Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́МЕЛЬСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «КАМІНТЭ́РН».

Засн ў 1919 як ф-ка па пашыву вайсковага абмундзіравання. З 1922 ф-ка «Дзяржадзенне» па пашыву адзення насельніцтву і розным установам. З 1927 ф-ка «Гомшвей», з 1928 швейная ф-ка «Камінтэрн». У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ва Ульянаўскую вобл., дзе аб’яднана з віцебскай ф-кай «Прафінтэрн». Пасля вайны адноўлена ў Гомелі. У 1964 шляхам аб’яднання ф-кі «Камінтэрн» са швейнай ф-кай № 1 і Рэчыцкай швейнай ф-кай створана Гомельскае вытв. швейнае аб’яднанне «Камінтэрн», якое у 1994 пераўтворана ў акц. т-ва. Вырабляе мужчынскае і жаночае адзенне. Мае знешнеэканам. сувязі з фірмамі Англіі, Даніі, Германіі, Венгрыі, Італіі, Чэхіі.

А.А.Саламонаў.

т. 5, с. 336

ГО́МЕЛЬСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «КАРА́Л».

Засн. ў 1964. Асн. прадукцыя: каляровыя кінескопы для тэлевізараў, карпусы інтэгральных схем, рэзанатары п’езаэлектрычныя для тэлевізійных прыёмнікаў і радыёапаратуры, вырабы нар. ўжытку.

т. 5, с. 336

ГО́МЕЛЬСКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ «ГОМЕЛЬДРЭ́Ў».

Засн. ў 1929 як дрэваапрацоўчы камбінат разам з фабр.-зав. вучылішчам. Выпускаў мэблю, паркет, драбіны, піламатэрыялы, тару. У 1941 вырабляў лыжы для самалётаў, скрыні для снарадаў, рыштунак для ваенізаваных абозаў, потым эвакуіраваны ў Сталінград, дзе выпускаў прадукцыю для фронту. У 1944 адноўлены ў Гомелі. У 1971 на базе камбіната (галаўное прадпрыемства) створана дрэваапр. аб’яднанне з філіяламі. Асн. прадукцыя (1997): корпусная і офісная мэбля, камплекты для гасцінай, сталовай, спальныя гарнітуры, шафы для абутку, тумбы для радыё-, відэа- і телеапаратуры, сталы абедзенныя і пісьмовыя, мяккая мэбля, багет, карнізы, запалкі і інш.

т. 5, с. 336

ГО́МЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у Гомелі. Аб’ядноўвала 16 арг-цый і груп (больш за 140 чал.). Ініцыятары стварэння першых груп А.Л.Ісачанка, С.П.Купцоў, Ф.П.Котчанка. У ліку першых пачала дзейнічаць група І.І.Жалезнякова, якая ў чэрв. 1942 наладзіла сувязь з Гомельскім падп. гаркомам ЛКСМБ і партызанамі, выконвала іх заданні. З канца жн. 1941 дзейнічалі групы У.П.Кавалёва, Л.А.Кавалёвай, з вер.ліст. — Г.Л.Кірыкавай, М.І.Панчанкі, В.Л.Радзьковай, Л.В.Семяноўскай і інш. Падпольшчыкі выконвалі заданні парт. органаў, партызан, спец. груп «Уперад», «Радзіма», распаўсюджвалі антыфаш. лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, ратавалі і выводзілі з горада ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, удзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, прадпрыемствах, складах і інш. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінула больш за 20 падпольшчыкаў. У Гомелі на ўвекавечанне іх памяці пастаўлены помнікі.

Літ.:

Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;

Сувалов М.К. Комсомольско-молодежное подполье Гомеля в годы Великой Отечественной войны // Партии помощник боевой. Мн., 1968;

Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.

Л.В.Аржаева.

т. 5, с. 336

ГО́МЕЛЬСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.

Існавала ў 1908 — 14. Статут зацверджаны 14.2.1909. Мела на мэце культ.-асв. дзейнасць, прапаганду сярод жыхароў Гомеля муз. і тэатр. мастацтва і л-ры, развіццё маст. здольнасцей членаў т-ва. Было важным асяродкам культ. жыцця горада. У 1910—11, калі т-ва ўзначальваў Л.С.Драгунскі, яно аб’ядноўвала каля 240 чал. Працавалі секцыі літ. (распарадчык І.Х.Бабарыкін), драм. (І.Я.Марголін, В.М.Плахаў) і муз. (С.Л.Захарын). Пад кіраўніцтвам Марголіна пастаўлены спектаклі «На бойкім месцы» і «Лес» А.Астроўскага, «Лебядзіная песня» А.Чэхава, «Рэвізор» М.Гогаля і інш. Муз. секцыяй быў створаны хор, наладжваліся вечары, прысвечаныя творчасці кампазітараў-класікаў (у т. л. П.Чайкоўскага), выконваліся рамансы і нар. песні, арыі з рус. і замежных опер. Т-ва працавала ў памяшканні клуба грамадскага сходу.

У.В.Мальцаў.

т. 5, с. 336

ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,

фізіка-геагр. раён Беларускага Палесся на ПдУ Беларусі; у Веткаўскім, Гомельскім, Добрушскім, Лоеўскім, Брагінскім, Рэчыцкім, Жлобінскім, Хойніцкім, Светлагорскім, Калінкавіцкім і Нараўлянскім р-нах. Мяжуе з Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінамі на Пн, з Чарнігаўскім на Пд, з Прыпяцкім і Мазырскім Палессем на З, з раўнінамі Бранскай вобл. Расіі на У. Выш. 100—150 м, пл. каля 16,5 тыс. км², працягласць з З на У да 126 км, з Пн на Пд каля 180 км. У тэктанічных адносінах прымеркавана пераважна да Прыпяцкага прагіну. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, палеазою і антрапагену. Асабліва развіты верхнедэвонскія саляносныя адклады магутнасцю да 3000 м. Антрапагенавая тоўшча (магутнасць ад 20 м на Пд да 60 м на ПнЗ) складзена з асадкаў 3 ледавіковых і міжледавіковых перыядаў. Паверхня Гомельскага Палесся пласкахвалістая, радзей хвалістая, з нахілам на Пд. Ваганні адносных вышынь 3—5 м/км². Азёрна-алювіяльная і алювіяльная тэрасаваныя раўніны значна пашыраны на У, у межах Прыдняпроўскай нізіны. На Гомельскім Палессі найб. вылучаюцца Хойніцка-Брагінскія вышыні, на левабярэжжы р. Прыпяць — Юравіцкае ўзвышша. Уздоўж правага берага Дняпра вылучаюцца пясчаныя зандравыя раўніны. У далінах рэк Дняпро, Прыпяць і Сож выразныя поймы і 2 надпоймавыя тэрасы. Паверхня тэрас слабахвалістая, ускладненая дзюнамі, астанцамі, марэнамі ў выглядзе ўзгоркаў, лагчынамі, западзінамі. Карысныя выкапні: нафта, соль, торф, гліны, мел, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600 мм за год. Гомельскае Палессе прарэзана Дняпром і нізоўямі яго прытокаў — Сажа, Бярэзіны і Прыпяці. На У нізоўі рэк Беседзь, Іпуць, Уць; у зах. ч. цякуць рэкі Жалонь, Мытва, Віць, Іпа; у паўд.р. Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя пясчана-супясчаныя, на балотах — тарфянабалотныя, у поймах гал. рэк — алювіяльныя дзярновыя забалочаныя. Найб. лясістасць (да 55%) на ПдЗ, найменшая (да 22%) на ПдУ. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорна-альховыя, бярозавыя лясы і дубровы. У поймах рэк злакавыя астэпаваныя і злакавыя гідрамезафільныя лугі. Пад ворывам 25%, сухадольнымі лугамі і пашай 19%, забалочана 7% тэр. У межах Гомельскага Палесся Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, бат. заказнікі Веткаўскі і Шабрынскі, біял. заказнік Чырковіцкі, ландшафтныя заказнікі Стрэльскі і Смычок.

т. 5, с. 336

ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у г. Гомель і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала больш за 40 груп

(каля 400 чал.). Найб. актыўныя групы: на падшыпнікавым (кіраўнік В.І.Сухаў),

паравозавагонарамонтным (М.В.Півавараў) з-дах, паравозным дэпо (А.Ц.Брыкс), чыг. вузле (Ф.С.Варонін), лесакамбінаце (М.Д.Жызнеўскі, Р.М.Каралёў), тлушчакамбінаце (Е.І.Каленікаў), у пашпартным стале (Н.Я.Заўгародні), у Навабеліцы (А.В.Мацвіенка, Ф.С.Кусцін, В.Ц.Папоў). Адной з першых пачала дзейнасць група Ц.С.Барадзіна, члены якой наладзілі друкаванне антыфаш. лістовак, бланкаў дакументаў, правялі шэраг дыверсій, перадавалі сав. ваеннапалонным у лагер адзенне, прадукты, лістоўкі, арганізоўвалі іх уцёкі. У ліст. 1941 створаны аператыўны цэнтр для каардынацыі дзейнасці падп. груп, наладжана сувязь з Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі сав. газеты і зводкі Саўінфармбюро, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, учынялі дыверсіі на прадпрыемствах, чыгунцы і інш. месцах. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, сав. авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск, ваен. тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У маі 1942 і лютым 1943 фашысты правялі шматлікія арышты і расстрэлы. За час акупацыі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, І.П.Кожару і Е.І.Барыкіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Гомелі на магілах падпольшчыкаў пастаўлены помнікі, на пл. Працы запалены Вечны агонь.

Літ.:

Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;

Михайлашев Н.А. Невидимый фронт // Неман. 1968. № 2;

Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.

Л.В.Аржаева.

т. 5, с. 337

ГО́МЕЛЬСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў,

Таварыства гомельскіх урачоў. Дзейнічала ў Гомелі ў 1898—1900. Ставіла за мэту вывучэнне сан. стану Гомельскага пав., складанне яго мед. тапаграфіі і сан. карты, высвятленне прычын і адшуканне спосабаў прадухілення эпідэмічных і інш. хвароб, збор і навук. распрацоўку стат. звестак пра стан здароўя і смяротнасць насельніцтва павета, пашырэнне медыка-сан. ведаў і інш. Заснавальнік і старшыня д-р медыцыны Дз.Кастрыцкі. Распушчана міністрам унутр. спраў пад выглядам парушэння статута, фактычна з-за непрымальнага для ўлад нац. складу т-ва (колькаснай перавагі яўрэяў).

А.П.Малчанаў.

т. 5, с. 337

ГО́МЕЛЬСКАЙ ГАРАДСКО́Й ДУ́МЫ БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры з рысамі стылізатарска-эклектычнай плыні. Пабудаваны ў 1880-я г. (арх. Я.Тарлін). Мураваны 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак падзелены зубчастым поясам (3-і паверх дабудаваны ў 1935). 1-ы глухі масіўны паверх, расчлянёны блендамі, кантрастуе з 2-м і 3-м паверхамі. Гал. фасад вылучаны 2 нізкімі рызалітамі, апрацаваны лапаткамі, быў завершаны паўкруглым франтонам. Фасады аздоблены тонкімі пілястрамі, ліштвамі з франтончыкамі і інш.

В.М.Чарнатаў.

т. 5, с. 337

ГО́МЕЛЬСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў 1844, разбураны ў Вял. Айч. вайну, рэканструяваны ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. (часткова перабудаваны гал. фасад, зменена ўнутр. планіроўка). Складаецца з 2 выцягнутых у плане аб’ёмаў. На вуліцу выходзіць невял. 2-павярховым гал. фасадам сіметрычнай кампазіцыі. У дэкоры выкарыстаны руст, шырокі пояс з ляпнымі элементамі, трохвугольны франтон і высокі атык. Гал. ўваход вылучаны 2 пілонамі і трохчвэртнымі калонамі.

А.А.Міцянін.

т. 5, с. 337