ПРАКА́МБІЙ (ад. лац. pro перад, раней, замест + камбій),

эмбрыянальная фаза ў развіцці першаснай праводнай сістэмы; ч. верхавінкавай мерыстэмы. Закладваецца ў парастках, у вобласці фарміравання лісцевых зачаткаў і ў каранях. Клеткі П. моцна выцягнутыя (празенхімныя), танкасценныя, слабавакуалізаваныя, размешчаны ў выглядзе цяжоў і ўтвараюць адзіную пракамбіяльную сістэму. Колькасць цяжоў паміж сцяблом і лістом пастаянная для віду (важная таксанамічная адзнака). З П. ўтвараюцца праводныя тканкі — першасныя ксілема і луб (флаэма).

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)