ДАВЫ́ДАЎ (Валянцін Канстанцінавіч) (н. 22.7.1934, в. Уласава Валагодскай вобл., Расія),

бел. артыст балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыўшы студыю класічнага танца пры Ленінградскім Палацы культуры імя Горкага (1954), працаваў у т-рах Алматы і Пермі. У 1956—72 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1956—67 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Адзін з вядучых выканаўцаў гал. партый класічнага рэпертуару. Творчай манеры Давыдава былі ўласцівы высакароднасць і чысціня пластычнай формы, пачуццё стылю, эмацыянальная насычанасць танца. Сярод партый: Мікалай («Мара» Я.​Глебава), Андрэй, Алесь («Падстаўная нявеста», «Святло і цені» Г.​Вагнера), Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Феб («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Спартак, Гармодый («Спартак» А.​Хачатурана), Лені («Сцежкаю грому» К.​Караева).

А.​І.​Калядэнка.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)