Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́БІНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Волга, у Яраслаўскай, Валагодскай і Цвярской абл. Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1941—47. Пл. 4580 км², аб’ём 25,4 км³, даўж. па рэчышчы р. Волга 112 км, р. Малога 198 км, р. Шаксна 204 км, найб. шыр. 60 км. Няпоўнае шматгадовае рэгуляванне сцёку, ваганні ўзроўню да 5 м. Выкарыстоўваецца для суднаходства (пачатак Волга-Балтыйскага воднага шляху). Рыбалоўства. На берагах гарады Чарапавец, Рыбінск.

т. 13, с. 485

РЫ́БІН ТЛУШЧ,

тлушч, які вырабляюць з печані рыб, часцей сям. трасковых. Празрыстая масляністая вадкасць ад жаўтаватага да светла-карычневага колеру, мае слабы спецыфічны рыбны пах і смак. Складаецца з трыгліцэрыдаў негранічных к-т, невял. колькасці свабодных тлустых к-т, халестэрыну, фасфатыдаў, вітамінаў A, D і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне і жывёлагадоўлі ў якасці крыніцы вітамінаў, для прафілактыкі і лячэння астэадыстрафіі, рахіту, курынай слепаты, залатухі, для лячэння ран, язваў, апёкаў. З адходаў перапрацоўкі рыбы атрымліваюць тэхн. Р.т., які выкарыстоўваецца ў гарбарнай, мылаварнай вытв-сцях і інш.

т. 13, с. 485

РЫ́БНАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКІ НДІ Акадэміі аграрных навук Беларусі

(БелНДІРГ). Засн. ў 1928 у Мінску як Бел. н.-д. станцыя рыбнай гаспадаркі пры Наркамаце земляробства БССР. З 1933 Бел. аддз. Усесаюзнага НДІ сажалкавай рыбнай гаспадаркі, з 1937 рыбны аддзел НДІ харч. прам-сці, з 1939 Бел. н.-д. станцыя Гал. ўпраўлення рыбнай прам-сці пры СНГ БССР, з 1958 Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі, з 1992 у складзе Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1996 Бел. н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі, з 2000 сучасная назва. Лабараторыі (2000): селекцыі і племянной работы, рыбаводства і рыбалоўства на натуральных вадаёмах, кармоў, радыяцыйнай экалогіі і якасці асяроддзя. Селекцыйна-племянны ўчастак «Ізабеліна» (Маладзечанскі р-н),

гасп.-разліковы ўчастак «Вілейка» (Вілейскі р-н), азёрная база «Чаросава» (Лепельскі р-н).

Асн. кірункі навук. дзейнасці: устанаўленне заканамернасцей развіцця першаснай прадукцыі ва ўмовах інтэнсіўнага сажалкавага рыбаводства, распрацоўка тэорыі мінер. ўгнаення сажалак, класіфікацыя натуральных вадаёмаў Беларусі паводле іх генет. тыпу і складу іхтыяфауны, распрацоўка і ўкараненне інтэнсіўнай, паўінтэнсіўнай і пашавай тэхналогій сажалкавага рыбаводства; рэсурсазберажэнне ў сажалкавым рыбаводстве, стварэнне высокапрадукц. прамысл. парод, помесей і гібрыдаў карпа, удасканальванне рэцэптуры кармоў і тэхналогій кармлення, лячэння і прафілактыкі хвароб рыб і інш. У ін-це працавалі і працуюць Г.Г.Вінберг, М.Е.Макушок; д-ры навук М.​Г.​Аношка, П.​І.​Жукаў, В.​У.​Кончыц. З 1962 выдаецца навук. зб. «Пытанні рыбнай гаспадаркі Беларусі».

Літ.:

Белорусский научно-исследовательский и проектно-конструкторский институт рыбного хозяйства: 40 лет: 1958—1998. Мн., 1998.

В.​У.​Кончыц.

т. 13, с. 485

РЫ́БНАЯ МУКА́,

кармавы прадукт з сушанай і размолатай рыбы ці адходаў яе перапрацоўкі. Мае пратэіну да 70%, мінер. солей (пераважна кальцыю і фосфару) 15—25%, вітаміны A, D і групы B. Вял. колькасць у Р.м. тлушчу (больш за 18%) — прычына хуткага яе псавання, надае мясу і малаку жывёл рыбны прысмак і пах. Скормліваюць свінням, птушкам, пушным звярам, маладняку буйн. раг. жывёлы, уключаюць у камбікармы.

т. 13, с. 485

РЫ́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прамысловасці, спецыялізаваная на здабычы і перапрацоўцы рыбы. Уключае рыбаводства, рыбалоўства і перапрацоўку рыбы. Асн. прадукцыя: рыба жывая, ахалоджаная, марожаная, таварная харч. рыбная прадукцыя (філе, вэнджаная і вяленая рыба, балыковыя вырабы, паўфабрыкаты, селядцы, рыбныя кансервы).

На Беларусі фарміраванне Р.п. як самастойнай галіны пачалося ў 1920—30-я г. Разбураныя ў Вял. Айч. вайну прадпрыемствы Р.п. пасля вайны хутка аднаўляліся. У 1971 працавала 9 рыбзаводаў, 2 рыбакамбінаты, выраблена 9,46 тыс. т рыбнай прадукцыі і 3,8 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1993 Р.п. выраблена 20,4 тыс. т таварнай рыбнай харч. прадукцыі, у т. л. 4 млн. ўмоўных бляшанак рыбных кансерваў. У 1999 галіна налічвала 27 спецыялізаваных прадпрыемстваў, на якіх працавала каля 2,4 тыс. чал. Выпушчана 18,5 тыс. т харч. рыбнай прадукцыі і 9,1 млн. умоўных бляшанак рыбных кансерваў. Марская рыба і рыбапрадукты завозяцца з-за мяжы.

Р.п. найб. развіта ў Кітаі, Японіі, Індыі, ЗША, Расіі, Інданезіі, Перу, Чылі, Тайландзе, Нарвегіі і інш.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 13, с. 485

РЫ́БНІК (Rybnik),

горад на Пд Польшчы, у Шлёнскім ваяводстве, у Верхнесілезскім каменнавугальным басейне. Вядомы з 1175. Каля 150 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр здабычы каксавальных вуглёў. Прам-сць: коксахімія, маш.-буд. (горнае абсталяванне, халадзільнікі і інш.), харчовая. ЦЭС.

т. 13, с. 486

РЫ́БНІКАЎ (Аляксей Львовіч) (н. 17.7.1945, Масква),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1989). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1967), у 1969—74 выкладаў у ёй. Вучань А.Хачатурана. Сярод твораў рок-оперы «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1976), «“Юнона” і “Авось”» (1981); сімфоніі, канцэрты з арк., творы для фп.; мюзіклы, у т. л. «Прыгоды Бураціна» (1975), музыка да кіна- і тэлефільмаў, у т. л. «Той самы Мюнхаўзен» (1980), «Праз церні да зорак» (1981), рамансы, песні і інш.

т. 13, с. 486

РЫ́БНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (13.12.1930, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 22.10.1990),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. Расіі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1953). У кіно з 1954. Стварыў лірычныя вобразы маладых рабочых, простых і шчырых у фільмах «Вясна на Зарэчнай вуліцы», «Чужая радня» (абодва 1956), «Вышыня» (1957), «Дзяўчына без адраса» (1958), «Дзяўчаты» (1962). Сярод інш. фільмаў: «Дзядзечкаў сон» (1967), «Сёмае неба» (1972), «Сям’я Івановых» (1975), «Адыходзячы — ідзі» (1980), «Выйсці замуж за капітана» (1985), «Начны экіпаж» (1987), «Забароненая зона» (1988), «Прыватны дэтэктыў, або Аперацыя «Кааперацыя» (1989).

М.М.Рыбнікаў.
М.Рыбнікаў у фільме «Вышыня». 1957.

т. 13, с. 486

РЫ́БНІЦА,

возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка (цячэ праз возера і злучае яго з воз. Белае), за 20 км на У ад г. Гродна. Пл. 2,48 км², даўж. 4,76 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 7,7 м, даўж. берагавой лініі 12,4 км. Пл. вадазбору 403 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—5 м (на З і ПнЗ да 17 м), пад хмызняком, участкамі разараныя. Берагі на З і ПнЗ зліваюцца са схіламі. Шмат заліваў. Дно сапрапелістае, у прыбярэжнай зоне пясчанае. Упадае р. Стрыеўка. Уваходзіць у ландшафтны заказнік Азёры.

Возера Рыбніца.

т. 13, с. 486

РЫБНО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (1.9.1906, Масква — 1992),

расійскі хар. дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў маскоўскія сінадальнае вучылішча царк. спеваў (1917), хар. акадэмію (1923), кансерваторыю (1927, харавы; 1930, муз.-тэарэт. ф-ты). З 1930 хормайстар, у 1958—88 гал. хормайстар Вял. т-ра; у 1954—67 выкладаў у Муз.-пед. ін-це імя Гнесіных. Прымаў удзел ва ўсіх оперных пастаноўках Вял. т-ра, лепшая — «Мазепа» П.​Чайкоўскага (1949). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 13, с. 486