РЭКРЭА́ЦЫЯ (польск. rekreacja адпачынак ад лац. recreatio аднаўленне),
дзейнасць чалавека ў вольны час, накіраваная на аднаўленне і ўмацаванне здароўя, фіз. і духоўных сіл, працаздольнасці.
Рэкрэацыйныя патрабаванні чалавека залежаць ад узроўню развіцця прадукц. сіл і характару вытв. адносін, а таксама ад узросту, прафесіі і інш. Рост аўтаматызацыі працы ў спалучэнні з урбанізацыяй у эпоху навукова-тэхн. рэвалюцыі вядуць да скарачэння фіз. нагрузак і рухальнай актыўнасці, росту псіхаэмацыянальнага напружання і стомленасці чалавека. Пасіўны адпачынак не забяспечвае поўнага аднаўлення працаздольнасці, патрабуецца актыўнае развіццё рэкрэацыйных заняткаў. Жыццядзейнасць людзей абумоўлівае неабходнасць узаемазвязанага рэкрэацыйнага асяроддзя: бліжэйшае наваколле — двор, азялененыя пляцоўкі, паркі і скверы; таксама загарадныя рэкрэацыйныя тэр.; для працяглага адпачынку — спецыялізаваныя курортна-турысцкія раёны і цэнтры.
Пры праектаванні рэкрэацыйных тэрыторый прадугледжваюцца прыродаахоўныя мерапрыемствы і іх рэкрэацыйная ёмістасць. На Беларусі 319 устаноў адпачынку, санаторнага лячэння і турызму на 47 тыс. месцаў; для Р. — каля 2 млн. га тэр. (1999).
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 572
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)