Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАТО́ННЫ СІНХРАТРО́Н,

разнавіднасць сінхрафазатрона для паскарэння пратонаў. Гл. таксама Паскаральнікі зараджаных часціц.

т. 13, с. 25

ПРАТРА́ВЫ,

хімічныя прэпараты для апрацоўкі (пратручвання) насення, клубняў, цыбулін і інш. пасяўнога і пасадачнага матэрыялу. Асн. кампанент большасці П. — фунгіцыд.

Паводле прызначэння бываюць аднамэтавыя (засцерагаюць расліны ад хвароб) і камбінаваныя. Камбінаваныя П. акрамя фунгіцыдаў маюць інсектыцыды, мікраэлементы і розныя дапаможныя рэчывы, дадаткова ахоўваюць насенне і ўсходы ад глебавай мікрафлоры і насякомых, што жывуць у глебе, засцерагаюць насенныя клубні і караняплоды пры захоўванні, насенне — ад здзёўбвання птушкамі, паляпшаюць развіццё раслін і павышаюць іх устойлівасць да неспрыяльных умоў надвор’я, а часам і да ўздзеяння гербіцыдаў. Пратручванне праводзяць пераважна ў спец. машынах — пратручвальніках.

Літ.:

Химическая защита растений. 3 изд. М., 1987.

т. 13, с. 25

ПРАТРАМБІ́Н (ад лац. pro раней, перад, замест + трамбін),

трамбаген, бялок плазмы крыві чалавека і жывёл; найважн. кампанент сістэмы згусання крыві. Паводле хім. паходжання — глікапратэід, мае каля 12% вугляводаў. Бялковая ч. малекулы П. з 1 поліпептыднага ланцуга. Біясінтэз П. адбываецца ў клетках печані, рэгулюецца вітамінам К.

т. 13, с. 25

ПРАТРА́ЎНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

водарастваральныя арган. фарбавальнікі, якія сарбіруюцца тэкстыльнымі матэрыяламі і замацоўваюцца на іх пры дапамозе пратраў — злучэнняў металаў (пераважна хрому і жалеза) са ступенню акіслення +3. Паводле хім. класіфікацыі — пераважна азафарбавальнікі і антрахінонавыя фарбавальнікі. Пры фарбаванні на валакне ўтвараюцца ўстойлівыя нерастваральныя інтэнсіўна афарбаваныя металзмяшчальныя комплексы, што дазваляе атрымліваць афарбоўкі, выключна ўстойлівыя да розных фіз.-хім. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўвання шэрсці, радзей — натуральнага шоўку.

т. 13, с. 25

ПРАТРУ́ЧВАННЕ,

абеззаражванне насення і пасадачнага матэрыялу ад узбуджальнікаў грыбковых, бактэрыяльных, вірусных хвароб з дапамогай спец. хім. сродкаў (гл. Пратравы). Выкарыстоўваюць сухое, мокрае і паўсухое П.

Сухое П. — апудрыванне парашкападобнымі прэпаратамі. Яго недахопы — невял. ступень прыліпання пратравы да насення, небяспека распылення. Мокрае П — апрацоўка вадкімі прэпаратамі, з далейшымі тамленнем і прасушваннем. Працаёмкі метад, выкарыстоўваецца для невял. партый каштоўнага насення. Паўсухое П. — нанясенне парашкападобных пратручвальнікаў на ўвільготненае насенне ці апрацоўка суспензіямі; найб. перспектыўны метад.

Найб. эфектыўнае П. — за 5—8 мес да сяўбы ці пасадкі. Насенне пратручваюць на адкрытай пляцоўцы (не бліжэй як за 200 м ад жылых і жывёлагадоўчых памяшканняў). Пратручанае насенне нельга выкарыстоўваць у ежу і на корм жывёле.

т. 13, с. 25

ПРАТУБЕРА́НЦЫ (ад лац. protubero узнімаюся),

плазменныя ўтварэнні ў кароне Сонца; больш шчыльныя і халодныя за плазму кароны. Узнікаюць у месцах павышанай актыўнасці Сонца і выцягнуты ўздоўж сілавых ліній магн. поля. На краі Сонца назіраюцца ў выглядзе святлівых воблакаў, арак, струменяў, у праекцыі на сонечны дыск — у выглядзе цёмных валокнаў.

Паводле знешняга выгляду і характару рухаў адрозніваюць: спакойныя П (даўж. каля 200 тыс. км, таўшчыня ~ 6 тыс. км, выш. над паверхняй Сонца ~ 40 тыс. км, т-ра (6—15) тыс. К. працягласць існавання ад 1—2 сут да некалькіх месяцаў); П. сонечных плям (назіраецца рух іх асобных частак, час жыцця ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін); эруптыўныя П. (узнікаюць са спакойных. больш яркія. узмацняюцца ўнутр. рухі, т-ра (15—25) тыс. К, час жыцця ад некалькіх мінут да паўгадзіны). Колькасць П. на Сонцы і іх размеркаванне па шыротах адпавядаюць 11-гадоваму цыклу сонечнай актыўнасці. Існуе цесная сувязь паміж П. і формай сонечнай кароны.

А.​А.​Шымбалёў.

Пратуберанцы на Сонцы.

т. 13, с. 25

ПРАТЫСТАЛО́ГІЯ (ад пратысты + ...логія),

галіна біялогіі, якая вывучае аднаклетачныя ядзерныя арганізмы — пратысты. Тэрмін «П.» часам выкарыстоўваецца як сінонім тэрміна «протазаалогія». На Беларусі даследаванні ў галіне П. пачаты ў 1930-я г. В.​Л.​Якімавым. Пераважнае развіццё атрымалі вет. і мед. П. Праводзяцца ў Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі, віцебскіх Акадэміі вет. медыцыны і ун-це, у БДУ і інш. Значны ўклад зрабілі вучоныя Г.​Г.​Вінберг, У.​Р.​Гобзем, В.​Ф.​Гусеў, М.​І.​Дылько, П.​С.​Іванова, С.​П.​Сузько і інш.

А.​С.​Шалапёнак.

т. 13, с. 26

ПРАТЫ́СТЫ (ад грэч. prōtistos самы першы),

сукупнасць аднаклетачных ядзерных арганізмаў. Вывучае пратысталогія. Тэрмін увёў Э.Гекель (1866), які прапанаваў вылучаць П. ў асобнае царства, што ўключала таксама бактэрый. Некат. вучоныя лічаць, што да П. неабходна адносіць толькі жывёльныя аднаклетачныя арганізмы. Аднак на клетачным узроўні немагчыма правесці пэўную мяжу паміж раслінамі і жывёламі. Напр., некат. расл. жгуціканосцы здольныя мяняць тып жыўлення ў залежнасці ад умоў асяроддзя: на святле ажыццяўляюць фотасінтэз (жывяцца як аўтатрофы), у цемры здольны жывіцца гатовымі арган. рэчывамі (як гетэратрофы). Гэта сведчыць пра адзінства паходжання раслін і жывёл і дазваляе інш. вучоным аб’яднаць у групу П. ўсе аднаклетачныя ядзерныя арганізмы.

А.​С.​Шалапёнак.

т. 13, с. 26

ПРАТЭАЛІТЫ́ЧНЫЯ ФЕРМЕ́НТЫ, пратэазы,

ферменты класа гідралаз; каталізуюць гідроліз пептыдных сувязей у бялках і пептыдах. Прысутнічаюць ва ўсіх жывых арганізмах. У пазваночных жывёл бываюць пазаклетачныя (П.ф. стрававальнага тракту — пепсін, трыпсін і інш., крыві — трамбін, рэнін, плазмін і інш.) і ўнутрыклетачныя (катэпсіны). Пазаклетачныя выпрацоўваюцца звычайна ў выглядзе неактыўных праферментаў. П.ф. падзяляюць на 2 групы: эндапептыдазы, якія каталізуюць гідроліз пептыдных сувязей унутры поліпептыднага ланцуга і экзапептыдазы, якія каталізуюць адшчапленне ад поліпептыднага ланцуга канцавых амінакіслот (з N - або С-канца малекулы). Выкарыстоўваюць у даследаваннях для ўстанаўлення будовы бялкоў і пептыдаў, у харч. прам-сці (мякчэнне мяса, сыраварства), у медыцыне (гаенне ран і апёкаў, лячэнне пухлін і інш.).

т. 13, с. 26

ПРАТЭЖЭ́ (франц. protégé),

асоба, якой спрыяюць, аказваюць пратэкцыю ў службовых і інш. справах.

т. 13, с. 26