ДАНАІ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі 50 дачок аргоскага цара Даная. Супраць сваёй волі і волі бацькі яны павінны былі выйсці замуж за стрыечных братоў. Д. ўцяклі з бацькам у Аргас, але юнакі іх дагналі. Данай вымушаны быў згадзіцца на шлюб, але дочкам загадаў забіць жаніхоў у шлюбную ноч. Усе, акрамя Гіпермнестры, зрабілі гэта. У пакаранне Д. павінны былі ў Аідзе вечна напаўняць вадой бяздонную бочку. У пераносным сэнсе «бочка Д.» ці «работа Д.» — бессэнсоўная і бясконцая праца.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)