Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕВІЯФА́Н,

у біблейскай міфалогіі вялізная марская пачвара ў выглядзе кракадзіла, змея ці дракона, здольная ўскіпяціць увесь акіян. У Бібліі (Старым Запавеце) узгадваецца як прыклад (разам з бегемотам) недаступнасці спасціжэння боскага тварэння, або ў якасці варожай Богу магутнай істоты, якая сімвалізуе першабытны хаос, які ён перамагае напачатку светаўтварэння. У пераносным сэнсе — нешта вялізнае і пачварнае.

т. 9, с. 181

ЛЕВІ́-БРУЛЬ ((Lévy-Bruhl) Люсьен) (10.4.1857, Парыж — 13.3.1939),

франц. філосаф, псіхолаг і этнограф. Праф. Сарбоны (1899—1927). Вывучаў першабытныя народы, прыйшоў да высновы, што розным сац. тыпам адпавядаюць розныя формы мыслення. Развіваючы ідэі сацыялагічнай школы Э.Дзюркгейма, стварыў тэорыю т.зв. далагічнай ментальнасці, паводле якой спосаб мыслення чалавека ў «прымітыўным» грамадстве адрозніваецца ад спосабу мыслення «цывілізаванага» чалавека, бо ў першым яшчэ не дзейнічаюць законы фармальнай логікі. У этычных разважаннях выступаў супраць рэліг. інтэрпрэтацыі маральнасці і разглядаў яе як з’яву сацыяльную. Асн. творы: «Функцыі мыслення ў ніжэйшых грамадствах» (1910), «Першабытнае мысленне» (1922), «Першабытная душа» (1927).

т. 9, с. 179

ЛЕВІ́-СТРОС ((Lévi Strauss) Клод) (28.11.1908, Брусель),

французскі сацыёлаг і этнограф; адзін з гал. прадстаўнікоў структуралізму. Член Франц. акадэміі (1973). Скончыў ун-т у Парыжы (1933). Яго канцэпцыя звязана з сацыялаг. школай Э.Дзюркгейма—М.Моса амер. культ. антрапалогіяй (Ф.Боас, А.Кробер). Пры вылучэнні суадносін біял. і сац. ў паводзінах чалавека лічыў гал. наяўнасць фармальных структур ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, уплыў на паводзіны чалавека традыцый, правіл шлюбу, роднасці, міфаў як асаблівага роду моў, якія мадэліруюць структуру грамадскіх ін-таў. Стварыў арыгінальную тэорыю першабытнага мыслення як мыслення канкрэтнага, метафарычнага, здольнага да абагульненняў, класіфікацыі і лагічнага аналізу; такое мысленне, на яго думку, заклала асновы тэхн. і інтэлектуальнага прагрэсу ў эпоху неаліту. Гнасеалагічны аспект канцэпцыі Л.-С. заключаецца ў прызнанні разумнасці як уласцівасці самога сусвету, саміх рэчаў, а не ўласцівасці, якая прыўносіцца суб’ектам. Працы: «Татэмізм сёння», «Неасвоеная думка» (абедзве 1962), «Міфалогія» (т. 1—4, 1964—71), «Шлях масак» (т. 1—2, 1975).

Тв.:

Рус. пер. — Печальные тропики М., 1984;

Структурная антропология. М., 1985;

Первобытное мышление. М., 1994.

т. 9, с. 180

ЛЕВО́, Ле Во (Leveau, Le Vau) Луі (каля 1612, Парыж — 11.10.1670), французскі архітэктар, адзін з вядучых майстроў франц. класіцызму. З 1654 «першы архітэктар караля». Пабудовам Л. ўласцівы строгая элегантнасць, складанасць планіроўкі, дэкар. багацце ўнутр. аддзелкі: атэль Ламбер (з 1640), Калеж чатырох нацый (з 1661) — абодва ў Парыжы. У супрацоўніцтве з Ш.Лебрэнам і А.Ленотрам садзейнічаў стварэнню новага тыпу палацава-паркавага ансамбля (палац у Версалі, 1661—68; замак-палац Во-ле-Віконт у Іль-дэ-Франс, 1656—61).

т. 9, с. 181

ЛЕВУЛЁЗА,

тое, што фруктоза.

т. 9, с. 181

ЛЕ́ВЫЯ ЭСЭ́РЫ, левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры (інтэрнацыяналісты),

партыя сацыяліст. кірунку ў Расіі ў 1917—23. З пач. 1-й сусв. вайны існавалі як плынь, з лета 1917 — як фракцыя ў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў); як самаст. партыя аформіліся на сваім 1-м з’ездзе 19—28.11(2—11.12).1917 у Петраградзе. Яе лідэры: Б.Д.Камкоў, М.А.Натансон, М.А.Спірыдонава і інш. Цэнтр. орган — газ. «Знамя труда» (1917—18). У ліп. 1918 80 тыс. чл. Выступалі за неадкладную перадачу зямлі сялянам, за выхад Расіі з 1-й сусв. вайны, супраць кааліцыі з кадэтамі. Удзельнічалі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917, галасавалі за дэкрэты 2-га Усерас. з’езда Саветаў, увайшлі ў ВЦВК (30 чл.), аднак адмовіліся ўвайсці ў сав. ўрад (СНК), патрабуючы стварыць кааліцыйны ўрад з прадстаўнікоў сацыяліст. партый. З ліст. 1917 на пазіцыі Л.э. перайшла большасць эсэраўскіх арг-цый Беларусі. У студз. 1918 Л.э. ўвайшлі ў СНК (7 чал.). Выступалі супраць Брэсцкага міру 1918, а пасля яго ратыфікацыі (сак. 1918) выйшлі з СНК. Асуджалі палітыку бальшавікоў у адносінах да сярэдняга і заможнага сялянства, на сваім 2-м з’ездзе (крас. 1918) афіцыйна заявілі аб разрыве з імі. Улетку 1918 адбыўся леваэсэраўскі мяцеж 1918 у Маскве (6—7 ліп.), выступленні ў інш. месцах, у т.л. ў Оршы і Сянне (5—6 жн.), якія былі падаўлены. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў Л.э. са складу Саветаў, дзесяткі тыс. радавых чл. пакінулі партыю. У вер. 1918 з Л.э. вылучыліся партыі «народнікаў-камуністаў» і «рэв. камуністаў», якія ў 1920 увайшлі ў РКП(б). Большая ч. леваэсэраўскіх кіраўнікоў, у т.л. Спірыдонава, А.А.Ізмайловіч і інш. працягвалі змагацца супраць бальшавікоў у падполлі. Страціўшы ўплыў на масы, Л.э. ў 1923 самаліквідаваліся.

Літ.:

Литвин А.Л., Овруцкий Л.М. Левые эсеры: программа и тактика: (Некоторые вопр.). Казань, 1992;

Малашко А.М. К вопросу об оформлении однопартийной системы в СССР. Мн., 1969;

Фельштинский Ю. Крушение мировой революцип. Брестский мир, октябрь 1917 — ноябрь 1918. М., 1992.

Э.А.Ліпецкі.

т. 9, с. 181

«ЛЕ́ВЫЯ» І «ПРА́ВЫЯ» ў палітыцы,

традыцыйныя паліталагічныя паняцці для абазначэння 2 найб. значных паліт. плыней у большасці краін свету. Тэрміны «Л.» і «п.» ўзніклі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99, калі радыкальныя і кансерватыўныя дэпутаты Канвента размяшчаліся адпаведна на лаўках з левага і правага бакоў залы пасяджэнняў. З тых часоў у зах. (еўрап.) традыцыі «левымі» называюць прыхільнікаў паліт., сац. і эканам. пераўтварэнняў у інтарэсах працоўных, прыярытэту агульнадзярж. і грамадскіх інтарэсаў над асабістымі (з 2-й пал. 19 ст. пераважна носьбітаў камуніст. і сацыяліст. ідэалогіі); «правымі» адпаведна лічаць прыхільнікаў капіталізму і захавання традыц. форм дзярж. ладу — звычайна членаў антыкамуніст. і антысацыяліст. партый і рухаў. У СССР панавала ўяўленне, што «правыя» — гэта перш за ўсё прыгнятальнікі народа, ворагі свабоды думкі і слова, а «левыя» — супрацьлеглая ім плынь прыхільнікаў вызвалення чалавека ад паліт., сац., нац. і эканам. прыгнёту. У наш час у краінах былога СССР паступова ўсталёўваецца традыц. для зах. краін падзел на «Л.» і «п.».

т. 9, с. 181

«ЛЕ́ВЫ ФРОНТ МАСТА́ЦТВАЎ»,

гл. ЛЕФ.

т. 9, с. 181

ЛЕВЯ́Ш (Ілья Якаўлевіч) (н. 22.8.1937, г. Вінніца, Украіна),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1975), праф. (1979). Скончыў Адэскі ун-т (1960). З 1993 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Навук. працы па праблемах культуралогіі, дыялектыкі сац. і навук.-тэхн. прагрэсу, цывілізацыі і культуры, трансфармацыі культ.-цывілізацыйных працэсаў.

Тв.:

Содержание и критерий общественного прогресса. Саратов, 1973;

НТР: предпосылки, сущность, социал. последствия. Киев, 1981;

Культурология: В 3 ч. Ч. 1. Мн., 1994;

1994;

Культурология: Курс лекций. 2 изд. Мн., 1999;

Perestroika and its altematives. Jerusalem, 1992.

т. 9, с. 181