Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІ́РАН (Казімір Феліксавіч) (6.8.1895, в. Дзянісы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1972),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Праф. (1963). Засл. лесавод Беларусі (1968). Скончыў Маскоўскі лясны ін-т (1925). У 1931—41 у Бел. НДІ лясной гаспадаркі (заг. сектара), у 1943—46 ва Усесаюзным НДІ лясной гаспадаркі (заг. сектара). У 1945—70 у Бел. тэхнал. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па штучным лесааднаўленні, інтрадукцыі каштоўных дрэвавых парод.

Тв.:

Мероприятия по реконструкции малоценных молодняков в лесах БССР. Мн., 1952;

Развитие лесокультурного дела в Белоруссии за 1917—1967 гг. // Лесоведение и лесное хозяйство. Мн., 1969. Вып. 2.

т. 10, с. 462

МІРА́НДА,

найбліжэйшы спадарожнік Урана. Адлегласць ад Урана 129,2 тыс. км, дыяметр каля 240 км, сідэрычны перыяд абарачэння 1,46 сут. Адкрыты Дж.​Койперам (ЗША, 1948).

т. 10, с. 463

МІРА́НДА ((Miranda) Франсіска) (28.3.1750, Каракас — 14.7.1816),

адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп. калоній у Паўд. Амерыцы. Генералісімус Венесуэлы (1812). Скончыў ун-т у Каракасе (1764). З 1773 у ісп. арміі. З пач. 1780-х г. удзельнік антыісп. сепаратысцкага руху. У 1783 эмігрыраваў у Паўн. Амерыку, дзе ўдзельнічаў у барацьбе за незалежнасць англ. калоній. У 1786—87 у Расіі вёў перагаворы пра фін. дапамогу і дыпламат. падтрымку. У 1792—97 у Францыі, зблізіўся з жырандыстамі і ўступіў у франц. армію. З 1798 у Англіі, потым у ЗША. У 1806 арганізаваў няўдалую экспедыцыю ў Венесуэлу з мэтай узняць там паўстанне. У 1810 узначаліў барацьбу за незалежнасць Венесуэлы. У пач. 1812 кангрэс краіны даў яму паўнамоцтвы дыктатара. Пасля паражэння венесуэльскай арміі (ліп. 1812) высланы ісп. ўладамі ў Іспанію, дзе і памёр у турме.

Літ.:

Лаврецкий И.Р. Миранда. М., 1965.

т. 10, с. 463

МІРАНЕ́НКА (Аляксей Віктаравіч) (5.3. 1911, с. Ільінка Белгародскай вобл., Расія — 22.4.1998),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1962), праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Варонежскі пед. ін-т (1938). З 1949 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі (дырэктар), з 1952 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (да 1988 заг. лабараторыі). Навук. працы па заканамернасцях утварэння і намнажэння алкалоідаў, бялковых рэчываў і’ амінакіслот у лубіне.

Тв.:

Методы определения алкалоидов. Мн., 1966;

Биохимия люпина. Мн., 1975.

т. 10, с. 463

МІРА́НКА,

рака ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Уша (бас. р. Нёман). Даўж. 22 км. Пл. вадазбору 85 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Сімакава, цячэ праз г.п. Мір. На працягу 7,2 км каналізаваная.

т. 10, с. 463

МІРА́НКА,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай стабілізацыі гідралагічнага рэжыму рэк Нёман і Уша. Пл. 3107 га.

Асн. ч. займае тарфяное радовішча Воўчае балота. На астатняй тэрыторыі рэльеф спадзісты, на краявых участках сярэднеўзвышаны, месцамі перасечаны рэкамі, лагчынамі, ярамі. Пераважаюць хвойнікі імшыстыя і чарнічныя. Ельнікі, беразнякі, чорнаалешнікі; участкі дубу, клёну. Травяністыя расліны купальнік горны, кураслеп лясны, лінея паўночная, сон лугавы, валжанка двухдомная, шалфей лугавы занесены ў Чырв. кнігу. У фауне: лось, алень, казуля, дзік, заяц русак і бяляк, куніца, ліс, андатра, норка, выдра, глушэц, цецярук; барсук, сіпуха, пустальга звычайная, бусел чорны і чайка малая занесены ў Чырв. кнігу.

П.​Л.​Лабанок.

т. 10, с. 463

МІРАНО́ВІЧ (Антон Васілевіч) (н. 30.10. 1959, г. Беласток, Польшча),

бел. гісторык у Польшчы, грамадска-культ. дзеяч. Д-р гуманіт. н. габілітаваны (1997), праф. (1998). Скончыў філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1982). З 1986 выкладаў у Ін-це гісторыі Варшаўскага ун-та, потым у Ін-це гісторыі ў Беластоку (філіял Варшаўскага ун-та). Старшыня Бел. асветніцкага т-ва ў Польшчы (1999), першы старшыня Бел. гіст. т-ва ў Польшчы (1993—96), нам. старшыні Бел. дэмакр. аб’яднання ў Рэспубліцы Польшча. Даследуе гісторыю правасл. царквы ў Польшчы і краінах Усх. Еўропы, бел.-польскія культ. сувязі ў эпоху феадалізму, праблемы бел. нац. меншасці ў Польшчы. Аўтар кніг «Супрасль як культурна-рэлігійны цэнтр у XVI ст.» (1984), «Падляшскія праваслаўныя цэнтры і арганізацыі ў XVI і XVII ст.» (1991), «Праваслаўе і унія ў часы панавання Яна Казіміра» (2-е выд. 1997) і інш.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 463

МІРАНО́ВІЧ (Пётра) (21.9.1902, в. Стрэмкі, Латвія — 20.12.1990),

бел. мастак. Вучыўся ў Даўгаўпілскай бел. гімназіі. Скончыў Латвійскую АМ (1937). У 1945—47 вучыўся ў АМ у Вене. З 1944 жыў у Аўстрыі, з 1950 — у ЗША. Займаўся асветніцтвам і развіццём бел. школы ў Латвіі. У ранніх творах адлюстраваны побыт латгальскай вёскі 1920—40-х г.: «У сялянскай хаце», «Жняя», «Вываз гною», «Бура ў жніво» і інш. Пазней ствараў партрэты вядомых бел. дзеячаў розных часоў: С.​Сахарава, П.​Крачэўскага (1966), Н.​Арсенневай, Я.​Купалы, Ф.​Скарыны (усе 1967), Л.​Сапегі (1970), К.​Каліноўскага (1971) і інш. Прыгажосць краявідаў Падзвіння перадаў у працах «Гонкі на Дзвіне», «Над Дзвімою», «Другое возера», «Белая царква ў Друі» (1970-я г.), «Сплаў лесу» (1970), «Капліца ў Прыдруйску» (1971) і інш. Сярод інш. твораў «Беларускія эмігранты», «Парк у Брукліне», «У Альпах», «Касцёл св. Карлы ў Вене» (абодва 1945—46), «Хата на Лонг Айлендзе» (1970) і інш.

В.​А.​Трыгубовіч.

т. 10, с. 463

МІРАНО́ВІЧ (Спартак Пятровіч) (н. 20.6.1938, г. Магнітагорск, Расія),

бел. трэнер (гандбол). Майстар спорту СССР (1964). Засл. трэнер Беларусі (1967), СССР (1977), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1981). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1963). З 1964 старшы трэнер зборнай каманды школьнікаў Беларусі — чэмпіёна СССР (1967), з 1969 — Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. З 1970 трэнер зборнай каманды юніёраў СССР — пераможцы чэмпіянату свету сярод юніёраў (1977, 1979, 1983, 1985). З 1976 гал. трэнер каманды СКА (Мінск); пад яго кіраўніцтвам каманда была ўладальніцай Кубка еўрап. чэмпіёнаў (1987, 1989, 1990), Кубка ўладальнікаў кубкаў (1983, 1988), Кубка СССР (1980, 1981, 1982), чэмпіёнам СССР (1981, 1984, 1985, 1986, 1988, 1990), чэмпіёнам Беларусі (1993—99). З 1986 трэнер зборных каманд СССР — пераможцы XXIV Алімп. гульняў (1988, Сеул, Рэспубліка Карэя) і СНД — пераможцы XXV Алімп. гульняў (1992, Барселона, Іспанія), пераможцы Гульняў добрай волі (1986, Масква; 1990, г. Сіэтл, ЗША). У 1991—97 член выканкома Нац. алімп. к-та Беларусі.

т. 10, с. 463

МІРАНО́ВІЧ (Яўген Васілевіч) (н. 2.9.1955, в. Алексічы Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. гісторык у Польшчы, грамадска-культ. дзеяч. Д-р гуманіт. н. (1990). Скончыў філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1980). З ліп. 1992 гал. рэдактар беластоцкай газ. «Ніва», з 1997 старшыня яе праграмнай рады. Адзін з ініцыятараў стварэння ў 1990 Бел. дэмакр. аб’яднання, чл. яго Гал. рады, з 1992 нам. старшыні. Гал. кірункі даследаванняў — бел.-польскія адносіны ў перыяд 1-й сусв. вайны, бел. нац. рух у Польшчы пасля 1-й і 2-й сусв. войнаў, гісторыя правасл. царквы ў Польшчы, бел. грамадска-паліт. рух у Польшчы ў 1980—90-я г. Аўтар раздзелаў у кнігах «Праваслаўная царква ў Польшчы: Гісторыя і сучаснасць» (Варшава, 1993), «Нацыянальныя меншасці ў Польшчы» (Варшава, 1998), навук. артыкулаў.

Тв.:

Białorusini w Polsce, 1944—1949. Warszawa, 1993;

Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999.

Л.​У.​Языковіч.

т. 10, с. 463