ПРАКАПО́ВІЧ (Ігар Міхайлавіч) (н. 9.12.1960, г. Паставы Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, краязнавец. Скончыў БДУ (1985). З 1986 настаўнічае ў Паставах. Друкуецца з 1986. У вершах (зб-кі «Рэха малітваў», 1993; «Намагнічаны космас», 1996; «Шляхі наканаванага бязмежжа», 1999) — боль за знявечаную Чарнобылем Беларусь, узрушанасць, задушэўнасць, разважлівасць, трывога за знішчэнне зямнога хараства, заклікі любіць родную зямлю. Аўтар краязнаўчых кніг «Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна» (1994), «Адкуль паходзяць назвы. Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна» (2000), артыкулаў па гісторыі і геаграфіі Пастаўскага р-на, школьнага краязнаўства, апавяданняў і п’ес. Піша і выконвае бардаўскія песні.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)