Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КЕ́ЙСТУТ (7—1382),

князь ВКЛ, сын Гедзіміна, бацька Вітаўта. У 1345 разам з братам Альгердам выступіў супраць свайго малодшага брата Яўнута, які пасля смерці Гедзіміна (1341) займаў велікакняжацкі пасад. К. захапіў Вільню і ўзяў у палон Яўнута, аднак вял. князем прызнаў Альгерда, бо за ім як уладаром большай усх. часткі дзяржавы бачыў магутную сілу. На К., які ўладарыў у зах. частцы ВКЛ, прыпадаў гал. цяжар барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і Польшчай. У шэрагу выпадкаў дапамагаў Альгерду ў пашырэнні межаў дзяржавы на У і Пд. Маючы рэзідэнцыю ў Троках, К. пранікся інтарэсамі Жамойці і пасля смерці Альгерда (1377) імкнуўся навязаць сыну апошняга Ягайлу, які стаў вял. князем, палітыку, выгадную для яе. У 1381 выступіў супраць Ягайлы, але ў хуткім часе быў ім захоплены, прывезены ў замак Крэва і там задушаны. Трагічная смерць К. азначала крах імкненняў жамойцкай знаці заняць вядучае месца ў ВКЛ.

М.І.Ермаловіч.

Кейстут.

т. 8, с. 221

КЕ́ЙСТУТАВІЧЫ,

княжацкі род ВКЛ у 14—15 ст., адгалінаванне Гедзімінавічаў. Паходзяць ад аднаго з сыноў Гедзіміна, кн. ВКЛ Кейстута (? — 1382), які меў 6 сыноў. З іх Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавіч былі вял. князямі ВКЛ. Іншыя сыны Кейстута: Пацірг (1325?—65?), старэйшы сын. Разам з бацькам удзельнічаў у бітвах з крыжакамі, у 1365 бараніў ад іх Гародну, дзе быў намеснікам. Затым быў пераведзены ў адзін з унутраных удзелаў і больш у крыніцах не згадваецца. Бутаўт (Бутаў, у хрышчэнні Генрых; 1330? — пасля 1381), другі сын Кейстута. У 1365 арганізаваў змову супраць бацькі, пасля яе ўцёк да крыжакоў і жыў у Германіі. Войдат (1335? — 81?) пры жыцці бацькі самастойнай ролі не адыгрываў. Таўцівіл у хрышчэнні Конрад (1355?—90) быў актыўным паплечнікам Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам за ўладу. Загінуў у гэтай барацьбе ў час аблогі Вільні. Пасля смерці Міхаіла Жыгімонтавіча (1385—1452), які не пакінуў нашчадкаў, род К. па мужчынскай лініі перарваўся.

В.Л.Насевіч.

т. 8, с. 221

КЕ́ЙТЭЛЬ, Кайтэль (Keitel) Вільгельм (22.9.1882, Гельмшэродэ, цяпер у складзе г. Бад-Гандэрсгайм, Германія — 16.10.1946), германскі ваен. дзеяч, адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў 2-й сусв. вайны. Ген.-фельдмаршал (1940). У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1934 зблізіўся з нацыстамі. У 1935—38 нач. ваен.-паліт. аддзела ваен. мін-ва. З 4.2.1938 да 8.5.1945 нач. штаба вярх. галоўнакамандавання вермахта. У 2-ю сусв. вайну кіраваў ням.-франц. перагаворамі аб перамір’і (1940), падпісаў акт аб капітуляцыі вермахта (8.5.1945). Пакараны смерцю паводле прыгавору Нюрнбергскага працэсу.

Літ.:

Митчелл С.В., Мюллер Д. Командиры Третьего рейха: Пер. с англ. Смоленск, 1997.

т. 8, с. 221

КЕ́КАНЕН ((Kekkonen) Урха Калева) (3.9.1900, г. Піелавесі, Фінляндыя — 31.8.1986),

палітычны і дзярж. дзеяч Фінляндыі. Д-р юрыд. н. (1936). Скончыў Хельсінкскі ун-т (1926). У 1926—56 чл. і адзін з лідэраў партыі Агр. саюз. У 1936—56 дэп., у 1946—47 віцэ-старшыня, у 1948—50 старшыня парламента. У 1939—40 выступаў супраць задавальнення тэр. прэтэнзій СССР, у 1944 супраць вайны з СССР. Міністр юстыцыі (1936—37, 1944—46), унутр. спраў (1937—39, 1950—51), замежных спраў (1952—53, 1954). У 1950—53, 1954—56 прэм’ер-міністр, у 1956—81 прэзідэнт Фінляндыі. Адзін з заснавальнікаў пасляваен. міралюбівага курсу Фінляндыі, у т. л. на супрацоўніцтва з СССР («лінія Паасіківі—Кеканена»), у 1970-я г. падтрымліваў палітыку разрадкі міжнар. напружанасці, адзін з арганізатараў Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе («Хельсінкскі працэс»).

Тв.:

Рус. пер. — Финляндия: путь к миру и добрососедству: Статьи, речи, письма, 1943—1978 гг. М., 1979.

У.Кеканен.

т. 8, с. 221

КЕКІ́ЛАЎ (Аман) (9.5.1912, аул Кешы Ашгабацкага р-на, Туркменістан — 13.12.1974),

туркменскі пісьменнік і літ.-знавец. Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Засл. дз. н. Туркменістана (1972). Акад. АН Туркменістана (1969, чл.-кар. з 1960). Д-р філал. н. (1959). Вучыўся ў Ін-це гісторыі, філасофіі і л-ры ў Маскве (1935—39). Друкаваўся з 1926. Аўтар паэм «Наперад» (1935), «Апошняя сустрэча» (1940), «Радзіма» (1964), «Вяртанне салдат» (1965), рамана ў вершах «Каханне» (кн. 1—2, 1947—57), рамана «Развеяныя хмары» (апубл. 1978), у якіх імкнуўся асэнсаваць найб. значныя этапы гіст. лёсу туркм. народа. Даследаваў праблемы жанру, стылю, мовы, туркм. л-ры, шляхі яе развіцця. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1968.

А.Кекілаў.

т. 8, с. 222

КЕКІЛЬБА́ЕЎ (Абіш) (н. 5.12.1939, в. Анды Мангістаўскай вобл., Казахстан),

казахскі пісьменнік. Скончыў Казахскі ун-т (1962). Першая кніга — зб. вершаў «Залатыя промні» (1962). Зб-кі прозы «Лапік хмары» (1966), «Балады стэпаў» (1968), «Жменька зямлі» (1974), раманы «Канец легенды» (1979), «Плеяды — сузор’е надзеі» (1980) і «Перадсвітальнае змярканне» (1984, за абодва Дзярж. прэмія Казахстана 1986) вызначаюцца шматграннасцю праблематыкі, паглыбленым сац. і псіхалагічным аналізам, імкненнем да інтэлектуалізму. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, нарысаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.Ракітны.

Тв.:

Рус. пер. — Степные легенды: Повести. Роман. М., 1983.

Ж.Сахіеў.

т. 8, с. 222

КЕ́КЛІК,

каменная курапатка, гл. ў арт. Курапаткі.

т. 8, с. 222

КЕ́КУЛЕ ((Kekule) Фрыдрых Аўгуст) (7.9.1829, г. Дармштат, Германія — 13.7.1896),

нямецкі хімік-арганік. Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1887). Скончыў Гісенскі ун-т (1852). З 1858 праф. Генцскага ун-та (Бельгія), з 1865 у Бонскім ун-це (у 1877—78 рэктар). Прэзідэнт Ням. хім. т-ва (1878, 1886, 1891). Навук. працы па тэорыі будовы арган. злучэнняў і арган. сінтэзе. Атрымаў тыявоцатную (1854) і гліколевую к-ты (1856). Падзяліў элементы на адно-, двух- і трохасноўныя (валентныя), вуглярод аднёс да чатырохасноўных элементаў (1857, адначасова з Г.Кольбе). Указаў на здольнасць атамаў вугляроду ўтвараць ланцугі (1858). Прапанаваў цыклічную ф-лу будовы бензолу, у якой чаргуюцца простыя і падвойныя сувязі (1865). Адкрыў перагрупоўку дыязааміна- у амінаазабензол (1866). Сінтэзаваў трыфенілметан, атрахінон (1878).

Літ.:

Быков Г.В. Август Кекуле: Очерк жизни и деятельности. М., 1964;

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

т. 8, с. 222

КЕ́ЛАГ ((Kellogg) Фрэнк Білінгс) (22.12.1856, г. Патсдам, ЗША — 21.12.1937),

дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат. Чл. Рэсп. партыі. У 1877—1904 адвакат, кансультант шэрагу карпарацый на ПнЗ ЗША. У 1904—12 спец. саветнік па антытрэстаўскіх справах пры ген. пракурору. З 1912 старшыня Амер. асацыяцыі адвакатаў. У 1917—23 чл. сената ЗША (выступаў за ўступленне ЗША у Лігу Нацый), у 1924—25 пасол ЗША у Вялікабрытаніі. У 1925—29 дзяржсакратар ЗША, адзін з ініцыятараў заключэння Келага—Брыяна пакта 1928. У 1930—35 чл. Міжнар. суда ў Гаазе. Нобелеўская прэмія міру 1929.

Ф.Келаг.

т. 8, с. 222

КЕ́ЛАГА—БРЫЯ́НА ПАКТ 1928,

міжнародны дагавор аб забароне вайны як сродку ажыццяўлення нац. палітыкі дзяржавамі. Названы паводле імя яго ініцыятараў — міністра замежных спраў Францыі А.Брыяна і дзярж. сакратара ЗША Ф.Б.Келага. Падпісаны 27.8.1928 у Парыжы прадстаўнікамі 15 краін, у т. л. ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, Японіі. ЗША адрасавалі запрашэнне 48 інш. дзяржавам, у т. л. СССР, далучыцца да пакта (пазней яны далучыліся). 29.8.1928 СССР першы ратыфікаваў дагавор і ініцыіраваў падпісанне Маскоўскага пратакола 1929 аб датэрміновым увядзенні ў дзеянне пакта (набыў сілу 24.7.1929).

т. 8, с. 222