ГРО́ЗА

(Groza) Петру (7.12.1884, с. Бэчыя, пав. Хунедаара, Румынія — 7.1.1958),

румынскі паліт. і дзярж. дзеяч. Доктар права. Вучыўся ў Будапешцкім, Берлінскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1918—27 чл. Нар. партыі. У 1921—22 і 1926—27 чл. урада. У 1933—53 старшыня леваарыентаванай арг-цыі «Фронт земляробаў». У 1943—44 зняволены за дзейнасць, скіраваную супраць дыктатуры І.Антанеску. У 1944 удзельнічаў у стварэнні Нац.-дэмакр. фронту. З ліст. 1944 віцэ-прэм’ер, у 1945—52 прэм’ер-міністр Румыніі. У 1952—58 Старшыня Прэзідыума Вял. нац. сходу (кіраўнік дзяржавы). Урад Гроза правёў агр. рэформу, рэарганізаваў сістэму кіравання, устанавіў дыпламат. адносіны з СССР (6.8.1945), садзейнічаў ліквідацыі ў краіне манархіі, абвяшчэнню Румыніі нар. рэспублікай (30.12.1947) і інш.

т. 5, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)