбіцця, паглынання і рассейвання святла ў рэчыве. П. адрозніваюць ад прапускання святла (асяроддзе можа быць непразрыстым і прапускаць рассеянае святло, напр., тонкі ліст паперы). Кожнае рэчыва празрыстае толькі для прамянёў пэўнай часткі аптычнага спектра, напр., звычайнае шкло — для бачнага святла, кварц — для бачнага і ультрафіялетавага.

т. 12, с. 544

ПРАЗРЫ́СТАСЦЬ АТМАСФЕ́РЫ,

здольнасць атмасферы прапускаць сонечную радыяцыю. Залежыць ад масы паветра, праз якую праходзяць прамяні, ад утрымання ў паветры вадзяной пары і прадуктаў яе кандэнсацыі (кропель і крышталёў), а таксама аэразольных дамешкаў (пылу, дыму і інш.), якія значна памяншаюць П.а. Найб. празрыстае паветра ў палярных раёнах, найменш — у гарадах, асабліва летам, у выніку тэхнагеннага забруджвання.

т. 12, с. 544

ПРАЙС ((Price) Леанціна) (н. 10.2.1927, г. Лорэл, штат Місісіпі, ЗША),

амерыканская спявачка (сапрана). Скончыла Джульярдскую муз. школу (1952). Як оперная спявачка дэбютавала ў 1951. У 1959 у т-ры «Ла Скала». З 1961 салістка «Метраполітэн-опера» ў Нью-Йорку. З 1985 выступае як камерная спявачка. Валодае голасам выключнай прыгажосці і насычанасці. Яе выкананне вылучаецца вял. драматызмам, сілай экспрэсіі. Адна з лепшых выканальніц партый Аіды («Аіда» Дж.​Вердзі) і Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ). Сярод інш. партый: Донна Ганна («Дон Жуан» В.​А.​Моцарта), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні) і інш. Тонкі інтэрпрэтатар камерных вакальных твораў, у т. л. цыкла «Песні самотніка» С.Барбера, створанага для яе.

т. 12, с. 544

ПРАКА́ЗА,

тое, што лепра.

т. 12, с. 544

ПРАКА́МБІЙ (ад. лац. pro перад, раней, замест + камбій),

эмбрыянальная фаза ў развіцці першаснай праводнай сістэмы; ч. верхавінкавай мерыстэмы. Закладваецца ў парастках, у вобласці фарміравання лісцевых зачаткаў і ў каранях. Клеткі П. моцна выцягнутыя (празенхімныя), танкасценныя, слабавакуалізаваныя, размешчаны ў выглядзе цяжоў і ўтвараюць адзіную пракамбіяльную сістэму. Колькасць цяжоў паміж сцяблом і лістом пастаянная для віду (важная таксанамічная адзнака). З П. ўтвараюцца праводныя тканкі — першасныя ксілема і луб (флаэма).

т. 12, с. 544

ПРАКАПЕ́НКА (Мікалай Фёдаравіч) (н. 17.12.1923, в. Гейдзіна Аляксандраўскага р-на Данецкай вобл., Украіна),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1981), праф. (1985). Скончыў Харкаўскі аўтадарожны ін-т (1951). З 1952 дырэктар МТС, старшыня Плешчаніцкага райвыканкома, 1-ы сакратар Старобінскага райкома КПБ, сакратар Мінскага абкома КПБ. З 1976 у Бел. НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (у 1976—85 дырэктар). Навук. працы па праблемах навук.-тэхн. прагрэсу, эфектыўнасці, рэнтабельнасці і спецыялізацыі сельскай гаспадаркі. Распрацаваў тэарэт. асновы, механізм фарміравання і кіравання якасцю с.-г. прадукцыі ў рыначных умовах.

Тв.:

Специализация и рентабельность сельскохозяйственного производства. Мн., 1972;

Экономические проблемы качества сельскохозяйственной продукции. М., 1980;

Агропром: науч.-технич. прогресс и качество. Мн., 1988.

т. 12, с. 544

ПРАКАПЕ́НКА (Станіслаў Іванавіч) (н. 8.1.1939, в. Кляпін Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст і гасп. дзеяч. Канд. эканам. н. (1989). Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1961). З 1975 у Гомелі: дырэктар з-да пластмасавых вырабаў, з-да сантэхабсталявання, ВА «Белэмальпосуд», з-да пускавых рухавікоў. З 1990 нам. старшыні Гомельскага аблвыканкома. З 1992 ген. дырэктар «Гомсельмаша». З 1955 прарэктар Гомельскага тэхн. ун-та імя П.​В.​Сухога. Навук. працы па праблемах сац.-эканам. развіцця, рыначных адносін і занятасці насельніцтва.

Тв.:

Практикум по экономике производства и нормированию труда. Мн., 1994;

Рынок труда и занятость населения. Мн., 1995 (у сааўт.);

Основы рыночной экономики. Мн., 1993 (разам з У Дз.​Арэшчанкам, А.​Д.​Янушкам).

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 544

ПРАКАПО́ВІЧ (Ігар Міхайлавіч) (н. 9.12.1960, г. Паставы Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, краязнавец. Скончыў БДУ (1985). З 1986 настаўнічае ў Паставах. Друкуецца з 1986. У вершах (зб-кі «Рэха малітваў», 1993; «Намагнічаны космас», 1996; «Шляхі наканаванага бязмежжа», 1999) — боль за знявечаную Чарнобылем Беларусь, узрушанасць, задушэўнасць, разважлівасць, трывога за знішчэнне зямнога хараства, заклікі любіць родную зямлю. Аўтар краязнаўчых кніг «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна» (1994), «Адкуль паходзяць назвы. Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна» (2000), артыкулаў па гісторыі і геаграфіі Пастаўскага р-на, школьнага краязнаўства, апавяданняў і п’ес. Піша і выконвае бардаўскія песні.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 544

ПРАКАПО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Мікалаевіч; н. 1.11.1948, в. Пугачова Брэсцкага р-на, цяпер у межах Брэста),

бел. паэт. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1970). Настаўнічаў, працаваў на радыё і тэлебачанні. З 1984 сакратар Брэсцкага абл. аддз. Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1994 працуе на Брэсцкай студыі тэлебачання.

Друкуецца з 1966. Зб-кі «Неад’емнае» (1982), «На кругі свае» (1986), «Мяжа надзеі» (1993) пра дабрыню, сяброўства, каханне, гісторыю роднага народа, клопат пра захаванне прыроды, складаныя праблемы сучаснасці.

т. 12, с. 544

ПРАКАПЦО́ВА (Вера Паўлаўна) (н. 29.1.1947, Мінск),

бел. музыказнавец, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (2000), праф. (1997). Дачка П.Б.Масленікава. Скончыла Бел. кансерваторыю (1970; да 1972 там канцэртмайстар). З 1975 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. З 1979 заг. кафедры Бел. ун-та культуры. Навук. працы па гісторыі і тэорыі маст. адукацыі ў Беларусі, бел. масавай песні, ролі музыкі ў эстэт. выхаванні Аўтар мастацтвазнаўчых прац, у т. л. вучэбных дапаможнікаў.

Тв.:

Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980;

Фартэпіянныя мініяцюры беларускіх кампазітараў. Ч. 1—2. Мн., 1994—96 (у сааўт.);

Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

А.​А.​Саламаха.

т. 12, с. 544