РЭН ((Wren) Крыстафер) (20.10.1632, Іст-Нойл, Вялікабрытанія — 25.2.1723),

англійскі вучоны і архітэктар; буйны прадстаўнік англ. класіцызму. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (паміж 1649—53). З 1657 праф. астраноміі ў Лондане, з 1661 — у Оксфардзе. У 1668—1718 гал. захавальнік каралеўскіх будынкаў. У 1681—83 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва. Арх. творам Р. ўласцівы свабоднае выкарыстанне ордэрных элементаў і кампазіцыйная разнастайнасць, стройнасць прапорцый і парадная манументальнасць, вытанчанасць дэталей: 52 прыходскія цэрквы ў раёне Сіці (у т. л. Сент-Мэры-ле-Боу, 1670—80), сабор св. Паўла (1675—1710), Грынвіцкі шпіталь (1696—1716, у сааўт.) у Лондане, б-ка Трыніты-каледжа ў г. Кембрыдж (1676—84).

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)