Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕФРАЛО́ГІЯ (ад грэч. nephros нырка + ...логія),

раздзел медыцыны, які вывучае будову і функцыі нырак, прычыны ўзнікнення і механізмы развіцця іх захворванняў; распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з агульнай тэрапіяй, кардыялогіяй, уралогіяй, эндакрыналогіяй. Асн. праблемы сучаснай Н.: вострая і хранічная гламерулярныя і тубулярныя працэсы (першасныя і другасныя гламеруланефрыты, інтэрстыцыяльныя нефрыты; вострая і хранічная нырачная недастатковасць, яе лячэнне метадамі гема- і перытанеальнага дыялізу і трансплантацыяй нырак; захворванні нырачнага трансплантата, сімптаматычныя артэрыяльныя гіпертэнзіі). Для дыягностыкі ў Н. выкарыстоўваюць біяхім., рэнтгеналагічныя, радыеізатопныя, марфал., ультрагукавыя і інш. метады даследавання. У самаст. раздзел медыцыны Н. вылучана ў 1950-х.г.

На Беларусі праблемамі Н. займаюцца ў рэсп. нефралагічным цэнтры (4-я бальніца Мінска, Бел. НДІ кардыялогіі), мінскім гар. і абл. нефралагічных цэнтрах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Мінскім мед. ін-це. Вывучаюцца пытанні дыягностыкі і лячэння гламеруланефрытаў, хранічных захворванняў нырак у дзяцей, вострай нырачнай недастатковасці і інш. Вядучыя вучоныя ў галіне Н.: І.І.Канус, В.С.Пілатовіч, А.В.Сукала, А.С.Чыж і інш. Працуюць 18 аддзяленняў Н., 19 аддзяленняў (лабараторый) гемадыялізу, аддзяленне перасадкі ныркі, кабінеты і кансультатыўныя нефралагічныя прыёмы.

Літ.:

Нефрология в терапевтической практике. Мн., 1988;

Стецюк Е.А., Лебедев С.В. Классический гемодиализ. М., 1997;

Пилотович В.С., Соклаков В.И. Хроническая почечная недостаточность: интеграция и дифференциация лечения. Мн., 1993.

В.С.Пілатовіч.

т. 11, с. 304

НЕФРАСКЛЕРО́З (ад грэч. nephros нырка + склероз),

хвароба нырак, пры якой парэнхіма ныркі замяшчаецца злучальнай тканкай, што вядзе да зацвярдзення і зморшчвання ныркі і парушэння яе функцый. Узнікае ад атэрасклерозу дробных артэрый (артэрыёл). пры цяжкіх формах гіпертанічнай хваробы (першасна зморшчаная нырка), ад хранічнага нефрыту і піеланефрыту і інш. хвароб (другасна зморшчаная нырка). Прыкметы: нізкая ўдз.в. мачы, выдаленне з мачой бялку, крыві, урэмія; у цяжкіх выпадках — нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт., у цяжкіх выпадках хірургічнае.

т. 11, с. 305

НЕФРО́З, нефратычны сіндром,

агульная назва захворванняў нырак з паталаг. зменамі пераважна нырачных канальцаў. Бывае першасны (рэдка, у дзяцей да 3—5 гадоў) і другасны — вынік хвароб (дыябету цукровага, нефрыту, нефрапатыі цяжарных і інш.) або ўскладненне інфекцый і інтаксікацый. Прыкметы: ацёкі, бялок у мачы, парушэнне бялкова-тлушчавага абмену. Лячэнне: тэрапеўт., дыета.

т. 11, с. 305

НЕФРО́МА (Nephroma),

род ліставатых лішайнікаў сям. нефромавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 3 віды Н.: завернутая (N. resupinatum); згладжаная (N. laevigatum), занесена ў Чырв. кнігу; роўная (N. parile). Трапляюцца ў мяшаных лясах на ствалах, галінах, імшыстых пнях.

Слаявіна ліставатая, па краях лопасцевая, зверху гладкая, жаўтавата-зялёная або карычняватая, знізу — апушаная, радзей голая, з характэрным утварэннем апатэцыяў на ніжняй паверхні звужаных лопасцей. Споры 2—4-клетачныя, верацёнападобныя, бураватыя ці бясколерныя. Маюць лішайнікавыя к-ты. Паядаюцца паўн. аленямі.

У.У.Галубкоў.

Нефрома згладжаная.

т. 11, с. 305

НЕФРО́Н (ад грэч. nephros нырка),

асноўная структурна-функцыянальная адзінка нырак пазваночных жывёл і чалавека. Сукупнасць Н. (у чалавека іх каля 2 млн.) забяспечвае мочаўтварэнне і інш. функцыі нырак. Адрозніваюць бесклубочкавыя, якія маюць клеткі аднаго тыпу (у некат. рыб), і клубочкавыя (у інш. пазваночных), што маюць спец. клеткі для асн. працэсаў мочаўтварэння — фільтрацыі, рэабсорбцыі і сакрэцыі. Клубочкавы Н. уключае ныркавае цельца, сістэму паслядоўных канальцаў, зборныя ныркавыя трубачкі, сістэму вывадных праток і лаханку.

А.С.Леанцюк.

т. 11, с. 305

НЕФРЫ́Т (ад грэч. nephros нырка; у сувязі з падабенствам да ныркі),

мінерал класа сілікатаў, мікравалакністая разнавіднасць амфіболаў рада трэмаліту — актыналіту, Ca2(Mg; Fe)5 [Si4O11]2 (OH; F)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе шчыльнага агрэгата найтанчэйшых пераплеценых валокнаў, чым абумоўлена яго вязкасць і трываласць. Колер аліўкава-, яблычна-, травяна-, цёмна-зялёны, радзей шэры, белы, чорны. Размеркаванне колеру воблачна-плямістае. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Добра паліруецца. Радовішчы прымеркаваны да серпенцінітаў, радзей да даламітавых мармураў, валуны і галька здабываюцца з россыпаў. Каштоўны ювелірна-вырабны камень.

У.Я.Бардон.

Галька нефрыту.

т. 11, с. 305

НЕФРЫ́Т у медыцыне,

запаленне нырак алергічна-інфекц. паходжання з пераважным пашкоджаннем нырачных клубочкаў. Адрозніваюць востры і хранічны, дыфузны і ачаговы. Узнікае часцей пасля ангіны ці абвастрэнняў хранічнага танзіліту, захворванняў верхніх дыхальных шляхоў, выкліканых стрэптакокам, таксама пасля пнеўманіі, дыфтэрыі, пераахаладжэння арганізма і інш. Прыкметы: ацёкі, дамешкі крыві ў мачы, гіпертанія. Востры Н. можа ўскладняцца хранічным. Вынік хранічнага Н. — нырачная недастатковасць, урэмія. Лячэнне: дыета, тэрапеўтычнае.

т. 11, с. 305

НЕХАРО́ШАВА (Людміла Мікалаеўна) (н. 3.4.1951, г. Каўнас, Літва),

бел. эканаміст. Д-р эканам. н. (1996), праф. (2000). Скончыла Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1972). З 1976 у Бел. эканам. ун-це (з 1998 заг. кафедры). Адначасова (з 1993) праф. Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах фарміравання інавацыйнай інфраструктуры, навук.-тэхнал. развіцця і рынку, прадпрымальніцкай дзейнасці.

Тв.:

Совершенствование хозяйственного механизма в промышленности. Мн., 1989;

Научно-технологическое развитие и рынок: (регулирование, венчурная деятельность, инфраструктура). Мн., 1996;

Регулирование развития наукоемких отраслей и высокотехнологических производств // Бел. экон. журн. 1998. №1.

т. 11, с. 305

НЕ́ЧКІНА (Міліца Васілеўна) (25.2.1901, г. Нежын Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.5.1985),

расійскі сав. гісторык. Акад. АН СССР (1958), правадз. чл. АПН СССР з 1947. Скончыла Казанскі ун-т (1921). З 1921 у ВНУ і НДІ Казані і Масквы, у 1934—54 праф. Маскоўскага ун-та. З 1935 у Ін-це гісторыі АН СССР. Асн. творы па гісторыі рэв. руху і грамадскай думкі ў Расіі 19 ст., у т. л. дзекабрысцкага руху: «А.С.Грыбаедаў і дзекабрысты» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Рух дзекабрыстаў» (т. 1—2, 1955). Адзін з аўтараў прац па гістарыяграфіі і метадалогіі гісторыі. Гал. рэд. і аўтар «Нарысаў гісторыі гістарычнай навукі ў СССР» (т. 2—4, 1960—66).

Тв.:

В.О.Ключевский: История жизни и творчества. Мн., 1974;

Встреча двух поколений: Из истории рус. рев. движения конца 50-х — нач. 60-х гг. XIX в.: Сб. ст. М., 1980;

День 14 декабря 1825 г. 3 изд. М., 1985.

Літ.:

М.В.Нечкина (1901—1985). М., 1987.

т. 11, с. 305

НЕЧУХРЫ́Н (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 30.9.1952, г. Томск, Расія),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Томскі ун-т (1974). З 1979 працуе ў Гродзенскім ун-це (з 1984 заг. кафедры ўсеагульнай гісторыі). Даследаванні ў галіне метадалогіі гісторыі, гістарыяграфіі ўсеагульнай гісторыі і гісторыі Беларусі. Адзін з аўтараў навук. дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Метадалогія гісторыі» (1996).

Тв.:

Историки Гродненщины. Гродно, 1989;

Методологические основы российской историографии в 80-е гг. XIX в. — 1917 г. (смена парадигм) // Наш радавод. 1994. Кн. 6, ч. 1;

Философско-исторические воззрения Н.И.Кареева // Там жа. 1996. Кн. 7;

Мир абсолютных ценностей: А.С.Лаппо-Данилевский (разам з С.П.Рамазанавым) // Историки России, XVIII — начало XX в. М., 1996.

т. 11, с. 305