Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ АРХІТЭКТУ́РА,

галіна архітэктуры, якая займаецца прасторавай арганізацыяй месцаў адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Уключае праектаванне і ўзвядзенне будынкаў, комплексаў, цэнтраў, зон адпачынку і інш. Рэкрэацыйныя прасторы ствараюцца на аснове захаваных каштоўных прыродных ландшафтаў. Сучасная Р.а. развіваецца ў функцыян. і атрактыўным кірунках. Функцыян. кірунак мае просты лаканічны характар, падначалены макс. зручнасці ў выкарыстанні і цеснаму кантакту чалавека з прыродай (тэрасы, балконы, лоджыі, раскрыццё інтэр’ераў у навакольны ландшафт і г.д.). Атрактыўны кірунак арыентаваны на змену ўражанняў, звыклых абставін: пошук эфектных запамінальных вырашэнняў, стварэнне выразных арх. форм, незвычайных кампазіцый. У Р.а. пашыраны матывы нар. дойлідства, што дазваляе ствараць нац. каларыт забудовы. Важнае значэнне надаецца ўзаемасувязі арх. і прыродных прасторавых форм, выкарыстанню ў вонкавай аддзелцы мясц. буд. матэрыялаў прыроднага паходжання ці блізкіх да іх па фактуры і колеры. Пры ўзвядзенні аб’ектаў Р.а. выкарыстоўваюцца прыёмы ландшафтнай архітэктуры і ландшафтнай скульптуры.

Г.​А.​Патаеў.

т. 13, с. 571

РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ГЕАГРА́ФІЯ,

сацыяльна-геаграфічная дысцыпліна, якая вывучае гал. фактары развіцця і заканамернасці тэр. арганізацыі рэкрэацыйнай дзейнасці (лячэбна-курортнай, аздараўленчай, турысцкай, экскурсійнай) і турысцкай гаспадаркі. Задачы Р.г.: даследаванне і ацэнка прыродных і культ.-гіст. рэкрэацыйных рэсурсаў, турысцкага попыту і выбіральнасці рэкрэацыйных тэрыторый рознымі сац.-дэмаграфічнымі групамі насельніцтва, структуры і геагр. накіраванасці турысцкіх патокаў, абгрунтавання комплекснага развіцця і спецыялізацыі рэкрэацыйных раёнаў, курортаў і інш. Выкарыстоўвае сістэмна-структурны ландшафтна-экалагічны, балансавы, ацэначны і інш. метады. Цесна звязана з фіз., сац., эканам. і мед. геаграфіямі, курарталогіяй, эканомікай турызму і інш. На Беларусі даследаванні па Р.г. праводзяцца з 1960-х г. у БДУ, БПА, БелНДІ праектавання горадабудаўніцтва, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Гл. таксама Рэкрэацыя.

І.​І.​Пірожнік.

Рэкрэацыйная архітэктура. Дзіцячы аздараўленчы комплекс «Брыганціна» ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобл.
Рэкрэацыйная архітэктура. Гасцініца спартыўнага комплексу «Раўбічы» (Мінскі раён).

т. 13, с. 571

РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ЁМІСТАСЦЬ,

мера здольнасці рэкрэацыйнай тэрыторыі забяспечваць неабходныя ўмовы для адпачынку пэўнай колькасці людзей без прычынення шкоды прыроднаму асяроддзю. Разлік Р.ё. праводзяць пры планаванні і арганізацыі зон адпачынку, што дазваляе прагназіраваць і прадухіляць негатыўныя змены ў прыродных комплексах. Перавышэнне паказчыкаў Р.ё. звыш гранічна дапушчальнай рэкрэацыйнай нагрузкі вядзе да пагаршэння ўмоў адпачынку і развіцця дыгрэсіі.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 572

РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ НАГРУ́ЗКА,

разліковая колькасць наведвальнікаў для пэўнай рэкрэацыйнай тэрыторыі; гл. Гранічна дапушчальная рэкрэацыйная нагрузка.

т. 13, с. 572

РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ ТЭРЫТО́РЫЯ,

тэрыторыя з прыродна-ландшафтнымі і культ.-антрапагеннымі комплексамі, якая выкарыстоўваецца для адпачынку, турызму, санаторна-курортнага лячэння. Падзяляецца на месцы адпачынку (паркі, скверы, леса- і лугапаркі, рэкрэацыйныя лясы, садова-агародныя кааператывы і інш.) і рэкрэацыйныя зоны (зоны адпачынку і турызму, курорты, турысцкія цэнтры і інш.). Вылучаюцца Р.т. кароткачасовага (штодзённага, штотыднёвага) і працяглага адпачынку; азёрна-лясныя, леса-рачныя, прыморскія, горныя і інш. На Беларусі Р.т. ўключае 8 курортаў рэсп. і 5 мясц. значэння, 14 зон адпачынку рэсп. і 187 мясц. значэння агульнай пл. 1,85 млн. га. Каля 30% Р.т. (пераважна ў Гомельскай, Магілёўскай, часткова ў Мінскай абласцях) пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС знаходзяцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання, дзе патрабуецца працяглая рэкультывацыя.

І.​І.​Пірожнік.

т. 13, с. 572

РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫЯ ЛЯСЫ́,

лясы курортных і зялёных зон, прыродныя нац. паркі і інш., якія выкарыстоўваюцца для адпачынку насельніцтва. У іх ажыццяўляюцца лыжныя, пешаходныя і водныя прагулкі, збор грыбоў і ягад і інш. віды рэкрэацыі (акрамя палявання). На Беларусі агульная пл. Р.л. каля 1 млн. га, з іх найб. каштоўныя хваёвыя, дубовыя і бярозавыя лясы на ўвільготненых глебах. Асн. масівы Р.л. у нац. парках «Браслаўскія азёры», «Нарачанскі», Мінскай лесапаркавай гаспадарцы.

А.​А.​Малажаўскі.

т. 13, с. 572

РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

прыродныя і культурна-гіст. комплексы і іх элементы, якія выкарыстоўваюцца для аднаўлення працаздольнасці і здароўя людзей (рэкрэацыі). На Беларусі для рэкрэацыйнага выкарыстання рэзервуецца каля 2 млн. га (каля 10% тэр.) у мясцінах, адметных спрыяльнымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі, крыніцамі мінер. вод, радовішчамі лек. гразей, маляўнічымі ландшафтамі, помнікамі гісторыі, культуры, прыроды. На іх базе фарміруюцца зоны адпачынку, пансіянаты, турбазы, кемпінгі, пракладваюцца турысцкія маршруты. Асн. задача рэкрэацыйнага прыродакарыстання — вызначэнне гранічна дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак на розныя тыпы ландшафтаў з мэтай прадухілення дыгрэсіі.

т. 13, с. 572

РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,

збор звестак аб прыродных умовах рэкрэацыйнай і аздараўленча-лячэбнай каштоўнасці тэр. і аб’ектаў, якія прызначаны для арганізацыі масавага адпачынку і аднаўлення здароўя людзей. Уключае даныя аб пейзажна-эстэтычнай годнасці і сан.-гігіенічных уласцівасцях аб’ектаў, складанасці і працягласці пешаходных, водных, транспартных турысцкіх маршрутаў і іх даступнасці для розных катэгорый адпачываючых, аддаленасць ад асн. культурных і прамысл. цэнтраў і інш. Пры комплекснай сан.-гігіенічнай ацэнцы аб’ектаў улічваюцца кліматычныя, геолага-геамарфал., глебавыя, гідралагічныя ўмовы, расліннасць, узровень урбанізацыі, эстэтычнасць пейзажу. На Беларусі Р.к. складзены па абласцях.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 572

РЭКРЭА́ЦЫЯ (польск. rekreacja адпачынак ад лац. recreatio аднаўленне),

дзейнасць чалавека ў вольны час, накіраваная на аднаўленне і ўмацаванне здароўя, фіз. і духоўных сіл, працаздольнасці.

Рэкрэацыйныя патрабаванні чалавека залежаць ад узроўню развіцця прадукц. сіл і характару вытв. адносін, а таксама ад узросту, прафесіі і інш. Рост аўтаматызацыі працы ў спалучэнні з урбанізацыяй у эпоху навукова-тэхн. рэвалюцыі вядуць да скарачэння фіз. нагрузак і рухальнай актыўнасці, росту псіхаэмацыянальнага напружання і стомленасці чалавека. Пасіўны адпачынак не забяспечвае поўнага аднаўлення працаздольнасці, патрабуецца актыўнае развіццё рэкрэацыйных заняткаў. Жыццядзейнасць людзей абумоўлівае неабходнасць узаемазвязанага рэкрэацыйнага асяроддзя: бліжэйшае наваколле — двор, азялененыя пляцоўкі, паркі і скверы; таксама загарадныя рэкрэацыйныя тэр.; для працяглага адпачынку — спецыялізаваныя курортна-турысцкія раёны і цэнтры.

Пры праектаванні рэкрэацыйных тэрыторый прадугледжваюцца прыродаахоўныя мерапрыемствы і іх рэкрэацыйная ёмістасць. На Беларусі 319 устаноў адпачынку, санаторнага лячэння і турызму на 47 тыс. месцаў; для Р. — каля 2 млн. га тэр. (1999).

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 572

РЭКС (ад лац. rex цар),

парода караткашэрсных трусоў шкуркавага кірунку. Выведзена ў 1919 у Францыі. Больш за 20 каляровых варыяцый: Р.-шыншыла, Р.-матылёк, блакітны, рыжы і інш. Выкарыстоўваецца для вырабу футра «пад коцік». Канстытуцыя кволая, пераразвітая. Тулава падоўжанае, з крыху гарбатай спінаю. Сярэдняя маса 4,4 кг. Валасяное покрыва шчыльнае. Плоднасць 5—6 трусянят за год.

т. 13, с. 572