Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДА́МПІР (Dampier) Уільям

(8.6.1652, Іст-Кокер, Вялікабрытанія — сак. 1715),

англійскі мараплавец, пірат. Здзейсніў 3 кругасветныя плаванні. Некалькі гадоў правёў на в-ве Тарцю (на Пн ад Гаіці) у Вест-Індыі (гал. база піратаў у Атлантыцы), удзельнічаў у рабаванні ісп. гарадоў і паселішчаў на берагах Амерыкі. Плаваў да берагоў паўн.-зах. Аўстраліі, дзе адкрыў шмат невял. астравоў, у т.л. архіпелаг Дампір. Склаў апісанне і карты для паўд. раёнаў Ціхага ак. На аснове сваіх дзённікаў напісаў шэраг кніг, у якіх прывёў звесткі пра велічыні магн. нахілу ў розных пунктах Сусветнага ак., салёнасці марскіх вод, сувязі паміж пануючымі цячэннямі і вятрамі. Яго імем названы п-аў Дампіра Зямля у Аўстраліі, некалькі астравоў і праліваў у паўд.-зах. ч. Ціхага ак. і ў Малайскім архіпелагу.

т. 6, с. 35

ДАН Ікума

(н. 7.4.1924, Токіо),

японскі кампазітар. Скончыў Такійскую школу музыкі (1945; цяпер Такійскі ун-т прыгожых мастацтваў і музыкі). У 1947—50 выкладаў у Такійскай кансерваторыі. У 1953 арганізаваў авангардысцкі гурток «Група трох» (з Я.Акутагава і Т.Маюдзумі). Працуе практычна ва ўсіх муз. жанрах. Сярод твораў: 4 оперы, найб. папулярная «Юдзуру» («Жураўліныя пёры»; паст. 1952), балет, кантаты, 5 сімфоній (1950—65), concerto grosso, камерна-інстр. творы, хары, вак. цыклы, песні і інш. Аўтар муз.-крытычных прац.

т. 6, с. 35

ДАНАІ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі 50 дачок аргоскага цара Даная. Супраць сваёй волі і волі бацькі яны павінны былі выйсці замуж за стрыечных братоў. Д. ўцяклі з бацькам у Аргас, але юнакі іх дагналі. Данай вымушаны быў згадзіцца на шлюб, але дочкам загадаў забіць жаніхоў у шлюбную ноч. Усе, акрамя Гіпермнестры, зрабілі гэта. У пакаранне Д. павінны былі ў Аідзе вечна напаўняць вадой бяздонную бочку. У пераносным сэнсе «бочка Д.» ці «работа Д.» — бессэнсоўная і бясконцая праца.

т. 6, с. 35

ДАНА́ЙЦАЎ ДАРЫ́,

выраз, які абазначае каварную паслугу з мэтай прычыніць зло, загубіць. У гамераўскім эпасе ўдзельнікі Траянскай вайны данайцы, не ўзяўшы Трою штурмам, пайшлі на хітрасць: знялі аблогу, каля сцен горада пакінулі драўлянага каня, куды схаваліся воіны з Адысеем. Нягледзячы на перасцярогу жраца Лаакоана («Баюся данайцаў, нават якія прыносяць дары»), траянцы перацягнулі каня ў горад. Ноччу Д. выйшлі з каня, адчынілі гар. вароты, упусцілі свае войскі і ўзялі Трою.

т. 6, с. 35

ДА́НАКІЛЬ,

тэктанічная ўпадзіна ва Усх. Афрыцы; гл. Афар.

т. 6, с. 35

ДАНА́НГ

(Đa Nãng),

горад у цэнтр. ч. В’етнама. Адм. ц. правінцыі Куангнам-Дананг. Каля 450 тыс. ж. (1995). Буйны порт у бухце Дананг Паўднёва-Кітайскага м., чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: металаапр., гумавая, хім., буд. матэрыялаў, баваўняная, харчовая. Музей. У час вайны ЗША у В’етнаме (1964—1973) у Д. размяшчалася буйная амер. база.

т. 6, с. 35

ДАНАТЭ́ЛА

(Donatello; сапр. Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),

італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).

Данатэла. Давід. Бронза. 1430-я г.

т. 6, с. 35

ДАНА́Я,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка аргоскага цара Акрысія, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука. Акрысій зняволіў прыгажуню Д. ў падзямелле, куды ніхто не мог увайсці. Аднак Зеўс трапіў да Д. ў выглядзе залатога дажджу і яна нарадзіла Лерсея. Паводле загаду бацькі Д. з сынам скінулі ў мора ў абабітай цвікамі скрыні. Іх выратаваў Дыктыс, рыбак з в-ва Серыфос. Пазней Д. з сынам вярнуліся на радзіму, дзе Персей незнарок забіў дзеда кінутым дыскам. Вобраз Д. шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, пампейскія фрэскі, карціны Л.Лота, А.Карэджа, Рэмбранта, Тыцыяна і інш.).

Даная. Мастак Рэмбрант. 1636.

т. 6, с. 36

Данбар Боні Джын

т. 18, кн. 1, с. 376

ДАНБА́С,

гл. Данецкі вугальны басейн.

т. 6, с. 36