Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЛАНК ((Planck) Макс Карл Эрнст Людвіг) (23.4.1858, г. Кіль, Германія — 4.10.1947),

нямецкі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай тэорыі. Чл. Берлінскай АН (1894), Лонданскага каралеўскага т-ва (1926). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1926). Вучыўся ў Мюнхенскім (1874—77) і Берлінскім (1877—78) ун-тах. З 1880 у Мюнхенскім ун-це, праф. ун-таў у Кілі (з 1885) і Берліне (з 1889), адначасова сакратар Берлінскай АН (1912—43). Навук. працы па тэрмадынаміцы, тэорыі цеплавога выпрамянення, тэорыі адноснасці, электрамагнетызме, оптыцы, акустыцы, кінетычнай тэорыі газаў, гісторыі і метадалогіі фізікі. Выказаў меркаванне аб дыскрэтным характары энергетычных працэсаў у атамных асцылятарах, увёў паняцце квант энергіі і фундаментальную фіз. канстанту h (гл. Планка пастаянная). Устанавіў закон размеркавання энергіі ў спектры абс. чорнага цела (гл. Планка закон выпрамянення). Увёў паняцце «тэорыя адноснасці», вывеў рэлятывісцкае ўраўненне дынамікі, атрымаў формулы для энергіі і імпульсу электрона. Нобелеўская прэмія 1918.

Тв.:

Рус. пер. — Единство физической картины мира. М., 1966;

Избр. труды. М 1975.

Літ.:

Макс Планк, 1858—1958. М., 1958;

Кляус Е.М., Франкфурт У.И. Макс Планк, 1858—1947. М., 1980.

А.​І.​Болсун.

М.Планк.

т. 12, с. 407

ПЛА́НКА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, формула Планка,

закон размеркавання энергіі ў спектры раўнаважнага выпрамянення пры пэўнай т-ры; адзін з асн. законаў цеплавога выпрамянення. Тэарэтычна выведзены М.Планкам (1900) на аснове гіпотэзы квантавання энергіі выпрамянення.

Паводле П.З.В. выпрамяняльная здольнасць uv,T абсалютна чорнага цела ў залежнасці ад частаты ϴ і абс. т-ры T вызначаецца формулай u v,T = 2hv3 / c2 ∙ 1 / ( e hv / kT −1 ) , дзе h — Планка пастаянная, k — Больцмана пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме. Пры высокіх частотах (hv ≫ kT) з П.з.в. вынікае Віна закона выпрамянення, пры нізкіх частотах (hv ≪ kT) — Рэлея—Джынса закон выпрамянення, пасля інтэгравання па частотах ад 0 да ∞ атрымліваецца Стэфана—Больцмана закон выпрамянення. На аснове П.з.в. вызначаны фіз. пастаянныя h і k, распрацаваны метады вызначэння т-ры нагрэтых цел (напр., паверхняў Сонца і зорак), ім карыстаюцца пры разліках энергет. характарыстык крыніц святла. П.з.в. — асобны выпадак Бозе—Эйнштэйна размеркавання часціц з нулявой масай спакою (фатонаў), ён стаў адной з перадумоў стварэння квантавай механікі. Гл. таксама Кірхгофа закон выпрамянення.

т. 12, с. 408

ПЛА́НКА ПАСТАЯ́ННАЯ, квант дзеяння,

адна з фундаментальных фізічных пастаянных, якая ўваходзіць у законы квантавай фізікі. Уведзена М.Планкам (1900) пры выяўленні квантаванасці энергіі выпрамянення і ўстанаўленні закону размеркавання энергіі ў спектры выпрамянення абс. чорнага цела (гл. Планка закон выпрамянення). Найб. дакладнае значэнне П.п. атрымана на аснове Джозефсана эфекту. h = 6,626176(36)∙10​−34 Дж∙с. У тэарэт. разліках найчасцей выкарыстоўваецца прыведзеная П.п. h = h/2π = 1,0545887(57)∙10​−37 Дж∙с.

т. 12, с. 408

ПЛАНКТО́Н (ад грэч. planktos блукаючы),

сукупнасць дробных і мікраскапічных арганізмаў, якія насяляюць тоўшчу вады і пасіўна пераносяцца цячэннем. Выдзяляюць зоапланктон (жывёльныя арганізмы), фітапланктон (водарасці) і бактэрыяпланктон, або сапрапланктон (бактэрыі, водныя грыбы, дрожджы). Прэснаводны П. (да глыб. 70 м) складаецца з зялёных, сіне-зялёных і дыятомавых водарасцей, сапрафітных бактэрый, ніжэйшых грыбоў, інфузорый, калаўротак, ніжэйшых ракападобных. Марскі П. (пераважна да глыб. 700 м) — аднаклетачныя водарасці, бактэрыі, прасцейшыя, кішачнаполасцевыя, малюскі. ракападобныя, абалоннікі, лічынкі донных беспазваночных, ікра і маляўкі рыб. П. — асн. прадуцэнт арган. рэчыва ў вадаёмах (фітапланктон), мінералізуе адмерлыя рэшткі (сапрапланктон), ажыццяўляе біял. самаачышчэнне забруджаных вод, з’яўляецца кормам для беспазваночных, рыб, бяззубых кітоў і інш. Ракападобных марскога П. перапрацоўваюць у харч. і кармавыя прадукты, некат. віды П. культывуюць на корм рыбам і свойскай жывёле. Празмернае развіццё П. — т.зв. «цвіценне вады». Вывучае П. гідрабіялогія.

т. 12, с. 408

ПЛАНКТО́ННЫЯ ВО́ДАРАСЦІ,

тое, што фітапланктон.

т. 12, с. 408

ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets),

Анжуйская дынастыя, каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч. дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).

т. 12, с. 408

ПЛАНТА́Ж (франц. plantage ад лац. plantare высаджваць),

глыбокая апрацоўка глебы спец. плугамі, на глыб. 50—70 (да 100) см пад гадавальнікі, вінаграднікі, сады, лесапасадкі. Паляпшае якасць глебы, спрыяе развіццю каранёў. Каб пазбегнуць вынасу на паверхню малаўрадлівага ніжняга пласта глебы, на плантажныя плугі ставяць дадатковыя рабочыя органы — перадплужнікі, выразныя адвалы, глебапаглыбнікі і інш.; адначасова ўносяць арган. і мінер. ўгнаенні, вапну ці гіпс.

Л.​В.​Круглоў.

т. 12, с. 408

ПЛАНТА́ЦЫЯ (ад лац. plantatio пасадка раслін),

1) вялікі ўчастак зямлі, заняты пад с.-г. культуру, якая мае прамысл. ці гандл. значэнне, напр., чайная П.

2) Буйная земляробчая гаспадарка, якая спецыялізуецца на вырошчванні якой-н. культуры.

т. 12, с. 408

ПЛАНТЭ́Н (Plantin, Plantijn) Крыстаф (каля 1514, Сент-Авертэн, каля г. Тур, Францыя — 1.7.1589), нідэрландскі выдавец-друкар. Вывучаў пераплётную і друкарскую справу ў Францыі. У 1549 у Антверпене (Бельгія) адкрыў пераплётную майстэрню, у 1555 — друкарню (існавала да 1865, з 1877 музей) і філіялы друкарні ў Парыжы і Лейдэне. За 34 гады выдавецкай дзейнасці фірма Плантэнаў «Афіцына Плантыніяна» выдала на высокім паліграф. і маст. узроўні больш за 1600 назваў кніг на розных мовах з гравюрамі на медзі — навук. працы па анатоміі, батаніцы, геаграфіі і гісторыі, творы ант. аўтараў з каментарыямі вучоных, літургічную і тэалагічную л-ру, у т. л. «Каралеўскую Біблію — Біблію паліглота» (т. 1—8, 1569—73) на 4 мовах, кішэнныя выданні, каталогі сваіх кніг.

т. 12, с. 408

ПЛА́НУЛА (новалац. planula ад лац. planus плоскі),

адна з лічынкавых стадый развіцця кішачнаполасцевых. Развіваецца з яйца. Плавае ў тоўшчы вады, потым прымацоўваецца да субстрату (дно і інш.) і пераходзіць у наступную стадыю развіцця — паліп.

Цела авальнае, падоўжанае або чэрвепадобнае; складаецца з 2 слаёў. Вонкавы (эпітэліяльны) слой — эктадэрма — мае жгуцікавыя клеткі, сярод якіх размешчаны эпітэліяльна-мускульныя, нерв. і жыгучыя клеткі. Унутр. слой — энтадэрма — утварае замкнутую поласць кішкі.

т. 12, с. 408