ПРАТЫ́СТЫ (ад грэч. prōtistos самы першы),

сукупнасць аднаклетачных ядзерных арганізмаў. Вывучае пратысталогія. Тэрмін увёў Э.Гекель (1866), які прапанаваў вылучаць П. ў асобнае царства, што ўключала таксама бактэрый. Некат. вучоныя лічаць, што да П. неабходна адносіць толькі жывёльныя аднаклетачныя арганізмы. Аднак на клетачным узроўні немагчыма правесці пэўную мяжу паміж раслінамі і жывёламі. Напр., некат. расл. жгуціканосцы здольныя мяняць тып жыўлення ў залежнасці ад умоў асяроддзя: на святле ажыццяўляюць фотасінтэз (жывяцца як аўтатрофы), у цемры здольны жывіцца гатовымі арган. рэчывамі (як гетэратрофы). Гэта сведчыць пра адзінства паходжання раслін і жывёл і дазваляе інш. вучоным аб’яднаць у групу П. ўсе аднаклетачныя ядзерныя арганізмы.

А.​С.​Шалапёнак.

т. 13, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)