Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СКАЛО́ДЗІНА, Скалодзінка,

рака ў Мазырскім і Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца каля в. Зялёны Мох Мазырскага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе, працякае праз воз. Глініцкае. Упадае ў старарэчча р.Прыпяць каля в.Шастовічы Петрыкаўскага р-на. Даліна пераважна невыразная, зліваецца з навакольнай мясцовасцю, месцамі трапецападобная, шыр. 0,3—1,2 км. Пойма перарывістая, на асобных участках чаргуецца па берагах, вузкая, у ніжнім цячэнні зліваецца з поймай р. Прыпяць. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 5—7 м, ніжэй воз. Глініцкае больш за 11 м.

т. 14, с. 433

СКАЛО́ТЫ,

адна з саманазваў усіх або адной груп прычарнаморскіх скіфаў, пра якую піша Герадот (5 ст. да н.э.) у 4-й кнізе сваёй гіст. працы; сцвярджае таксама, што назва «С.» паходзіць ад скіфскага «цар». Некат. вучоныя мяркуюць, што С. наз. скіфы-земляробы.

т. 14, с. 433

СКАЛЬПАВА́ННЕ (ад лац. scalpere скабліць),

ваенны звычай некат. народаў, паводле якога ў якасці трафея здымалі скальп. Было вядома ў стараж. народаў (галаў, скіфаў). У 17—19 ст. звычай С., які раней існаваў ва ўсх. і паўд.-ўсх. частцы Паўн. Амерыкі (іракезы і інш), распаўсюдзіўся і ў інш. індзейскіх плямён пад уплывам англ. і франц. каланізатараў, якія плацілі індзейскім «саюзнікам» за скальпы воінаў варожых ім плямён.

т. 14, с. 433

СКА́ЛЬСКІ (Сцяпан Уладзіміравіч) (15.1.1899, Мінск — 29.12.1972),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працаваў у тэатрах Харкава і інш. гарадоў (1917—19), на Бел. радыё (1932—35, маст. кіраўнік), у Белдзяржэстрадзе (1948—52), Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1926—32, 1937—48, 1952—65). Характарны акцёр. Сярод роляў у т-ры імя Я.​Коласа: Мартын Рыль, Шышла («У пушчах Палесся», «Вайна вайне» Я.​Коласа), Дубавец («Проба агнём» К.​Крапівы), пан Бараноўскі («Несцерка» В.​Вольскага), Абабурка («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Мікола Барановіч («Каля тэрасы» М.​Грамыкі), Пётр, поп Паўлін («Мяшчане», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Косця («Дзеці Ванюшына» С.​Найдзёнава), Астап («Астап» А.​Глобы), Павел Паўлавіч («Рэйкі гудуць» У.​Кіршона), фон Штубэ («Разлом» Б.​Лаўранёва), Сысоеў («Першая конная» У.​Вішнеўскага).

т. 14, с. 433

СКАЛЬФА́РА ((Scalfaro) Оскар Луіджы) (н. 9.9.1918, г. Навара, Італія),

італьянскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Каталіцкі ун-т у Мілане. З 1948 дэп. парламента ад Хрысц.-дэмакр. партыі. У розныя гады займаў розныя пасады ў парламенце і ўрадзе, узначальваў міністэрствы транспарту і грамадз. авіяцыі, адукацыі; абіраўся нам. спікера ніжэйшай палаты парламента. У 1983—87 міністр унутр. спраў Італіі. З мая 1992 — прэзідэнт Італьян. Рэспублікі.

т. 14, с. 433

СКАЛЯ́Р (франц. scalaire ад лац. scalaris ступеньчаты),

скалярная велічыня, фізічная велічыня, кожнае значэнне якой (у адрозненне ад вектара) выражаецца толькі адным сапраўдным лікам. Напр., даўжыня, плошча, т-ра, час, шчыльнасць, работа. Значэнне С. можна адлюстраваць пунктам на лінейнай шкале (гл. Вось у матэматыцы).

т. 14, с. 434

СКАЛЯ́РНАЕ ПО́ЛЕ,

вобласць прасторы, з кожным пунктам якой звязаны некаторы скаляр. Матэматычна вызначаецца скалярнай функцыяй φ(М), залежнай ад каардынат пераменнага пункта М дадзенай вобласці. Напр., поле т-р унутры дадзенага цела, поле шчыльнасцей. Асн. характарыстыка С.п. — градыент; матэм. апарат вывучэння С.п. — вектарнае злічэнне. С.п. ў фізіцыполе фізічнае, якое апісваецца скалярнай функцыяй, інварыянтнай адносна павароту восей каардынат. Адрозніваюць уласна С.п. (знак функцыі поля не мяняецца пры прасторавай інверсіі) і псеўдаскалярнае поле (калі знак мяняецца). У квантавай тэорыі поля квантамі С.п. з’яўляюцца часціцы з нулявым спінам.

т. 14, с. 434

СКАЛЯ́РНЫ ЗДАБЫ́ТАК вектараў а і b, лік (скаляр), роўны здабытку модуляў гэтых вектараў, памножанаму на косінус вугла паміж імі. С.з. a b = a b = ( a , b ) = | a | | b | cos φ , дзе |a| і |b| — модулі вектараў a і b, φ — вугал паміж імі. Напр., работа A пастаяннай сілы F пры перамяшчэнні S пункта яе прыкладання роўная A = F S . Паняцце С.з. абагульняецца на n-мерныя вектарныя прасторы, дзе з яго дапамогай вызначаюць паняцці модуля вектара, вугла паміж вектарамі, артаганальнасці і інш. С.з. уведзены У.​Гамільтанам (1853). Выкарыстоўваецца ў геаметрыі, механіцы і фізіцы.

т. 14, с. 434

СКАЛЯ́РНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,

энергетычная характарыстыка электрастатычнага поля; гл. ў арт. Патэнцыял у фізіцы.

т. 14, с. 434

СКАМАРО́ХІ,

народныя акцёры, вядомыя ўсх.-слав. народам са старажытнасці да пач. 20 ст. Першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх грунтавалася на нар. творчасці, выступалі як музыкі, спевакі, выканаўцы сцэнак, дрэсіроўшчыкі, акрабаты, фокуснікі, лялечнікі і інш. на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках, корчмах. Тэрмін «С.» паявіўся ва ўсх. славян у балг. перакладах з грэч. мовы ў 8—9 ст. Першае летапіснае ўпамінанне ў 1068, выява прадстаўлення С. — на фрэсках Сафійскага сабора ў Кіеве (1039). На Беларусі першае ўпамінанне тэрміна «С.» ў пропаведзях Кірылы Тураўскага, а выявы зафіксаваны ў археал. знаходках 12 ст. з Навагрудка (вухавёртка з выявай музыкі) і Ваўкавыска (шахматная фігурка ў выглядзе барабаншчыка). Захаваліся выявы С. у Аршанскім (13 ст.) і Мсціжскім (14 ст.) евангеллях, на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу 15 ст. Вядомы С. аселыя і вандроўныя. Аселыя жылі ў гарадах і мястэчках, часта мелі зямельныя надзелы і былі цесна звязаны з пэўнай гульнёвай нар. традыцыяй, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах і абрадах, спрыялі развіццю тэатральна-гульнёвага пачатку. Вандроўныя С. не былі звязаны з якой-небудзь рэгіянальнай маст. традыцыяй. На Беларусі вядомы С.-музыкі, бахары (казачнікі, апавядальнікі баек і інш.), штукары (гімнасты, ілюзіяністы), мядзведнікі, лялечнікі і інш. Існавалі спец. вучэльні-школы, у т. л. Смаргонская акадэмія. У параўнанні з Маскоўскай дзяржавай, дзе С. зазналі ўціск з боку царк. і свецкіх улад і нават забарону дзейнасці (1648 і 1657), на Беларусі яны мелі адносна больш спрыяльныя ўмовы для свайго мастацтва і праіснавалі да пач. 20 ст. Апошні паказ С. «Велікодныя яйкі» зафіксаваны ў 1925 у в. Астроўна Віцебскай вобл. С. ўзбагачалі і плённа развівалі нар. тэатральнае мастацтва. Традыцыі мастацтва С. выразна адчуваюцца ў разнастайных формах нар. гульнёвай культуры.

Літ.:

Барщевский И. Несколько слов из истории искусства скоморохов. Ростов-Ярославский, 1914;

Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;

Каладзінскі М. Скамарохі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.

Да арт. Скамарохі. Прадстаўленне скамарохамі русаллі. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу. 15 ст.
Да арт. Скамарохі. Музыка іграе на псалтырыуме. Наверша вухавёрткі з раскопак у Навагрудку. 12 ст.

т. 14, с. 434