ГРОЗ
(Greuze) Жан Батыст (21.8.1725, г. Турню, Францыя — 21.3.1805),
французскі жывапісец. У 1745—50 вучыўся ў Ліёне у Ш.Грандона, потым у Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы. У 1755—56 жыў у Італіі. Стаяў на чале сентыментальна-маралізуючага кірунку ў франц. жывапісе 2-й пал. 18 ст. У сваіх жанравых кампазіцыях («Вясковыя заручыны», 1761, «Паралітык, або Вынікі добрага выхавання», 1763; «Разбіты збан», 1773) услаўляў дабрачыннасць трэцяга саслоўя, што выклікала энергічную падтрымку Д.Дзідро. Яго творам уласціва спалучэнне пачуццёвасці з перабольшаным пафасам, ідэалізацыя натуры з пэўным налётам саладжавасці (асабліва ў шматлікіх выявах дзіцячых і жаночых галовак).
т. 5, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)