Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІДЭРЫ́Т (грэч. sidēritis, ад sidēros жалеза),

жалезны шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат жалеза, FeCO3. Мае ў сабе аксід жалеза FeO да 62,1%, прымесі магнію, марганцу, кальцыю. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, канкрэцыі, зямлістыя масы, нацёчныя формы, зрэдку крышталі ромбаэдрычныя, таблітчастыя, прызматычныя і інш. Колер жаўтавата-белы, у акісленага С. — карычневы да чорнага з чырв. адценнем. Цв. 4. Шчыльн. З,96 г/см³. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае метамарфічнае. Гал. мінерал жалезных руд. Радовішчы ў Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстрыі, на Украіне і інш.

Сідэрыт.

т. 14, с. 371

СІДЭРЫ́ЧНЫ ГОД [ад лац. sidus (sideris) нябеснае свяціла, зорка],

зорны год, прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Сонца, пры яго бачным гадавым руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Роўны перыяду поўнага абарачэння Зямлі вакол Сонца (адносна зорак). Складае 365,25636 сярэдніх сонечных сутак.

т. 14, с. 371

СІДЭРЫ́ЧНЫ МЕ́СЯЦ, Зорны месяц,

прамежак часу паміж 2 паслядоўнымі вяртаннямі Месяца, пры яго бачным месячным руху, у адно і тое ж (адносна зорак) месца нябеснай сферы. Працягласць непастаянная, можа мяняцца на некалькі гадзін. Сярэдняе значэнне С.м. 27,321661 сярэдніх сонечных сутак. С.м. роўны перыяду поўнага абарачэння Месяца вакол Зямлі (адносна зорак).

т. 14, с. 371

СІД КАМПЕАДО́Р [Cid Campeador, сапр. Дыяс дэ Бівар (Díaz de Bivar) Радрыга; каля 1043, Бівар, каля г. Бургас, Іспанія — 10.7.1099],

палкаводзец у час Рэканкісты, ісп. нацыянальны герой. Служыў каралю Санча II, разам з якім выхоўваўся пры двары. Пасля забойства Санча II (1072) на службе ў караля Альфонса VI Ліёнскага і Кастыльскага. Трапіў у няміласць, з 1081 у ссылцы; служыў правадыру маўраў Сарагосы. Пасля прымірэння ў 1086 з Альфонсам VI падпарадкаваў яму ўсе тэр. на У Іспаніі. У 1094 атрымаў перамогу над Альмаравідамі ў бітве за Валенсію, якой кіраваў да сваёй смерці як самастойны манарх. Вобраз С.К. адлюстраваны ў ісп. нар. эпасе «Песня пра майго Сіда», у творах П.​Карнеля, І.​Гердэра і інш.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 367