Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКІ́ФІЯ,

назва Паўн. Прычарнамор’я ў 7—2 ст. да н.э. ў творах ант. аўтараў. Тэр. С. займала стэпы паміж вусцямі Дуная і Дона — раёны Паўн. Прычарнамор’я і стэпавы Крым. Была заселена ўласна скіфскімі (гл. Скіфы) і няскіфскімі плямёнамі, блізкімі скіфам па культуры, ладзе жыцця і палітычна залежнымі ад іх. У 5—4 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. існавала Скіфская дзяржава на чале з царом. Стараж.-грэч. гісторык Герадот уяўляў С. як квадрат з бакамі працягласцю ў 20 дзён дарогі. Пасля заняцця С. сарматамі Паўн. Прычарнамор’е стала наз. Сарматыяй.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 457

СКІ́ФСКАЯ ПЛІТА́,

маладая платформа паўн. зоны Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса. Займае Раўнінны Крым, Азоўскае м. і Перадкаўказзе. Мяжуе на Пн з Усх.-Еўрапейскай платформай, на Пд з Горным Крымам і краявымі прагінамі Вял. Каўказа. Складзена з фундамента (слабаметамарфізаваныя тэрыгенна-карбанатныя адклады сярэдняга палеазою; у паўд. ч. эпібайкальскія масівы метамарфічных парод), пераходнага познапермска-ранняюрскага комплексу і чахла (сярэдняюрскія — антрапагенавыя адклады, магутнасць 0,1—8 км). На С.п. вылучаюць Прычарнаморскую ўпадзіну, Сімферопальскае і Стаўрапольскае падняцці і інш. структуры. С.п. фарміравалася пераважна ў байкальскі, герцынскі і раннекімерыйскі тэктанічныя цыклы. На асадканамнажэнне ўплывала сумежная (на Пд) альпійская геасінкліналь. Радовішчы нафты (Перадкаўказзе), газу (Раўнінны Крым, Зах. Перадкаўказзе), буйныя рэсурсы артэзіянскіх вод, здабыча солей брому і лячэбных гразей (Зах. Крым).

В.​М.​Губін.

т. 14, с. 457

СКІ́ФЫ (грэч. Skythai),

агульная назва плямён паўн.-іранскай моўнай групы, якія насялялі Паўн. Прычарнамор’е ў 7 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. Паводле розных меркаванняў С. — выхадцы з Сярэдняй Азіі ці Сібіры. У 7 ст. да н.э. яны перасяліліся ў Паўн. Прычарнамор’е, выцесніўшы адтуль кімерыйцаў. С. рабілі паходы ў М.​Азію, заваявалі Мідыю, Сірыю, Палесціну, панавалі ў Пярэдняй Азіі, адкуль у пач. 6 ст. да н.э. іх выцеснілі мідыйцы. Асн. іх месца рассялення — тэр. паміж Донам і Дунаем, стэпавы Крым. Паводле Герадота, пануючымі былі царскія С., што жылі паміж Дняпром і Донам; паміж Інгулам і Дняпром жылі С.-земляробы, правабярэжжа Ніжняга Дняпра і Крым займалі С.-качэўнікі. С. валодалі ганчарным, кавальскім, ювелірным майстэрствам; гандлявалі з грэч. гарадамі Паўн. Прычарнамор’я збожжам, футрам, жывёламі, рабамі. Паліт. аб’яднанню С. садзейнічала вайна ў 512 да н.э. з перс. царом Дарыем I (гл. Дарый). Саюз плямён набыў рысы дзяржавы. Улада цара была спадчыннай, але абмежавана саюзнай радай і нар. сходам. Да 340-х г. да н.э. цар Атэй завяршыў аб’яднанне С. ад Азоўскага мора да Дуная. Адм. і гандлёва-эканам. цэнтр іх дзяржавы размяшчаўся ў Ніжнім Падняпроўі каля сучаснага г. Нікапаль. У 4—3 ст. да н.э. вядомы іх т.зв. царскія курганы (Чартамлык, Салоха, Тоўстая магіла, Мелітопальскі, Куль-Аба і інш), у якіх выяўлены бронзавыя шлемы, панцыры, шчыты, лукі, коп’і і інш. У 3 ст. да н.э. пад націскам сарматаў сталіца С. перанесена ў Крым, дзе на р. Салгір (каля г. Сімферопаль) узнік Неапаль скіфскі. Дзяржава С. дасягнула росквіту ў 2 ст. да н.э., калі яны падпарадкавалі Ольвію і ўладанні Херсанеса. У выніку паражэння ў 108—107 да н.э. ў вайне з Мітрыдатам Скіфія была аслаблена, але ў 2-й пал. 1 ст. н.э. зноў узмацнела. Скіфскае царства ў Крыме існавала да 2-й пал. 3 ст. і знішчана готамі. У эпоху Вялікага перасялення народаў С. канчаткова растварыліся сярод мноства плямён. У 4—3 ст. да н.э. на Пд Беларусі ў выніку кантактаў са С. з’явіліся бронзавыя наканечнікі стрэл з трыма і дзвюма лопасцямі. Рэчы скіфскага тыпу знаходзяць на Беларусі пры раскопках помнікаў зарубінецкай культуры. Зрэдку сустракаюцца на помніках мілаградскай культуры, напр. гарадзішча і бескурганны могільнік каля в. Асарэвічы Брагінскага р-на (наканечнікі скіфскіх стрэл і акінак з загнутымі ўгару канцамі наверша).

Літ.:

Смирнов А.П. Скифы. М., 1966;

Граков Б.Н. Скифы. М., 1971;

Хазанов А.М. Социальная история скифов. М., 1975;

Яго ж. Золото скифов. М., 1975;

Шелов Д.Б. Северное Причерноморье 2000 лет назад. М., 1975;

Брашинский И.Б. В поисках скифских сокровищ. Л., 1979;

Куклина И.В. Этногеография Скифии по античным источникам. Л., 1985.

А.​Г.​Зельскі.

Да арт. Скіфы. Скіфскія воіны.

т. 14, с. 458

СКІЯПАРЭ́ЛІ ((Schiaparelli) Джавані Вірджыніо) (14.3.1835, г. Савільяна, Італія — 4.7.1910),

італьянскі астраном. Замежны чл.-кар. (1874) і ганаровы чл. (1904) Пецярбургскай АН. Скончыў Турынскі ун-т (1854). З 1859 у Пулкаўскай абсерваторыі. З 1860 у астр. абсерваторыі ў Мілане (у 1862—90 дырэктар). Навук. працы па даследаванні планет, камет і падвойных зорак, а таксама гісторыі астраноміі, матэматыцы і метэаралогіі. Распрацаваў тэорыю метэораў і ўстанавіў сувязь метэорных патокаў з каметамі (1866). Выявіў на паверхні Марса сетку тонкіх ліній, т.зв. «каналаў» (1877), гіпотэза аб штучным паходжанні якіх не атрымала пацвярджэння. Правёў грунтоўныя назіранні Меркурыя і Венеры.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 411—418.

т. 14, с. 458