«ГРО́ДНА»,
гасцініца ў Гродне. Пабудавана ў 1985 (арх. Ю.Патапаў, У.Папоў, У.Еўдакімаў, Ю.Раманаў). Разлічана на 500 месцаў. Сілуэт ступеньчатага 16-павярховага будынка актыўна ўспрымаецца з розных пунктаў горада. Жылы корпус складанай канфігурацыі і злучаны з ім будынак кінатэатра «Кастрычнік» утвараюць адзіны комплекс, кампазіцыя якога засн. на кантрасце вышыннай жылой часткі і гарызантальнай пластыкі вынесенага 2-павярховага аб’ёму і будынка кінатэатра. Жылыя нумары размешчаны вакол цэнтр. восі будынка — лесвічна-ліфтавага ядра.
т. 5, с. 446
«ГРО́ДНЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
афіцыйная газета. Выдавалася з 7(19).1.1838 да 31.7(13.8).1915 у Гродне на рус. мове. Перыядычнасць мянялася (1, 2, 4 разы на тыдзень, штодзённа). Мела афіц. і неафіц. (да 1856 выходзіла як дадатак да афіцыйнай) часткі, у 1899 яны аб’яднаны ў адно выданне. У 1903—06 неафіц. частка выходзіла як асобнае выданне. Змяшчала пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясцовых улад, матэрыялы па археалогіі, гісторыі, этнаграфіі, стат. інфармацыю, артыкулы па сельскай гаспадарцы, адукацыі. Друкавала даследаванні М.А.Дзмітрыева, А.Я.Багдановіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава і інш.
Сярод публікацый: «Гістарычныя звесткі аб г. Брэст-Літоўску І.Крашэўскага» (1845); «Кароткае гістарычнае паведамленне аб горадзе Гродна» (1847), «Мястэчка Бездзеж [Гродзенскай губ.]» Ф.Стаўровіча (1867); «Старажытныя будынкі, помнікі даўніны і навейшага часу ў Гродзенскай губерні» Л.Саланевіча (1902) і інш.
А.М.Лукашэвіч.
т. 5, с. 446
«ГРО́ДНЕНСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
часопіс, орган Гродзенскай духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1901—14 у Гродне на рус. мове штотыднёва. Мелі афіц. і неафіц. (з перапынкам у 1907—09) аддзелы. Публікавалі царскія маніфесты і рэскрыпты, пастановы ўрада, распараджэнні па епархіі, хроніку епархіяльнага жыцця, гіст. дакументы, успаміны, артыкулы і матэрыялы па гісторыі хрысц. рэлігіі і царквы.
Сярод публікацый: «Стагоддзе Гродзенскай губерні» І.У.Карчынскага (1903), «Лёс праваслаўя ў сувязі з гісторыяй лацінства і уніі ў Гродзенскай губерні ў XIX ст. (1794—1900)» (1901—02) і «Гродзенскія праваслаўныя цэрквы ў XVI ст.» (1904) Я.Ф.Арлоўскага, «Кароткая гісторыя Гродзенскага краю» Е.Н. (1906), і інш. З 1992 выданне адноўлена.
А.М.Філатава.
т. 5, с. 446
ГРО́ДНЕЎ Мікола
(Мікалай Пятровіч; н. 25.10.1929, в. Старая Алешня Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1953). Настаўнічаў. У 1957—89 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1954. Аўтар кніг прозы «За бацькоўскім парогам» (1960), «Цяжкае шчасце» (1963), «Заручыны» (1972), «Што скажуць людзі» (1975), «Крок да тайны» (1983). У нарысах, апавяданнях, аповесцях раскрывае жыццё людзей сучаснай вёскі, уздымае вострыя маральна-этычныя пытанні, паказвае пошук моладдзю свайго месца ў жыцці. Выдаў дакумент. аповесці «Высокі поўдзень» (1974), «Зоркаўкі» (1975), зб. гумарыстычных апавяданняў «Клін клінам» (1979).
Тв.:
Салодкі боль. Мн., 1977;
Нязведаная даль. Мн., 1989.
І.У.Саламевіч.
т. 5, с. 446
ГРО́ДСКІ СУД,
замкавы суд, крымінальны і цывільны суд для шляхты, мяшчан і сялян у Польшчы (14—18 ст.) і ВКЛ (16—18 ст.). У Беларусі Гродскі суд ліквідаваны ў 1795, у 1797 адноўлены ў Літоўскай губ. (пазней Віленская і Гродзенская губ.), канчаткова скасаваны ў 1831. Напачатку размяшчаўся ў гродзе (замку, адсюль назва). Дзейнічаў у двух складах — вышэйшым (як 1-я і 2-я інстанцыі) і ніжэйшым (толькі як 1-я інстанцыя). У вышэйшы Гродскі суд уваходзілі гал. суддзя (ваявода, староста або дзяржаўца) і прадстаўнікі феадалаў. Ніжэйшы Гродскі суд складаўся з намесніка гал. суддзі, шляхціцаў і пісара. Гродскі суд разглядаў справы пра найб. цяжкія крымінальныя злачынствы асоб, якія былі затрыманы на месцы злачынства, цывільныя справы аб выпатрабаванні чэлядзі нявольнай і залежных сялян.
т. 5, с. 446
ГРОЗ
(Greuze) Жан Батыст (21.8.1725, г. Турню, Францыя — 21.3.1805),
французскі жывапісец. У 1745—50 вучыўся ў Ліёне у Ш.Грандона, потым у Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы. У 1755—56 жыў у Італіі. Стаяў на чале сентыментальна-маралізуючага кірунку ў франц. жывапісе 2-й пал. 18 ст. У сваіх жанравых кампазіцыях («Вясковыя заручыны», 1761, «Паралітык, або Вынікі добрага выхавання», 1763; «Разбіты збан», 1773) услаўляў дабрачыннасць трэцяга саслоўя, што выклікала энергічную падтрымку Д.Дзідро. Яго творам уласціва спалучэнне пачуццёвасці з перабольшаным пафасам, ідэалізацыя натуры з пэўным налётам саладжавасці (асабліва ў шматлікіх выявах дзіцячых і жаночых галовак).
т. 5, с. 446
ГРО́ЗА
(Groza) Аляксандр Караль (30.6.1807, в. Закрынічча Вінніцкай вобл., Украіна — 3.11.1875),
польскі паэт, празаік, драматург. Вучыўся ў Віленскім і Дэрпцкім ун-тах. У 1838—42 рэдагаваў і выдаваў у Вільні альманах «Rusałka» («Русалка»). Прадстаўнік т.зв. «украінскай школы» ў польскай л-ры. Збіраў і апрацоўваў укр. і бел. фальклор. Выкарыстоўваючы сюжэты нар. паданняў, напісаў паэмы «Канеўскі стараста» (1836), «Сарока» (1838), «Пра памерлыя душы» (1848), «Марцін» (1849), «Смяцінскі» (1860), драму «Грыць» (1858). У альманаху «Rubon» («Рубон») апублікаваў тэксты бел. нар. песень, матэрыялы пра бел. вяселле, святкаванне Сёмухі і інш.
т. 5, с. 446
ГРО́ЗА
(Groza) Петру (7.12.1884, с. Бэчыя, пав. Хунедаара, Румынія — 7.1.1958),
румынскі паліт. і дзярж. дзеяч. Доктар права. Вучыўся ў Будапешцкім, Берлінскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1918—27 чл. Нар. партыі. У 1921—22 і 1926—27 чл. урада. У 1933—53 старшыня леваарыентаванай арг-цыі «Фронт земляробаў». У 1943—44 зняволены за дзейнасць, скіраваную супраць дыктатуры І.Антанеску. У 1944 удзельнічаў у стварэнні Нац.-дэмакр. фронту. З ліст. 1944 віцэ-прэм’ер, у 1945—52 прэм’ер-міністр Румыніі. У 1952—58 Старшыня Прэзідыума Вял. нац. сходу (кіраўнік дзяржавы). Урад Гроза правёў агр. рэформу, рэарганізаваў сістэму кіравання, устанавіў дыпламат. адносіны з СССР (6.8.1945), садзейнічаў ліквідацыі ў краіне манархіі, абвяшчэнню Румыніі нар. рэспублікай (30.12.1947) і інш.
т. 5, с. 447
ГРО́ЗАЎ,
Грозава, вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на У ад Капыля, 102 км ад Мінска, 26 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 481 ж., 197 двароў (1997).
Вядома з 1-й пал. 16 ст., вёска Навагрудскага пав. ВКЛ, уласнасць Алелькавічаў, потым Валодкавічаў [заклалі пры двары 2 царквы, мужчынскі манастыр (існаваў да 1810)], Радзівілаў, Незабытоўскіх. У 18 ст. мястэчка. З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці, належала Межаеўскім, Вітгенштэйнам, Гогенлоэ. У 1886 — 156 ж., 19 двароў, 3 школы, 3 царквы, 3 заезныя дамы, 11 крам; у пач. 20 ст. — 1032 ж., 177 двароў. У 1924—31 цэнтр Грэскага раёна, з 1931 у Капыльскім, з 1935 у Грэскім р-нах, з 1938 вёска. З 1956 у Капыльскім р-не. У 1971 — 587 ж., 189 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.).
т. 5, с. 447
ГРО́ЗНЕНСКАЯ ПАРО́ДА авечак, танкарунная, воўнавага кірунку. Выведзена ў 1938—51 ў Дагестане скрыжаваннем мясц. мерыносаў з аўстралійскімі. Прыстасавана да ўмоў засушлівых стэпаў. Сярод танкарунных парод вызначаецца высокім выхадам валакна воўны на 1 кг жывой масы (45—55%). Бараноў выкарыстоўваюць пры вывядзенні інш. танкарунных парод. Гадуюць у раёнах Калмыкіі, Астраханскай вобл.
Жывёлы моцнай канстытуцыі. Скура тонкая, шчыльная, утварае папярочныя складкі на шыі і дробныя ўздоўж тулава; у бараноў складкаватасць больш выразная. Руно шчыльна самкнутае. У бараноў крута выгнутыя рогі, авечкі звычайна бязрогія. Воўна белая, доўгая (8—10 да 13 см), густая, мяккая, пруткая, з шаўкавістым бляскам, 64—70 якасці. Пазнаспелыя. Жывая маса бараноў 70—90 кг, матак 45—50 кг.
т. 5, с. 447