Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЛУТО́Н,

дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.​Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.​Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.

Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.​Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙10​3кг/м³, Харона 2,18 ∙10​3кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙10​22 кг. У 1999 Міжнар. астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 12, с. 436

ПЛУТО́Н у геалогіі,

самастойны вялікі інтрузіўны масіў магматычных парод у верхніх слаях зямной кары. Утвараецца пры застыванні магмы, якая пранікае з ніжніх частак зямной кары або з мантыі. Паводле памераў, формы і залягання ў зямной кары адрозніваюць баталіты, лакаліты, дайкі, лапаліты, пластавыя жылы і інш. Гл. таксама Інтрузія.

т. 12, с. 436

ПЛУТО́НІЙ (лац. Plutonium),

Pu, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 94, адносіцца да актыноідаў. Вядома 15 ізатопаў з масавымі лікамі 232—246; найб. устойлівы ​244 Pu (перыяд паўраспаду T1/2 7,5∙10​7 гадоў). У прыродзе трапляецца ў мізэрнай колькасці ва уранавых рудах ​239Pu (T1/2 2,41∙10​4 гадоў, α-выпраменьвальнік). Адкрыты ў 1940 Г.Т.Сібаргам з супрацоўнікамі; назва ад планеты Плутон.

Крохкі серабрыста-белы метал, tпл 640 °C, tкіп 3352 °C. Існуе ў 6 крышт. мадыфікацыях; ніжэй за 112 °C стабільная манаклінная α-фаза, шчыльн. 19860 кг/м³. Хімічна найб. актыўны з актыноідаў. Кампактны П. у паветры павольна акісляецца. Узаемадзейнічае з вадой, раствараецца ў салянай, артафосфарнай і хлорнай к-тах. Узаемадзейнічае пры награванні з галагенамі, вадародам, азотам, серай і інш. неметаламі; з многімі металамі ўтварае інтэрметаліды. Выкарыстоўваюць ​239Pu як паліва ў ядз. энергетыцы, пры вырабе ядз. зброі (крытычная маса метал. П. 5,6 кг), як сыравіну для вытв-сці трансплутоніевых элементаў; ​238Pu — для вырабу малагабарытных ядз. крыніц эл. току з працяглым тэрмінам службы. Высокатаксічны. ГДК у паветры рабочых памяшканняў для ​239Pu 3,3∙10​−5 Бк/л.

т. 12, с. 436

ПЛУЦІНО́К,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 5 км на Пн ад г. Браслаў, паміж азёрамі Струста, Войса і Балойса. У межах нац. парку Браслаўскія азёры. Пл. 0,23 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі 2,56 км. Пл. вадазбору 0,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы слабавыражаныя, часткова разараныя. Пойма шыр. 10—300 м. Берагі нізкія, пясчаныя, затарфаваныя, пад хмызняком, на Пн і ПнУ сплавінныя. Дно плоскае, да глыбіні 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае.

т. 12, с. 436

ПЛУ́ЧАК (Валянцін Мікалаевіч) (н. 4.9.1909, Масква),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1974). Скончыў акцёрскі (1929) і рэжысёрскі (1932) факультэты Дзярж. тэатр. эксперым. майстэрні пад кіраўніцтвам У.​Меерхольда. З 1929 акцёр у Т-ры імя Меерхольда. Адзін з заснавальнікаў Дзярж. тэатр. маскоўскай студыі (1940; з 1941 франтавы т-р).

З 1942 узначальваў Т-р Паўн. флоту, з 1945 Маскоўскі гастрольны т-р. З 1950 рэжысёр, у 1957—2000 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра Сатыры. Пастаноўкам характэрны публіцыстычная вастрыня, дынамічныя мажорныя вырашэнні, схільнасць да гіпербалы, сатыры і гратэску: «А ці быў Іван Іванавіч?» Назыма Хікмета, «Містэрыя-Буф» У.​Маякоўскага (абедзве 1957), «Цёркін на тым свеце» А.​Твардоўскага (1966), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1969), «Рэвізор» М.​Гогаля (1972), «Таблетку пад язык» А.​Макаёнка (1973), «Самазабойца» М.​Эрдмана (1981), «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1983) і інш. Аўтар кн. «На сцэне — Маякоўскі» (1962).

т. 12, с. 436

ПЛЫВУ́Н,

насычаныя вадой рыхлыя асадкавыя горныя пароды, якія пры ўскрыцці праяўляюць вял. рухомасць (плывучасць). Адрозніваюць П. сапраўдныя (пяскі, супескі, суглінкі і інш., якія змяшчаюць гідрафільныя калоіды) і несапраўдныя (пераважна пяскі без калоідных часцінак). Сапраўдныя П. набываюць плывучасць пры вельмі малых напорных градыентах і маюць устойлівыя плывучыя ўласцівасці. Несапраўдныя П. пераходзяць у плывучы стан пры значных напорных градыентах, лёгка аддаюць ваду, пасля чаго трацяць плывучасць. На Беларусі П. часта трапляюцца на Палессі сярод алювіяльных, азёрных і водналедавіковых надмарэнных адкладаў. З П. змагаюцца шляхам іх асушэння.

т. 12, с. 437

ПЛЫВУ́Н,

возера ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Вір (цячэ праз возера), за 10 км на ПдУ ад г. Бабруйск. Пл. 0,39 км², даўж. 4,7 км, найб. шыр. 130 м, даўж. берагавой лініі 10,2 км. Катлавіна — азёрападобнае расшырэнне рэчышча р. Вір. Берагі высокія, на Пн пад лесам і хмызняком. Злучана ракой з воз. Вяхава.

т. 12, с. 437

ПЛЫВУНЕ́Ц (Utricularia),

род кветкавых насякомаедных раслін сям. плывунцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 4 віды П.: звычайны (U. vulgaris), малы (U. minor), паўднёвы (U. australis), прамежкавы (U. intermedia). Трапляюцца ў старыцах, азёрах, забалочаных лясах, канавах, на балотах.

Шматгадовыя, травяністыя, наземныя, водныя, некат. эпіфітныя, бескаранёвыя расліны. На лісці размешчаны празрыстыя лоўчыя пухіркі — мяшочкападобныя ўздуцці з клапанамі, якія лёгка адкрываюцца толькі ўнутр (дробныя беспазваночныя, напр., дафніі, трапляюць разам з вадой і не могуць выйсці назад). Ферменты, што выдзяляюць сценкі пухірак, ператраўліваюць здабычу. Расліны растуць на бедных азоцістымі злучэннямі субстратах, таму іх недахоп папаўняецца за кошт жывёльнай ежы. Кветкі няправільныя, у рыхлай гронцы на верхавінцы кветаноса над вадой. Плод — каробачка.

Плывунец звычайны.

т. 12, с. 437

ПЛЫВУНЦЫ́ (Dytiscidae),

сямейства водных насякомых атр. цвердакрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Некат. віды знішчаюць лічынак камароў-крывасмокаў, інш. — малявак рыб. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. трапляюцца балацянік буры (Colymbetes fuscus), падводнік выразнакрапінкавы (Coelambus impessopunctatus), паласкун баразнаваты (Acilius sulcatus), П. аблямаваны (Dytiscus marginalis), ціннікі аблямаваны (Ilybius fuliginosus) і чорны (I. ater) і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 2 віды: П. найшырэйшы (D. latissimus) і глейнік невядомы (Rhantus incognitus).

Даўж. да 5 см. Цела авальнае, чорнае, інш. раз з жоўтымі плямамі або палосамі, верх крапінкавы або шчыгрынаваны. Галава шыр., вусікі 11-членікавыя, ніткападобныя. Брушка з 14 сегментаў. Заднія ногі доўгія, плавальныя, пярэднія кароткія, хапальныя. Дыхаюць паветрам, якое ўтрымліваюць пад надкрыламі. Драпежнікі. Развіццё з поўным ператварэннем. Акукліваюцца ў глебе паблізу вады.

С.​Л.​Максімава.

Плывунцы: 1 — плывунец аблямаваны; 2 — паласкун баразнаваты; 3 — ціннік чорны; 4 — глейнік невядомы; 5 — плывунец найшырэйшы (а — самец, б — самка).

т. 12, с. 437

ПЛЫВУ́ЧЫ КРАН,

прамысловы грузападымальны кран для работ на плаву. Устанаўліваецца на самаходным ці буксірным пантоне. Для перагрузачных работ выкарыстоўваюць паваротныя П.к. грузападымальнасцю да 25 т з вылетам стралы да 35 м; для перагрузкі суднаў (цяжкавагавікоў), выканання буд.-мантажных, суднабуд. і аварыйна-выратавальных работ — паваротныя краны грузападымальнасцю да 350 т (звычайна самаходныя) з вылетам стралы да 60 м. Непаваротныя П.к. маюць грузападымальнасць да 2,5 тыс. т, вылет стралы да 25 м; іх выкарыстоўваюць для падымання асабліва цяжкіх грузаў і правядзення спец. работ.

Плывучы кран.

т. 12, с. 437