Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭМІ́СІЯ (ад лац. remissio памяншэнне, паслабленне) у эканоміцы, акругленне сумы плацяжу на рахунку ў бок памяншэння.

т. 14, с. 11

РЭМІ́СІЯ ў медыцыне,

перыяд цячэння хваробы, які характарызуецца часовым аслабленнем (няпоўная) або знікненнем яе праяў (поўная). Адрозніваюць Р. тэрапеўт. (пад уплывам лячэння), спантанную (звычайна — заканамерны этап развіцця хваробы), таксама звязаныя з псіхічнымі захворваннямі (астэнічную, гіперстэнічную, неўрозападобную і інш.).

т. 14, с. 11

РЭМІТЭ́НТ [ад лац. remittens (remittentis) які адсылае],

уладальнік вэксаля, які мае права на атрыманне пазначанай у ім сумы грошай. Асоба, пазначаная ў якасці атрымальніка грошай на самім вэксалі, наз. першым Р. Пры перадачы вэксаля законным Р. з’яўляецца асоба, якая асноўвае сваё права на неперарыўным шэрагу індасаментаў. Калі Р. набыў вэксаль нядобрасумленна або, набываючы яго, зрабіў грубую неасцярожнасць, ён абавязаны перадаць яго былому ўладальніку. Р. мае права на атрыманне плацяжу па вэксалі ад акцэптанта (вэксалядаўца простага вэксаля). Р. належаць таксама інш. правы, прадугледжаныя вэксальным заканадаўствам.

т. 14, с. 11

РЭ́МШАЙД (Remscheid),

горад у Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія, каля р. Вупер. Каля 130 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Прам-сць: маш.-буд. (значнае станкабудаванне), металург. (вытв-сць спецсталяў), тэкстыльная. Масты цераз р. Вупер звязваюць Р. з г. Золінген.

т. 14, с. 11

РЭН (Rennes),

горад на З Францыі. Адм. ц. дэпартамента Іль і Вілен, гал. горад гіст. вобласці Брэтань. Вядомы да н.э. Каля 220 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс. ж. (2000). Буйны вузел чыгунак і аўтадарог, каналам Іль—Ранс злучаны з зал. Сен-Мало (Ла-Манш). Прам-сць: с.-г. і эл.-тэхн. машынабудаванне, аўтамабілебудаванне, хім., тэкст., харчовая. 2 ун-ты. Музеі. Арх. помнікі 11—18 ст.

т. 14, с. 11

РЭН ((Wren) Крыстафер) (20.10.1632, Іст-Нойл, Вялікабрытанія — 25.2.1723),

англійскі вучоны і архітэктар; буйны прадстаўнік англ. класіцызму. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (паміж 1649—53). З 1657 праф. астраноміі ў Лондане, з 1661 — у Оксфардзе. У 1668—1718 гал. захавальнік каралеўскіх будынкаў. У 1681—83 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Арх. творам Р. ўласцівы свабоднае выкарыстанне ордэрных элементаў і кампазіцыйная разнастайнасць, стройнасць прапорцый і парадная манументальнасць, вытанчанасць дэталей: 52 прыходскія цэрквы ў раёне Сіці (у т. л. Сент-Мэры-ле-Боу, 1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710), Грынвіцкі шпіталь (1696—1716, у сааўт.) у Лондане, б-ка Трыніты-каледжа ў г. Кембрыдж (1676—84).

т. 14, с. 11

РЭНАВА́ЦЫЯ (ад лац. renovatio абнаўленне, аднаўленне),

эканамічны працэс замяшчэння ўстарэлых сродкаў вытв-сці новымі. Ажыццяўляецца шляхам замены асобных сродкаў працы, рэканструкцыі ці стварэння новых прадпрыемстваў замест ліквідаваных. Крыніцай Р. служаць амартызацыйныя адлічэнні (гл. Амартызацыя).

т. 14, с. 12

РЭНА́Р ((Renard) Жуль) (22.2.1864, Шалон-сюр-Мен, Францыя — 22.5.1910),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў як паэт-сімваліст (зб. вершаў «Ружы», 1886). Першы буйны празаічны твор — раман «Макрыцы» (1887) пра жыццё вясковых буржуа. У рамане «Паразіт» (1892) сатыр. вобраз пісьменніка-псеўдабунтаўшчыка і прычыны яго дэградацыі. Тэмы дзяцінства і вёскі распрацоўваў у рамане «Рыжык» (1894). Аўтар зб-каў нарысаў і апавяд. «Патайны ліхтар» (1893), «Вінаградар у сваім вінаградніку» (1894), «Буколікі» (1896), «Нашы суровыя браты» (1908) пра сял. побыт, п’ес, у т. л. «Ханжа» (1909) і інш. Найбуйнейшы яго твор — «Дзённік» (выд. 1927), у якім адлюстраваны светапогляд і прынцыпы Р., грамадскае і культ. жыццё Францыі канца 19 — пач. 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1946;

Дневник. М., 1965.

А.​В.​Хадановіч.

т. 14, с. 12

РЭНА́РД (Канстанцін Густававіч) (28.10.1884, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 27.7.1961),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і насенняводства. Д-р с.-г. н. (1944), праф. (1925). Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1910). У 1919—31 у Горы-Горацкім земляробчым ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па селекцыі лёну і збожжавых культур, кветкаводстве.

Тв.:

Пивоваренный ячмень и его возделывание. М.; Л., 1925;

Лен-долгунец. М.; Л., 1925;

Пшеница. Смоленск, 1935 (разам з І.​Нікуліным);

Цветоводство в Омской области. Омск, 1959.

т. 14, с. 12

РЭНАТУРА́ЦЫЯ (ад рэ... + лац. natura прыродныя ўласцівасці, сутнасць),

зваротны пераход малекулы біяпалімера з неактыўнага (дэнатураванага) стану ў біялагічна актыўны. Пры Р. праяўляецца здольнасць бялкоў да самаарганізацыі, шлях якой вызначаны паслядоўнасцю амінакіслот у поліпептыдным ланцугу, дэтэрмінаванай спадчыннай інфармацыяй. Здольнасць ДНК да Р. выкарыстоўваецца для. атрымання штучных гібрыдных малекул ДНК (т.зв. малекулярная гібрыдызацыя). Гл. таксама Дэнатурацыя.

т. 14, с. 12