ДАВО́С
(Dawos),
горад, горнакліматычны курорт на У Швейцарыі, у Рэтыйскіх Альпах, на выш. больш за 1550 м. Каля 15 тыс. ж. (1994). Цэнтр турызму, зімовых відаў спорту. Познагатычныя касцёлы, ратуша (сярэдзіна 16 ст.). Мяккі горны клімат, малавоблачная зіма спрыяльныя для клімататэрапіі хвароб органаў дыхання (у т. л. туберкулёзу), некат. хвароб скуры, вачэй. Шмат санаторыяў, атэляў, водалячэбніц.
т. 5, с. 565
ДАВУ́
(Davout, Davoust, d’Avout) Луі Нікала (10.5.1770, Ану, каля г. Авалон, Францыя — 1.6.1823),
французскі ваен. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Аўэрштэцкі (1808), князь Экмюльскі (1809). Скончыў Парыжскую ваен. школу (1788). У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 перайшоў на бок рэв. народа. Удзельнічаў у Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801. У 1805—14 камандзір корпуса, вызначыўся ў бітвах пад Аўстэрліцам (1805), Аўэрштэтам (1806) і Экмюлем (1809). З 1807 губернатар вял. герцагства Варшаўскага. У 1813—14 кіраваў абаронай Гамбурга ад рас.-прускіх войск. У час «Ста дзён» (20.3—15.7.1815) ваен. міністр Напалеона. Пры Бурбонах спачатку ў няміласці, з 1819 пэр Францыі.
т. 5, с. 565
ДАВУ́ДАВА Марзія Юсуф кызы
(8.12.1901, г. Астрахань, Расія — 6.1.1962),
азербайджанская актрыса. Нар. арт. СССР (1949). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1917. З 1920 у азерб. т-ры ў Баку (цяпер Азерб. драм. т-р імя М.Азізбекава). Яе мастацтва вызначалася эмацыянальнай сілай і псіхал. глыбінёй. Выконвала драм. і трагедыйныя ролі: Севіль («Севіль» Дж.Джабарлы), Гызьетэр («Ханлар» С.Вургуна), Гюльзар («Раніца Усходу» Э.Мамедханлы; Дзярж. прэмія СССР 1948), Кручыніна, Кабаніха («Без віны вінаватыя», «Навальніца» А.Астроўскага), Дэздэмона, Гертруда, лэдзі Макбет («Атэла», «Гамлет», «Макбет» У.Шэкспіра).
т. 5, с. 565
ДАВЫ́ДАВА-МЕ́ДЭНЕ
(Davidova-Medene) Леа Мацісаўна (31.3.1921, хутар Новадніекі, Салдускі р-н, Латвія — 31.7.1986, латышскі скульптар. Засл. дз. маст. Латвіі (1966). Вучылася ў Рыжскай АМ (1941—49) у Т.Залькална. Аўтар партрэтаў дырыжора Л.Вігнера (1955),
мастакоў Л.Букоўскага (1957), П.Упітыса (1960), К.Земдэгі (1962—65), «Руцаўская рыбачка» (1958), пісьменнікаў М.Кемпэ (1961), А.Упіта (1964), актрысы Л.Эрыкі (1969) і інш.
т. 5, с. 566
ДАВЫ́ДАЎ
(сапр. Левенсон) Аляксандр Міхайлавіч (1872, маёнтак у Палтаўскай губ., Украіна — 28.6.1944),
расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Рэспублікі (1924). У 1889 — 1914 на опернай сцэне, у т. л. з 1900 у Марыінскім т-ры (Пецярбург). Адзін з лепшых выканаўцаў на рус. сцэне партый Германа («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Зігмунда, Логе і Міме («Пярсцёнак нібелунга» Р.Вагнера). З сярэдзіны 1920-х г. працаваў за мяжой (у 1934 рэж. опернай трупы, дзе спяваў Ф.Шаляпін). З 1935 зноў на радзіме, з 1936 выкладаў у вячэрняй школе спеваў пры Ленінградскім т-ры оперы і балета.
т. 5, с. 566
ДАВЫ́ДАЎ Валянцін Канстанцінавіч
(н. 22.7.1934, в. Уласава Валагодскай вобл., Расія),
бел. артыст балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыўшы студыю класічнага танца пры Ленінградскім Палацы культуры імя Горкага (1954), працаваў у т-рах Алматы і Пермі. У 1956—72 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1956—67 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Адзін з вядучых выканаўцаў гал. партый класічнага рэпертуару. Творчай манеры Давыдава былі ўласцівы высакароднасць і чысціня пластычнай формы, пачуццё стылю, эмацыянальная насычанасць танца. Сярод партый: Мікалай («Мара» Я.Глебава), Андрэй, Алесь («Падстаўная нявеста», «Святло і цені» Г.Вагнера), Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.Штрауса), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Феб («Эсмеральда» Ц.Пуні), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Спартак, Гармодый («Спартак» А.Хачатурана), Лені («Сцежкаю грому» К.Караева).
А.І.Калядэнка.
т. 5, с. 566
ДАВЫ́ДАЎ Дзяніс Васілевіч
(27.7.1784, Масква — 4.5.1839),
герой вайны 1812, ваен. пісьменнік і паэт, ген.-лейт. (1831). З 1801 на ваен. службе ў кавалерыі (з 1804 у гусарах). У час вайны 1812 камандаваў атрадам гусараў і казакоў, паспяхова дзейнічаў у тыле ворага. Удзельнік замежных паходаў 1813—14. З 1823 у адстаўцы. У 1826—1827 зноў служыў на Каўказе. Удзельнічаў у падаўленні паўстання 1830—31, у т. л. ў Беларусі. Аўтар ваен.-гіст. прац: «Дзённік партызанскіх дзеянняў 1812» (1860), «Вопыт тэорыі партызанскіх дзеянняў» (1821) і інш. Як паэт выступаў з 1803. Стварыў жанр «гусарскай лірыкі» (зб. «Вершы», 1832).
Тв.:
Военные записки. М., 1982;
Избранное. М., 1984;
Стихотворения. Л., 1984.
Літ.:
Серебряков Г. Денис Давыдов. М., 1985.
т. 5, с. 566
ДАВЫ́ДАЎ,
Давідаў Карл Юльевіч (15.3.1838, г. Кулдыга, Латвія — 26.2.1889), расійскі віяланчэліст, кампазітар, дырыжор, педагог; заснавальнік рус. класічнай віяланчэльнай школы 2-й пал. 19 ст. Скончыў фізіка-матэм. ф-т Маскоўскага ун-та (1858). Музыцы вучыўся ў А.Шміта і К.Шуберта. З 1852 канцэртаваў у Расіі і за мяжой як саліст, ансамбліст і дырыжор. У 1860—82 саліст і канцэртмайстар аркестраў Гевандхаўза ў Лейпцыгу і Італьян. оперы ў Пецярбургу. Праф. Лейпцыгскай (з 1860) і Пецярбургскай (1862—87; у 1876—87 дырэктар) кансерваторый. Аўтар опер, сімф. паэмы «Падарункі Церака», 4 канцэртаў і «Фантазіі на рускія песні» для віяланчэлі з аркестрам, транскрыпцый твораў віяланчэльнай класікі і інш. Складальнік «Школы для віяланчэлі» (1888). Сярод яго вучняў А.Вержбіловіч, Г.Віган, А.Глен, В.Гутар.
т. 5, с. 566
ДАВЫ́ДАЎ Уладзімір Мікалаевіч
(сапр. Гарэлаў Іван Мікалаевіч; 19.1.1849, г. Наваміргарад, Украіна — 23.6.1925),
расійскі акцёр і педагог. Нар. арт. Рэспублікі (1922). З 1867 іграў у правінцыі. У 1880—1924 акцёр Александрынскага т-ра (Пецярбург), адначасова з 1883 выкладаў у тэатр. вучылішчы. Арганічнае пачуццё жыццёвай праўды, віртуознае валоданне тэхнікай пераўвасаблення, майстэрствам сцэн. мовы, міміка дазвалялі яму з поспехам выступаць у вадэвілях, камедыях, драмах: Фамусаў («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Мошкін («Халасцяк» І.Тургенева), Гараднічы, Падкалесін («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Іванаў, Чабутыкін («Іванаў», «Тры сястры» А.Чэхава).
Тв.:
Рассказ о прошлом. Л.; М., 1962.
Літ.:
Брянский А. В.Н.Давыдов, 1849 — 1925: Жизнь и творчество. Л.; М., 1939.
т. 5, с. 566
ДАВЫ́ДАЎ Юрый Пятровіч
(н. 14.6.1932, в. Сечанава Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. хімік. Д-р хім. н. (1980), праф. (1984). Скончыў Ленінградскі ун-т (1955). З 1969 у Ін-це радыеэкалагічных праблем Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні стану радыенуклідаў у растворах. Прапанаваў шэраг тэхнал. метадаў вылучэння радыенуклідаў з раствораў.
Тв.:
Состояние радионуклидов в растворах. Мн., 1978.
т. 5, с. 566