Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕБЯДА́ (Chenopodium),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў (па інш. звестках — да 400). Пашырана ва ўмераным і субтрапічным паясах. На Беларусі 16 дзікарослых [найб. вядомыя Л. белая (Ch. album), шызая (Ch. glaucum), чырв. (Ch. rubrum), гарадская (Ch. urbicum)] i 2 інтрадукаваныя віды.

Адна-, радзей шматгадовыя травяністыя расліны і кусцікі. Лісце чаргаванае, пераважна надрэзана-зубчастае, часта пакрытае, як і сцёблы, мучністым налётам. Кветкі двухполыя з зялёным калякветнікам, сабраныя клубочкамі ў коласападобныя або мяцёлчатыя суквецці. Плод — арэшак. Харч., кармавыя, лек., тэхн., інсектыцыдныя і дэкар. расліны; некат. ядавітыя.

Лебяда белая.

т. 9, с. 176

ЛЕБЯДА́, Лябёдка,

рака ў Шчучынскім і Лідскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёман. Даўж. 67 км. Пл. вадазбору 791 км2. Пачынаецца каля в. Калечыцы Шчучынскага р-на, цячэ па Лідскай раўніне. Асн. прытокі: Касцянеўка, Жалудзянка (справа), Жужма, Шкардзянка, Голдаўка (злева). У верхнім цячэнні называецца Лябёдка. Даліна трапецападобная, у нізоўі месцамі невыразная. Пойма нізкая, двухбаковая, большай ч. забалочаная, шыр. 500—700 м. Рэчышча звілістае, на працягу 20,4 км каналізаванае, шыр. яго ад 8—12 м у вярхоўі да 15—25 м у ніжнім цячэнні. Берагі стромкія і абрывістыя. У пойме меліярац. каналы.

т. 9, с. 176

ЛЕБЯДА́ (Тодар) (сапр. Шырокаў Пётр Фёдаравіч; 6.1.1914, г. Віцебск — пач. 1970),

бел. пісьменнік. Скончыў Віцебскае рамеснае чыгуначнае вучылішча. З 1933 вучыўся ў Мінскім пед. ін-це. У 1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Новасібірскую вобл. У 1940 вернуты ў Мінск для перагляду справы. У час ням.-фаш. акупацыі жыў у Віцебску, рэдагаваў газ. «Беларускае слова» (1943—44), пісаў вершы, апавяданні, п’есы. У 1947 зноў арыштаваны, сасланы ў Сібір. Вызвалены ў 1956. У 1960—62 у Слоніме, працаваў у Чэрвені ў райгазеце. Памёр у Разанскай вобл. Друкаваўся з 1931. П’еса «Загубленае жыццё» пра калектывізацыю і рэпрэсіі (паст. 1943 Мінскім гар. т-рам, выдадзена ў Канадзе, 1952). Лагерныя вершы склалі зб. «Песні выгнання» (1944, факсім. выд. 1991). П’еса «У нас, на Гродзеншчыне» (1961) пра вясковае жыццё. Аўтар аднаактоўкі «Людзі ў Хрысце» (1960).

Тв.:

Загубленае жыццё // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.

Літ.:

Чыгрын С. Трагічны лёс Тодара Лебяды // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 176

ЛЕБЯДЗЁЎКА,

возера ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Дняпро, за 3 км на Пн ад г. Жлобін. Пл. 0,2 км2, даўж. 1,6 км, найб. шыр. 140 м. Старычнае, разгалінаванае на залівы. Упадае ручай з воз. Буйнякава.

т. 9, с. 177

ЛЕБЯДЗІ́НЫ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння, у прыгараднай зоне Мінска. Створаны ў 1984 для аховы прыбярэжнага фауністычнага комплексу рэдкіх відаў жывёл і птушак. Пл. 51 га.

Тэрыторыя — забалочаны і меліяраваны луг з закінутымі тарфянымі кар’ерамі і хмызнякамі. У цэнтры заказніка вадаём. У арнітафауне каля 60 птушак (44 гнездавальных), у т.л. з Чырв. кнігі Беларусі: лебедзь-шыпун, малыя паганка, чайка, крачка і бугай, уліт вялікі, паручайнік і інш.; 10 відаў млекакормячых, у т.л. выдра, амер. норка, гарнастай і інш. Заказнік служыць для рассялення прыбярэжных відаў птушак па інш. вадаёмах, стварэння спрыяльных умоў для пералётных і інш. відаў птушак. Аб’ект прыродазнаўчых экскурсій.

т. 9, с. 177

ЛЕБЯДЗЯ́НКА,

вёска ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Вабіч. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдУ ад г.п. Бялынічы, 44 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Вендрыж. 261 ж., 93 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 9, с. 177

ЛЕБЯДО́ВЫЯ (Chenopodiaceae),

сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку гваздзіковых. Больш за 100 родаў, каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна па засоленых месцах ва ўмераным і субтрапічным паясах. Найб. вядомыя роды бурак, вярблюдка, лебяда, лябеднік, салянка, шпінат, хрупляўнік і інш. Трапляюцца на палях, агародах, каля пабудоў, уздоўж дарог.

Пераважна шматгадовыя травы і кусцікі, часта з членістымі сукулентнымі сцёбламі і галінкамі, радзей невял. дрэўцы, кусты і ліяны. Лісце чаргаванае і суцэльнае, бывае рэдукаванае (фотасінтэз ажыццяўляюць сцёблы). Кветкі дробныя, двухполыя ці аднаполыя, беспялёсткавыя ў шчыльных густых клубочках, сабраных у суквецці. Ветра- і насякомаапыляльныя, часта самаапыляльныя. Сярод Л.харч. (бурак, шпінат), кармавыя (лябеднікі і інш.), пашавыя (вярблюдкі, кохіі, кумарчыкі, салянкі і інш.), лек. (лебяда), фарбавальныя (лебяда, лябеднік), інсектыцыдныя (ітсегек, лебяда) расліны, замацавальнікі пяскоў (саксаул, салянкі і інш.).

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5, ч. 1. М., 1980.

т. 9, с. 177

ЛЕБЯДО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён эпохі позняй бронзы (11—9 ст. да н.э.). Назва ад в. Лебядоўка Кіеўскай вобл., дзе даследавана паселішча гэтай культуры. На думку некат. даследчыкаў, з’яўляецца познім этапам сосніцкай культуры. Частка даследчыкаў акрэслівае яе паўн. мяжу па р. Дзясна і Сейм, другія пашыраюць яе позні этап на ўсё Бел. Падняпроўе. Для Л.к. характэрны грубыя ляпныя гаршкі з дамешкамі жарствы ў гліну, цюльпанападобнай ці яйцападобнай формы, са слабапрафіляваным тулавам і вузкім няўстойлівым дном, пад венчыкам арнамент наколамі круглай палачкі. У Беларусі даследаваны паселішча Л.к. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. і курганны могільнік Прыбар Гомельскага р-на.

М.У.Бычкоў.

т. 9, с. 177

ЛЕБЯЖО́ДА,

рака, гл. Ашмянка.

т. 9, с. 177