Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІНТЭТЫ́ЧНЫХ ФАРБАВА́ЛЬНІКАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці па вырабе сінт. фарбавальнікаў і прамежкавых прадуктаў для іх вытв-сці. Узнікла ў 1856, калі У.​Г.​Перкін атрымаў мавеін (анілінавы фарбавальнік) і арганізаваў яго прамысл. вытв-сць. Першапачаткова наз. анілінафарбавай. Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Японіі, Вялікабрытаніі.

Асн. сыравіна для вытв-сці фарбавальнікаў — араматычныя вуглевадароды, што атрымліваюць з каменнага вугалю і нафты — бензол, талуол, ксілолы, нафталін, антрацэн і інш., таксама неарган. злучэнні — кіслоты, шчолачы, солі і інш. Сінт. фарбавальнікі выкарыстоўваюцца для розных матэрыялаў (бавоўны, лёну, хім. валокнаў, скуры, футра і інш.), а таксама ў кіна-, фотапрам-сці, медыцыне, аналітычнай хіміі, лазернай тэхніцы і інш.

В.​П.​Сідоранка.

т. 14, с. 405

СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ КРЫШТАЛІ́,

крышталі, якія вырошчваюцца штучна ў лабараторных і заводскіх умовах. Маюць такую ж атамную будову, што і прыродныя крышталі, часта больш дасканалыя за іх паводле сваіх уласцівасцей. Аб’ёмныя і танкаплёначныя С.к. вырошчваюцца з газавай фазы, з раствораў і расплаваў (гл. Крышталізацыя, Эпітаксія). У прамысл. маштабах атрымліваюць С.к. п’еза- і сегнетаэлектрыкаў, паўправаднікоў, аптычных матэрыялаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці падложак у запамінальных прыстасаваннях, матэрыялаў для сцынтыляцыйных лічыльнікаў, штучных каштоўных камянёў і інш. Гл. таксама Сінтэз мінералаў.

т. 14, с. 405

СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ МА́СЛЫ,

вадкія арган. ці элементаарган. прадукты (крэмнійарганічныя вадкасці, эфіры фосфарнай, адыпінавай і інш. к-т, паліалкіленгліколі). Хімічна інертныя да металаў, гумы, фарбы і інш., малавыпаральныя; працаздольныя пры т-рах ад -100 да 400 °C. Выкарыстоўваюць змазачныя матэрыялы (гл. Змазачнае масла), цепланосьбіты, кампаненты пластычных змазак.

т. 14, с. 405

СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,

мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца формамі слоў: афіксамі («чыта-ю», «з-рабіць», «мах-а-ць» — «мах-ну-ць»), унутр. флексіяй («з-бір-аць» — «са-бр-аць»), націскам («засыпаць» — «засыпаць»), суплетыўнымі формамі («я» — «мне»), а не службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй (як у аналітычных мовах). Да С.м. належаць бел., стараж.-грэч., лац., стараж.-слав., ням., літ. і інш. мовы. Сінтэтычныя спосабы часткова выкарыстоўваюць і аналітычныя мовы. Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.

Літ.:

Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 14, с. 405

СІНТЭТЫ́ЧНЫ ЎЛІК,

улік па ўзбуйненых эканамічных паказчыках у грашовым выражэнні, які паказвае дынаміку руху ўсіх аб’ектаў бухгалтарскага ўліку ў абагульненых вартасных паказчыках. Вядзецца ў разрэзе сінт. рахункаў бухгалтарскага ўліку, адзіны план якіх зацвярджаецца ў цэнтралізаваным парадку. Служыць для атрымання сумарных звестак аб гасп.-фін. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі. Дае магчымасць правяраць узаемасувязь усіх гасп. аперацый і шляхам зверкі сінт. і аналітычнага ўліку кантраляваць дасканаласць і правільнасць іх адлюстравання ва ўліку. С.ў. карыстаюцца пры складанні і праверцы справаздачнасці. На прадпрыемствах (аб’яднаннях) з дапамогай С.ў. вызначаюць агульную наяўнасць асн. сродкаў, сыравіны і матэрыялаў, затраты на вытв-сць, стан разлікаў з пастаўшчыкамі і г.д.; у фін.-крэдытных установах — кантралююць выкананне бюджэту і крэдытныя аперацыі.

т. 14, с. 405

СІНУ́ЗІЯ (ад грэч. synusia сумеснае знаходжанне, згуртаванне),

прасторава і экалагічна адасобленая ч. расл. згуртавання (фітацэнозу), якая складаецца з відаў раслін адной або некалькіх экалагічна блізкіх жыццёвых форм. Паняцце «С.» ўвёў ням. геабатанік Х.​Гамс (1918), які з батанікамі швед. Э.​Дзю Рые і эст. Т.​Ліпмаа распрацавалі т.зв. метад С., згодна з якім С. — зыходны аб’ект вывучэння расліннасці. С. адрозніваюцца ў марфал., фларыстычных, экалагічных і фітацэнатычных адносінах. У лясах умеранага пояса трапляюцца дзесяткі С., у т. л. ярусныя (дрэвы, кусты, кусцікі), эпіфітныя (лішайнікі, імхі, водарасці на ствалах), эпіфальныя (паразітычныя грыбы на лісці), эпіксільныя (грыбы на адмерлай драўніне), унутрыглебавыя (мікраарганізмы) і інш.

т. 14, с. 405

СІ́НУС,

адна з трыганаметрычных функцый. Абазначэнне sin. С. вострага вугла ў прамавугольным трохвугольніку — адносіны катэта, які ляжыць насупраць гэтага вугла, да гіпатэнузы.

т. 14, с. 406

СІ́НУС (лац. sinus выгін, пазуха, выпукласць) у анатоміі, паглыбленне, упадзіна, выпукленне, расшырэнне, доўгі замкнуты канал. Бываюць ва ўнутр. органах і запоўненыя крывёй (напр. С. селязёнкі, С. аорты, вянозны С.), у касцях чэрапа запоўненыя паветрам (напр., пазухі носа, лобныя пазухі).

т. 14, с. 406

СІНУСАІДА́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,

ваганні, пры якіх змены вагальнай велічыні адбываюцца па сінусоідзе (касінусоідзе); тое, што гарманічныя ваганні.

т. 14, с. 406

СІНУСАІДА́ЛЬНЫ ТОК,

перыядычны электрычны ток, які зменьваецца паводле сінусоіднага закону. Гл. Пераменны ток.

т. 14, с. 406